Помніць, каб жыць. Гісторыка-патрыятычная акцыя прайшла на Кургане Славы ў Ляхавіцкім раёне

Сёння, у мірным чэрвені 2021 года, лясную цішыню вакол Кургана вечнай Славы дапаўняюць птушыныя трэлі і гаючае паветра. А між тым, кожны метр гэтай гераічнай ляхавіцкай зямлі ў літаральным сэнсе паліты крывёю.

Менавіта тут у чэрвені   1941 года магутнай гітлераўскай ардзе, якая заваявала амаль усю Еўропу, далі адпор байцы Чырвонай Арміі. Для многіх тыя баі сталі апошнімі, загінулыя знайшлі тут свой апошні
прытулак. Як даніна памяці героям векапомных падзей лета 1941 года ўзвышаецца над дарогай Курган Славы. Манумент удзячныя нашчадкі ўзвялі ў 1967 годзе.
У мірны час ля Кургана Славы праводзяцца ўрачыстасці, прымеркаваныя да Вялікай Перамогі. А сёлета да сумнай даты – 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны – недалёка ад свяшчэннага месца прайшла гісторыка-патрыятычная акцыя «Нашу памяць не сатруць гады». З 21 па 23 чэрвеня каля паўсотні юнакоў і дзяўчат – кадэты Брэсцкага і Мінскага абласных кадэцкіх вучылішчаў, навучэнцы Ляхавіцкай гімназіі, ваеннаслужачыя воінскіх фар-
міраванняў Баранавіцкага гарнізона, педагогі і выкладчыкі – разбілі тут палатачны лагер, каб ушанаваць памяць і сказаць дзякуй людзям, якія адстаялі свабоду і незалежнасць.
– Мы даўно і плённа супрацоўнічаем і сябруем з Брэсцкім кадэцкім вучылішчам. Да пандэміі даволі часта арганізоўвалі такога кшталту мерапрыемствы. Бязмежна рады сустрэцца сёлета. Удзячны кіраўніцтву Ляхавіцкага райвыканкама за магчымасць правесці акцыю менавіта на гэтым месцы, дзе ў чэрвені 1941 года ішлі цяжкія баі. Неабходна прыкласці ўсе намаганні, каб падрастаючае пакаленне больш актыўна ўключалася ў патрыятычнае выхаванне і грамадскае жыццё, ашчадна ставілася да захавання гістарычнай памяці. Спадзяёмся, што многія з кадэтаў выберуць прафесію Радзіму абараняць, стаяць на варце правоў землякоў – будуць не толькі ваеннымі, але і міліцыянерамі, выратавальнікамі, – адзначае дырэктар ДУА «Мінскае абласное кадэцкае вучылішча» Сяргей Мяцельскі.
– Важна, каб рабяты цікавіліся гісторыяй сваёй краіны, свайго народа, каб з інтарэсам звярталіся да тэмы Вялікай Айчыннай вайны. Нашы гімназісты актыўныя ва ўсім. З інтарэсам адгукнуліся на прапанову паўдзельнічаць у такой акцыі, – гаворыць настаўнік гімназіі Віктар Яварчук.
Трохдзённая праграма патрыятычна-турыстычнага злёту стала даволі насычанай. Дружна разбівалі палатачны лагер, паспелі пазнаёміцца, пасябраваць, рабяты спявалі разам ля кастра дружбы ваенна-патрыятычныя песні.
– Ведаю пра вайну па кніжках і фільмах. Мяне цікавіць гэта тэма, таму нямала інфармацыі знаходжу ў інтэрнэце. Колькі гора яна прынесла людзям!
І невядома, што было б з нашай краінай, калі б савецкі народ не выстаяў супраць фашызму, не перамог яго. І абавязак пакаленняў, якія жывуць у міры, –  зберагчы памяць пра мужных салдатаў-вызваліцеляў, перадаваць яе з пакалення ў пакаленне, – гаворыць кадэт абласнога кадэцкага вучылішча Варвара Грыгор’ева.
– Напэўна, будзе здорава і цікава, падумаў я. Мне падабаецца такім чынам праводзіць вольны час – цікава, захапляльна і змястоўна. Побач не толькі рабяты, якіх ведаю даўно, але і шмат новых знаёмых. А яшчэ мне цікава пачуць расказы пра падзеі, што адбываліся на Ляхавіччыне ў гады вайны – гэта гісторыя маёй краіны, – расказвае гімназіст Павел Саўчык.
Гэтыя эмоцыі перадаць словамі немагчыма. Роўна ў чатыры гадзіны раніцы,  22 чэрвеня, роўна праз 80 гадоў пасля нападу фашысцкай Германіі на Савецкі Саюз на  Кургане пачаўся мітынг-рэквіем.
– Вельмі ўзрушана, мы ўсе хваляваліся. Я з інтарэсам удзельнічаю ў разнастайных мерапрыемствах, якія ладзяцца да Дня Перамогі.
Але сённяшняе асаблівае. Вайна – гэта вельмі і вельмі страшна. Нельга дапусціць, каб яна паўтарылася. Трэба жыць у міры, – упэўнена гімназістка Анастасія Шкут.
Запамінальным стаў канцэрт «Беларусь памятае», не засталося абыякавых пасля прагляду мастацкіх фільмаў пра вайну. Захапляльна, азартна прайшлі спартыўныя і турыстычныя конкурсы, ваенна-прыкладныя эстафеты, калі рабяты з розных устаноў аб’ядналіся ў некалькі каманд, каб прадэманстраваць спрыт, сілу, вытрымку і ўзаемадапамогу.

У Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны ляхавічане далучыліся да Усебеларускай мінуты маўчання. Кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў прыехалі на Курган вечнай Славы, каб разам з кадэтамі, гімназістамі, ваеннаслужачымі, якія праводзілі тут трохдзённую гісторыка-патрыятычную акцыю, ушанаваць памяць герояў і ахвяр вайны.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.