Быць здаровым, спартыўным – гэта здорава! Падведзены вынікі работы фізкультурна-спартыўнай галіны Ляхавіцкага раёна

Сёння быць здаровым – модна. Правільныя адносіны да сябе, уласнага здароўя, да прыроды і людзей, што нас акружаюць, любоў да спорту, адсутнасць шкодных звычак стаяць у аснове здаровага ладу жыцця. У нашым раёне падрыхтоўку спартыўнага рэзерву ажыццяўляе дзяржаўная вучэбна-спартыўная ўстанова «Спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву Ляхавіцкага раёна».

Свой алімпійскі тытул установа пацвердзіла ў 2021 годзе – па выніках атэстацыі, дзякуючы паспяховаму выступленню выхаванца аддзялення дзюдо Уладзіслава Цярпіцкага на камандным чэмпіянаце Еўропы. 
Ва ўстанове культывуюцца чатыры віды спорту: лёгкая атлетыка, дзюдо, гандбол, футбол. Па стане на пачатак бягучага года, навучэнцамі СДЮШАР з’яўляліся 394 чалавекі – гэта амаль 20 працэнтаў ад усёй колькасці вучняў агульнаадукацыйных устаноў горада і Ляхавіцкага раёна. 
Штогадова спартсмены-навучэнцы праходзяць аздараўленне ў спартыўным лагеры дзённага і кругласутачнага знаходжання. У 2021 годзе аздараўленне прайшлі 220 спартсменаў-навучэнцаў, што складае 48, 6 працэнта ад іх агульнай колькасці. 
На працягу 2021 года ў СДЮШАР раёна былі падрыхтаваны адзін кандыдат у майстры спорту –  Аляксандра Байрашэўская – і восем першаразраднікаў – Дзіяна Уласень, Раман Бацкалевіч, Аліна Байрашэўская, Аляксей Грыкель, Максім Кажан, Арцём Туровіч, Ульяна Шчарбакова, Аляксандра Байрашэўская. 137 спартсменаў выканалі масавыя разрады. 
На абласных афіцыйных спаборніцтвах заваявана 62 медалі, 19 з якіх залатыя, на рэспубліканскіх – 15, у тым ліку пяць залатых. 
У нацыянальную і зборную каманды Рэспублікі Беларусь у 2021 годзе ўваходзілі прадстаўнікі ўсіх аддзяленняў СДЮШАР:
дзюдо – Уладзіслаў Цярпіцкі, футбол – Анастасія Пабягайла, лёгкая атлетыка – Таццяна Смірнова, гандбол – Ірына Шынкарук.
У вышэйшае звяно падрыхтоўкі ў 2021 годзе перададзена чатыры спартсмены-навучэнцы аддзяленняў дзюдо і лёгкай атлетыкі: Аляксандра Байрашэўская, Эмілія Ксёнжык, Ягор Астроўскі, Міхаіл Гатоўчыц.
На падставе палажэння аб аглядзе-конкурсе «Лепшы спартсмен года» за высокія паказаныя вынікі на рэспубліканскіх і абласных спаборніцтвах у 2021 годзе дзясятку лепшых спартсменаў Ляхавіцкага раёна склалі дзюдаісты Аляксандра Байрашэўская, Аляксандра Шчарбакова, Мікіта Пінчук, Эмілія Ксёнжык, Кацярына Ракуць, Дзіяна Уласень, Аліна Байрашэўская, лёгкаатлеты Максім Болтуць, Цімур Плеўскі, Радзівон Бут. Тытул  лепшага трэнера па выніках   2021 года атрымаў трэнер-выкладчык СДЮШАР па дзюдо Віктар Мікалаевіч Богуш. Дарэчы, гэты тытул ён атрымлівае ўжо на працягу некалькіх гадоў запар.
Установа ганарыцца сваімі спартсменамі-выхаванцамі. Майстар спорту міжнароднага класа Уладзіслаў Цярпіцкі ў 2021 годзе на камандным чэмпіянаце Еўропы па дзюдо, які праходзіў у горадзе Уфа, заняў пятае месца. На чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь ён быў другім. Кацярына Мацулевіч з’яўляецца майстрам спорту па дзюдо. У 2021 годзе на чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь яна заваявала трэцяе месца. Званне майстра спорту носіць і гандбалістка Ірына Шынкарук, якая ўваходзіць у склад ганбольнага клуба «Вікторыя-Бярэсце» з горада Брэста. У спаборніцтвах жаночай Суперлігі Беларусі Парыматч у сезоне 2021-2022 гадоў каманда знаходзіцца на трэцім месцы. Кандыдат у майстры спорту Таццяна Смірнова ў 2021 годзе на чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы стала прызёрам, заваяваўшы другое месца. Кандыдат у майстры спорту Анастасія Пабягайла выступае за футбольны клуб вышэйшай жаночай лігі «Мінск». На чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь 2021 года каманда клуба заняла другое месца. Лёгкаатлет Данііл Вінель на рэспубліканскіх Алімпійскіх днях моладзі 2021 года стаў трэцім у штурханні ядра. Анікей Мацвей, кандыдат у майстры спорту па дзюдо, на Алімпійскіх днях моладзі Рэспублікі Беларусь падняўся на трэцюю прыступку п’едэстала.
З мэтай павышэння эфектыўнасці вучэбна-трэніровачных заняткаў, паляпшэння выніковасці выступленняў спартсменаў-навучэнцаў, правядзення на больш высокім узроўні спартыўна-масавай работы з насельніцтвам спартыўная база Ляхавіцкага раёна штогадова абнаўляецца. Летась была праведзена замена штучнага пакрыцця на шматфункцыянальнай спартыўнай пляцоўцы стадыёна «Колас», падрыхтавана ўся неабходная дакументацыя для мадэрнізацыі бегавых дарожак. Практычная рэалізацыя данага праекта запланавана на другі квартал бягучага года.
Спорт – гэта біццё нашага сэрца, наша дыханне, наш рытм жыцця. Увесь наш калектыў зладжана, натхнёна працуе дзеля выхавання новага пакалення спартсменаў, якія ў будучым змогуць праславіць нашу Ляхавіччыну і нашу краіну.

Валянціна РУСАКЕВІЧ, дырэктар СДЮШАР Ляхавіцкага раёна.