Гартаем старонкі гісторыі. Пра ўсё і не раскажаш, таму прыгадаем літаральна некалькі фактаў, падзей, якія сталі неад’емнай часткай нашай гісторыі – гісторыі эпохі пад назвай БССР
Беларусь адзначае адметную дату, прыгожы юбілей. У першы дзень 2019-га споўніцца роўна стагоддзе з дня ўтварэння БССР.
Гэтая абрэвіятура знікла з геаграфічных карт на пачатку дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя, але назаўсёды засталася ў нашай гісторыі, у нашай памяці, у сямейных фотаальбомах і на пажаўцелых аркушах газетных архіваў.
Многія з нас родам менавіта з той краіны: і ўбеленыя сівізной ветэраны вайны, і нашы дарадцы – ветэраны працы, чые вопыт і мудрая парада і сёння запатрабаваны, і тыя, хто даўно і сумленна шчыруе ў розных галінах народнай гаспадаркі, і нават тыя, у каго прыгожыя 30 яшчэ толькі на гарызонце… Усе мы напісалі сваю старонку ў гісторыі БССР. І вельмі ганарова, што сярод нашых землякоў былі і ёсць такія, чыя старонка – асабліва адметная і дастойная пераймання. Ляхавічане і ўраджэнцы раёна за самаадданую працу адзначаліся ў тым ліку высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі і званнямі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Прыгадаць усіх – не хопіць газетнага нумара. На жаль, многія ўжо не з намі. Але мы вельмі рады, што і сёння маем магчымасць выказаць сваю ўдзячнасць Героям Сацыялістычнай Працы Генрыху Траццяку і Антаніне Прытульчык, заслужаным настаўнікам БССР Леанідзе Рачкоўскай і Алене Таранда, заслужанаму работніку сельскай гаспадаркі БССР Таццяне Папко, заслужанаму трэнеру БССР Андрэю Куркачу, выдатніку аховы здароўя БССР Яраславу Лойчыцу. Даруйце, калі чыёсьці прозвішча ў гэтым спісе не прагучала…
Напярэдадні важкага юбілею – нашы віншаванні і крыху ўспамінаў.
✓ 30 снежня 1918 года ў Смаленску пачала работу VI Паўночна-Заходняя абласная канферэнцыя РКП(б), якая абвясціла сябе І з’ездам Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі. Дэлегаты аднагалосна падтрымалі прапанову «аб’явіць Заходнюю камуну самастойнай Сацыялістычнай Савецкай Беларускай Рэспублікай».
1 снежня быў канчаткова сфарміраваны Часовы рабоча-сялянскі ўрад Беларусі на чале са Зміцерам Жылуновічам.
✓ Першы канстытуцыйны акт Беларускай ССР – Маніфест Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусіі, абнародаваны 1 сту-дзеня 1919 года. Ён абвясціў Беларусь «свабоднай незалежнай Сацыялістычнай Рэспублікай».
✓ 5 студзеня 1919 года ўрад БССР пераехаў са Смаленска ў Мінск, які быў аб’яўлены сталіцай Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.
✓ 30 снежня 1922 года прыняты Дагавор аб утварэнні Саюза Савецкіх Сацыяліс-тычных Рэспублік, у які ўвайшлі РСФСР, Украіна, БССР і Закаўказская федэрацыя (Грузія, Азербайджан, Арменія).
✓ У маі 1929 года ІХ Усебеларускі з’езд Саветаў зацвердзіў першы пяцігадовы план развіцця народнай гаспадаркі і культуры БССР, распрацаваны на аснове агульнасаюзнага плана. Былі вызначаны асноўныя задачы: фарсіраваныя тэмпы індустрыялізацыі БССР, павышэнне ўдзельнай вагі прамысловасці ў народнай гаспадарцы і, як следства, пад’ём эканомікі і культуры, павышэнне жыццёвага ўзроўню народа.
За першую «пяцігодку» ў строй былі ўведзены 78 буйных і 480 сярэдніх і дробных новых прадпрыемстваў. Адной з самых значных новабудоўляў стаў завод сельскагаспадарчага машынабудавання ў Гомелі («Гомсельмаш»), які вырабляў сіласарэзкі, бульба- і сенасартавальныя машыны,малацілкі, сенакасілкі і іншую сельгастэхніку для патрэб усяго СССР.
Дзякуючы актыўнаму росту пра-мысловасці ўжо ў 1931 годзе аб’ём яе прадукцыі пераўзышоў аб’ём валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі. З аграрнай краіны БССР ператварылася ў індустрыяльна-аграрную. З’явіліся новыя галіны прамысловасці, адбылося станаўленне вялікай энергетыкі, пачала фарміравацца сетка чыгуначнага, аўтамабільнага і рачнога транспарту.
✓ Важнай вяхой у гісторыі краіны стала ўз’яднанне восенню 1939 года Заходняй Беларусі, што знаходзілася пад прыгнётам панскай Польшчы, і БССР.
Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны рэспубліка займала важнае месца ва ўсесаюзнай вытворчасці. Тут выпускалася больш як трэць усёй фанеры, што выраблялася ў СССР, больш як чвэрць – запалак і дражджэй, дзясятая частка металаапрацоўчых станкоў і торфу. Па вытворчасці шарсцяной тканіны БССР займала другое месца ў Савецкім Саюзе.
✓ Адна з самых трагічных і гераічных старонак у біяграфіі беларускага народа – ваенная. З першых дзён Вялікай Айчыннай рэспубліка стала арэнай жорсткага супрацьстаяння нямецкіх войскаў і Чырвонай Арміі. Першымі ўдар ворага прынялі пагранічнікі. Подзвіг герояў Брэсцкай крэпасці назаўсёды ўвайшоў у гісторыю. Гарнізон, на знішчэнне якога фашысты планавалі адвесці 30 хвілін, больш за два тыдні стрымліваў ворага, чые сілы шматразова пераўзыходзілі абаронцаў крэпасці і па колькасці, і па тэхузбраенні.
На франтах Вялікай Айчыннай вайны змагалася больш за 1,3 мільёна беларусаў. А партызанскі рух і беларускае падполле не далі спраўдзіцца планам нямецкага камандавання, згодна якіх беларускія землі павінны былі стаць надзейным тылам гітлераўскай арміі, а потым – і калоніяй Германіі.
БССР, якая перажыла ўсе жахі акупацыі, унесла вялікі ўклад у разгром фашызму. Перамога дасталася Беларусі вельмі дарагой цаной: краіна страціла кожнага трэцяга.
✓ Пасля Вялікай Перамогі ў 1945 годзе БССР сярод іншых дзяржаў стала адной з заснавальніц ААН, разам з дэлегацыяй СССР выступала за ўмацаванне міжнароднай бяспекі, забеспячэнне мірнага развіцця для ўсіх краін.
✓ Пасляваенны час быў цяжкім. Тым, хто перажыў акупацыю, вярнуўся з фронту, з эвакуацыі, давялося аднаўляць з руін гарады (з 270 было разбурана 209), вёскі (9200 з якіх фашысты знішчылі), прадпрыемствы (краіна страціла 85 працэнтаў даваенных фабрык і заводаў – больш за 10000). Толькі ў 1949 годзе завяршылася перасяленне людзей з зямлянак у добраўпарадкаваныя дамы.
✓ Пасля вайны давялося аднаўляць і сістэму народнай адукацыі. Важным новаўвядзеннем стаў пераход да ўсеагульнай абавязковай сямігадовай адукацыі. Аднавілі работу даваенныя ВНУ, адкрыліся новыя, у тым ліку Брэсцкі педагагічны і Гродзенскі сельска- гаспадарчы інстытуты.
За 1965-1985 гады колькасць навуковых устаноў вырасла з 76 да 167, галоўнай з іх па-ранейшаму заставалася Акадэмія навук БССР. Па шэрагу накірункаў беларускія навукоўцы займалі лідзіруючыя пазіцыі ў СССР (напрыклад, у парашковай металургіі, тэхнічнай кібернетыцы, фізіцы атамных рэак-тараў).
✓ Пераадолеўшы цяжкасці ваеннага аднаўлення, БССР стала эканамічна і культурна развітай рэспублікай у складзе СССР. У гэты перыяд быў закладзены трывалы фундамент беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці, што вытрымаў выпрабаванне часам, стварыў надзейную аснову будаўніцтва суверэннай Беларусі.
✓ Пасля распаду СССР Беларусі давялося доўга пераадольваць крызіс эканомікі. У снежні 1991 года маладая рэспубліка, якая раней была «зборачным цэхам» Саюза, сутыкнулася з мноствам цяжкасцяў, выкліканым разрывам ранейшых эканамічных сувязяў паміж саюзнымі краінамі.
Першыя выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь адбыліся 10 ліпеня 1994 года. У выніку з шасці кандыдатаў пераможцам стаў дэпутат Аляксандр Лукашэнка.
У 1994 годзе была зацверджана праграма неадкладных мер па выхадзе эканомікі краіны з крызісу. У другой палове дзевяностых урад адмовіўся ад палітыкі «шокавай тэрапіі» і перайшоў да стварэння беларускай мадэлі сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі.
Менш чым за тры дзесяцігоддзі суверэннай гісторыі Рэспубліка Беларусь стала краінай, што дынамічна развіваецца і актыўна прадстаўляе свае інтарэсы на міжнароднай арэне.
Па матэрыялах БЕЛТА.