Яноты заклікаюць сартаваць. Ляхавіцкая ЖКГ шукае і знаходзіць новыя падыходы ў арганізацыі збору другаснай сыравіны

Адзін з трох афіцыйных на Ляхавіччыне аператараў па зборы другаснай сыравіны – КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» – пастаянна шукае і знаходзіць новыя падыходы ў арганізацыі гэтага накірунку работы. Актыўная растлумачальная дзейнасць сярод насельніцтва, інфармаванне пра ўмовы і месцы прыёму, прапановы здаваць другасную сыравіну ў кошт запазычанасці за жыллёва-камунальныя паслугі…
З нядаўняга часу павышаную ўвагу ляхавічан прыцягвае адна са сцен будынка каля пункта прыёму другаснай сыравіны па вуліцы Чкалава ў райцэнтры: на ёй выявы трох янотаў – сімвалаў паасобнага збору другаснай сыравіны. Яшчэ ў 2017 годзе ў Беларусі пачалася рэкламная кампанія, што прапагандуе паасобны збор смецця. Яе ініцыятар – рух «Мэта-99», які ставіць сваёй мэтай навучыць і навучыцца сартаваць 99 працэнтаў адходаў.
– Прыцягнуць увагу людзей да экалогіі, неабходнасці здаваць другасную сыравіну, сартаваць яе, нагадаць, што гэта наш клопат, а не янота – асноўная мэта такога «мастацтва». Месца таксама выбрана невыпадкова: побач знаходзяцца цэх па перапрацоўцы сыравіны, пункт прыёму. Рады, што землякі з інтарэсам успрынялі такі падыход да важнай тэмы, – расказвае начальнік участка добраўпарадкавання Ляхавіцкай ЖКГ Уладзімір Несцяровіч.
А аўтарам графіці стаў камандзір аддзялення ПАВП-14 РАНС Аляксандр Заплёцін (на здымку), які мае цывільную спецыяльнасць «мастак-афарміцель». Для яго гэта дэбютная работа ў такім амплуа.
Гэта не першая спроба камунгаса па-мастацку ўпрыгожыць свае аб’екты. Напэўна, многія ўжо неаднойчы любаваліся яркімі жоўтымі сланечнікамі на трансфарматарных падстанцыях на ўездзе ў Ляхавічы перад вуліцай Першамайскай і на аб’язной дарозе Баранавічы–Ляхавічы.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.