На варце пільнае вока фотапасткі. У Ляхавіцкім раёне мужчына выкінуў смецце ў лясны масіў. Парушальніку давядзецца заплаціць штраф

Работнікі лясгаса клапоцяцца пра чысціню, здароўе і аднаўленне лесу, добраўпарадкуюць зоны адпачынку і прыдарожныя палосы каля сваёй тэрыторыі. На жаль, іншы раз, работы, якой і так нямала, істотна дадаюць нядобрасумленныя грамадзяне: пакідаюць пасля сябе ў лесе смецце, рэшткі пікнікоў, мэтанакіравана вывозяць і выкідваюць у зялёную зону непатрэбныя рэчы. Выяўляць такіх парушальнікаў прыродаахоўнага заканадаўства дапамагаюць фотапасткі. Як паведамілі ў аддзеле аховы і абароны лясгаса, толькі сёлета ў іх аб’ектыў трапілі пяць аматараў насмеціць. Так,  26 ліпеня ў квартале 14 Ляхавіцкага лясніцтва мужчына выкінуў смецце ў лясны масіў. Напэўна, ён нават і не заўважыў, што такі дрэнны ўчынак адразу быў зафіксаваны фотапасткай (на здымку).


Каб вылічыць парушальніка, шмат часу не спатрэбілася. Усе матэрыялы былі накіраваны ў Ляхавіцкі РАУС. Грамадзянін прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 16.22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях. Парушальніку давядзецца заплаціць штраф. Кожны, хто спрабуе парушаць прыродаахоўнае заканадаўства, павінен ведаць:  за ім сочыць пільнае вока фотапасткі.
Галіна КАНЬКО.