Інфармацыйная прастора павінна быць бяспечнай
Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі вынесена на абмеркаванне Савета бяспекі Беларусі. Дакумент распрацоўваўся ў планавым парадку па даручэнні Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі з улікам асаблівасцей і няпростых тэндэнцый абстаноўкі.
«Неабходна эфектыўная дзейнасць дзяржавы па забеспячэнні інфармацыйнай бяспекі. Яна павінна абапірацца на разумна выбудаваную прававую аснову і адзінае разуменне стратэгічных мэт і агульных задач», – заявіў Прэзідэнт.
У ліку абазначаных практычных мер і аспектаў, звязаных з забеспячэннем інфармацыйнай бяспекі, Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным больш уважліва падыходзіць да абароны галоўных канстытуцыйных асноў грамадства, перш за ўсё звязаных з дзяржаўным суверэнітэтам. «Мы бачым, як інфармацыйнымі патокамі размываецца нацыянальны менталітэт, самабытнасць краін і народаў. Істотна змяняюцца сацыяльныя сувязі чалавека, стыль мыслення, спосабы ўзаемадзеяння, успрыманне рэчаіснасці. Усяму гэтаму варта проціпаставіць прынцыпы гуманізму і справядлівасці, прыярытэты моцных сямейных адносін і здаровага ладу жыцця», – сказаў Кіраўнік дзяржавы.
У цэлым Прэзідэнт адзначыў, што цяпер інфармацыйная сфера набывае ключавое значэнне для любой дзяржавы і кожнага чалавека. Павышаюцца ўсебаковыя інтарэсы людзей, узрастае значэнне камунікацыйных тэхналогій. Беларусь дынамічна рухаецца наперад у фарміраванні інфармацыйнага грамадства, аб чым сведчаць сусветныя рэйтынгі, у якіх краіна знаходзіцца на высокіх пазіцыях.
«У краіне няўхільна павялічваецца колькасць электронных рэсурсаў і камунікацый. У бліжэйшыя дзесяцігоддзі большасць галін будуць пераарыентаваны на новыя лічбавыя эканамічныя мадэлі.
Дзяржава, безумоўна, зацікаўлена ў тым, каб людзі атрым-лівалі максімальна поўную і дакладную інфармацыю. Мелі магчымасць абараніць свае асабістыя правы ў медыяпрасторы і ў цэлым павышалі камфортнасць жыцця за кошт найноўшых дасягненняў», – заявіў беларускі лідар.
Нараўне з гэтым Беларусь, як і ўсе краіны, не можа ігнараваць прынцыпова новыя рызыкі, звязаныя з інфарматызацыяй. «Прычым нарастанне ў свеце канфліктнасці і адсутнасць у гэтай сферы дакладных правіл паводзін ператвараюць гэтыя рызыкі ў рэальныя пагрозы канстытуцыйным асновам і ўсебаковаму развіццю любой дзяржавы», – заўважыў Прэзідэнт.
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, выклікае неспакой нарошчванне дэструктыўных уздзеянняў на грамадства, маніпуляванне масавай свядомасцю, распаўсюджванне недакладнай інфармацыі. «Менавіта з іх пачынаюцца сацыяльныя катаклізмы сучаснасці. У выніку церпяць мільёны людзей, мяняецца палітычная карта свету. Адыходзяць на другі план агульнапрынятыя нормы маралі і духоўнасці. Жыццядзейнасць любой дзяржавы становіцца ўсё больш слабаабароненай ад камп’ютарных інцыдэнтаў», – падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што важнае значэнне для ўстойлівага развіцця краіны мае бяспечнае функцыянаванне сеткавай інфраструктуры. «Мы не рэкламуем шырока нашу дзейнасць па забеспячэнні так званай кібербяспекі. Аднак яна праводзіцца далёка не першы год і арганічна інтэгравана ў адпаведныя міжнародныя службы», – дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што сферу ўплыву айчынных сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі трэба пашырыць, прымаць меры па павышэнні аб’ёму, разнастайнасці і якасці нацыянальнага вяшчання, даверу насельніцтва да афіцыйных масмедыя. Трэба таксама прапрацаваць пытанне сістэмнага кантролю за распаўсюджваннем незаконнай інфармацыі.
У інфармацыйнай сферы павінен быць парадак, але ніхто нікому не павінен закрываць рот, заявіў Прэзідэнт: «Займацца пустатой не трэба – накшталт забараняць людзям выказваць сваё меркаванне. Але калі гэта меркаванне выдуманае, надуманае, калі гэта навіна, звязаная з якім-небудзь меркаваннем, фэйкавая, выкажыце сваю пазіцыю. Паверце, праўда заўсёды пераможа». Ён дадаў, што ў інфармацыйнай прасторы павінна быць зручна і бяспечна ўсім, а не асобным людзям, якія атрымліваюць выгаду за кошт інтарэсаў іншых.
Прэзідэнт заклікаў да актыўных дзеянняў кожнага на сваім участку адказнасці, падкрэсліўшы, што большая частка недапрацовак па тых ці іншых напрамках абумоўлены лянотай, бяздзейнасцю і адсутнасцю дысцыпліны.
Акрамя таго, Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на стане спраў у эканоміцы. «Будзе эканоміка – будзе ўсё: і бяспека, і кібербяспека, і ў СМІ будзе бяспека. Калі не будзе эканомікі, ніякая інфармацыйная бяспека, канцэпцыі, законы, драконаўскія метады, палачная дысцыпліна не дапамогуць. У якім выпадку не будзе ў нас эканомікі, мы таксама ведаем. І гэта, на жаль, таксама завязана на дысцыпліну і выканаўчасць», – падкрэсліў беларускі лідар.
Па матэрыялах БЕЛТА.
Фота БЕЛТА.