Залатая гадзіна для Улада. Чарговая серыя моднага прыгавору «ЛВ»здымалася ў начаўскіх каардынатах
Чарговая серыя нашага моднага прыгавору здымалася ў начаўскіх каардынатах. Дакладней, фотазона для «Подыума «ЛВ» на гэты раз разгарнулася ў мехмайстэрні ДП «Нача». Час для фотасесіі выбралі самы зручны для нашага героя (з 8 да 9 перад паездкай па чарговым маршруце) і, як кажуць у асяроддзі фотапрафесіяналаў, трапілі прама ў залатую гадзіну (калі сонца пачынае ўзыходзіць, ствараецца лепшае святло для здымка). Дарэчы, калі карэспандэнт «ЛВ» патэлефанавала кіраўніку ДП «Нача» Мікалаю Тарлюку наконт кандыдатуры на «Подыум», ён адказаў, што ў іх гаспадарцы ўсе вартыя. Але на гэты раз выбар выпаў на нашага героя.
Знаёмцеся: механізатар Уладзіслаў Купрыш. Раніцай яго можна застаць ля трактара часцей за ўсё з гаечным ключом ці з іншым інструментам, неабходным для рамонту. Першыя 60 хвілін перад выездам па маршруце абавязкова трэба прысвяціць клопату аб тэхніцы – пасля яна аддзячыць дбайнаму гаспадару, разважае малады механізатар. Аўто яго слухаюцца і паддаюцца ў рамонце. Жартуе, што прыручыў тэхніку яшчэ з дзяцінства, калі разам з татам гадзінамі мог шукаць лячэнне ад чарговай аўтапаломкі. Дарэчы, ягоны бацька шчыруе тут жа ў «Начы», як вы зразумелі, ён таксама механізатар, а маці – інжынер па ахове працы.
Чатыры гады назад іх сям’я пераехала на Ляхавіччыну з Украіны. Цяпер Купрышы нашы, тутэйшыя. Улад гаворыць, што паспеў палюбіць і аграгарадок, і яго шчырых, добразычлівых жыхароў. Тут і жыллё атрымалі. І менавіта адсюль пачалася новая старонка ў жыцці нашага героя – стварыў сям’ю. Больш таго, ён і яго Анечка ўжо самі тата і мама: іх сыну Арцёмку паўтара года. Хутка пойдзе ў мясцовы дзіцячы садок. Ёсць у Начы і школа – гэта ўжо на будучыню. Уладзіслаў дадае, што ў горад не збіраецца і што планаў у Купрышаў шмат.
Хутка 21-гадовы механізатар закончыць працаваць над дыпломным праектам: ён выпускнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту, стане кваліфікаваным спецыялістам у сферы арганізацыі перавозак і кіравання на аўтамабільным і гарадскім транспарце.
Калі не рабочае спецадзенне, тады – спартыўнае. Актыўнасць не толькі на працы, але і ў паўсядзённым жыцці: заняткі на кардыётрэнажорах, гадзіна гульні ў футбол абавязковыя ў тыднёвым раскладзе.
І вось зусім іншы Улад – не ў спартыўным, не ў рабочым, а ў афіцыйна-дзелавым стылі. Сустракайце брутальнага, з такой сімпатычнай прыцягальнай усмешкай. Цяпер і паходка іншая, упэўненая і цвёрдая, позірк таксама змяніўся на больш выразны. Ідэальна падабраны касцюм – здаецца, бачылі гэтага юнака на сталічным рэкламным білбордзе. Пераканайцеся, што гэта – не перабольшанне.
А ён прызнаецца, што любіць жыццё і даражыць кожным днём, хоча адчуваць сябе ва ўсіх стылях натуральна, галоўнае, зразумела, –
заўсёды ў шчаслівым.
P.S. Наступны выхад ваш…
Спадзяёмся, гэты праект ад «веснікаўцаў» вам, паважаныя чытачы, даспадобы. І вы з нецярпеннем будзеце чакаць наступных вытворчых і фэшн-фотасесій нашых землякоў.
«ЛВ» працягвае кастынг (не турбуйцеся, ён без моднага прыгавору). Вы жадаеце стаць героем праекта «На подыум «ЛВ» запрашаецца…»? Калі ласка, мы толькі за! Разгарнём фотазону на працоўных квадратах і ў міг скрэацівім наконт моднага пераўвасаблення. А можа сярод вашых знаёмых, калег, сяброў ёсць проста стопрацэнтная кандыдатура для гэтай задумкі? Кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна, лідары бээрэсэмаўскіх пярвічак, старшыні прафкамаў, прыгледзьцеся і падкажыце нам.
А «веснікаўцы» возьмуць справу ў свае рукі!
Маргарыта КУХТА. Фота аўтара.