Не старэюць душой патрыёты. Газетчыкі пабывалі ў ветэрана вайны, які ўваходзіў у склад першай рэдкалегіі раёнкі
Краіна рыхтуецца сустрэць 75-ю мірную гадавіну. 75 гадоў Беларусь не ведае страшнага слова «вайна»… Чаканы па многіх адрасах «Совецкі патрыёт», «Будаўнік камунізму», «Ляхавіцкі веснік» заўсёды побач кожнае з гэтых сямі з паловай шчаслівых дзесяцігоддзяў. Але ведаюць старонкі раёнкі і падзеі крывавых страшных часоў. Менавіта тады ў далёкім 43-м у Машукоўскім лесе нарадзілася наша партызанка-газета. Натхняла, змагалася вострым трапным словам, перадавалася з рук у рукі як веснік самых важных чаканых падзей. І гэта мы ведаем дакладна, гэта не гісторыя са школьнага падручніка – гэта словы сведкі… Але пра ўсё па парадку.
Напярэдадні юбілею Перамогі газетчыкі пабывалі ў ветэрана вайны Вікенція Бурло, які ўваходзіў у склад першай рэдкалегіі раёнкі, тады – «Совецкага патрыёта».
Што можа адчуваць пачынаючы рэдактар, калі сустракаецца з чалавекам, які пачынаў нялёгкую друкарскую справу, які з першага нумара быў побач з такім любімым сённяшнім «Веснікам», што тады, няхай і тыражом усяго ў 80-100 экзэмпляраў, быў побач з ляхавічанамі.
Ён працягвае руку, усміхаецца, вітаецца:
– Нарэшце сустрэліся! Вікенцій Бурло.
Калі ехалі на сустрэчу с чалавекам, які ўваходзіў у першую рэдкалегію раёнкі, было столькі пытанняў, столькі ўсяго хацелася даведацца. А сустрэліся – і ўсё вырашылі эмоцыі. Вікенцій Ільіч трымае ў руках пераможны выпуск «Совецкага патрыёта», задумваецца-ўспамінае, здаецца, губляецца ў сваіх думках-успамінах. І гэта самы пяшчотны сюжэт у майскіх акалічнасцях.
Расказвае, як рыхтавалі раёнку-партызанку, збіралі вестачкі з кожнай вёскі (хацелася расказаць пра поспехі Чырвонай Арміі), як друкавалі «партызанку», шмат чаго расказвае пра Дзесюкевіча, Астапава. Гэта неверагодна. На трэцім курсе, калі пісала курсавую працу па гісторыі журналістыкі, перабрала гару літаратуры, перагартала ўсе нумары «Совецкага патрыёта» ў Нацыянальнай бібліятэцы, надрукаваныя на школьных сшытках, збіраючы па крупінках гісторыю роднага «Весніка». А тут вось не трэба ніякіх архіваў – слухай-занатоўвай-дзівіся з чалавека, які хутка адсвяткуе свой векавы юбілей.
І сённяшняя рэдакцыя рыхтуе пераможны выпуск, як і заўсёды, шукае эксклюзіў, якім можна здзівіць свайго чытача. А тады, у 1945-м, эксклюзіў быў адзін. Вікенцій Ільіч, трымаючы ў руках пераможны выпуск, і сёння цытуе назву загада аб Перамозе.
І гэта забыць нельга. Побач у руках стваральніка раёнкі сучасны «Веснік». Разглядаючы старонкі, Вікенцій Ільіч задаволена адзначае:
– Газета добрая, усё вы робіце з душой.
І гэта самая высокая адзнака для ўсяго калектыву.
Моцны, цікавы, мудры, жыццелюбівы, добразычлівы, ён паўтарае, што галоўнае – жыць, не здавацца, пераадольваць цяжкасці і, безумоўна, любіць тое, што робіш.
А ў думках адно: дзякуй, Вікенцій Ільіч! Мы не маем права вас падвесці.
І сённяшні пераможны юбілейны выпуск рыхтуе нешта большае за эксклюзіў, тое, што важна для кожнага «веснікаўца».
Маргарыта КУХТА.
Вікенцій Ільіч успамінае, як радаваліся, калі ў атрадзе імя Лазо з’явілася партатыўная друкарская машынка, а разам з ёй яшчэ больш за паўмяха аркушаў паперы, што сёння называецца фармата А4. Калі яны заканчваліся, друкавалі на лістах з вучнёўскіх сшыткаў. Распаўсюджвалі як маглі: частку забіралі партызаны, а ў жніўны час нават у снапы хавалі, каб перадаць вяскоўцам.
Пра што пісалі? Пра поспехі савецкіх войскаў, дыверсіі партызан, патрыятызм і няскоранасць мясцовага насельніцтва. Кожная навіна з фронту – бы глыток свежага паветра. Крыніцай інфармацыі, акрамя вайскоўцаў, з’яўляўся прыёмнік, дастаўлялі навіны і вяскоўцы. Вікенцій Ільіч падрабязна распісвае, як набіралі нумар, як перад гэтым пераправяралі і перачытвалі кожнае слова.
Кіраваў выданнем сакратар падпольнага райкама партыі Сцяпан Дзесюкевіч. У рэдкалегію, акрамя Вікенція Бурло, уваходзілі Павел Вярбіцкі, Якаў Шэвелеў.
Ці было цяжка жыць у зямлянцы, ці цягнула ў родныя мясціны ва Уздзенскі раён маладога партызана? Сумаваў, бачыў у снах бацькоўскую хату – не без гэтага, але верыў, што хутка той дзень, калі не будзе выбухаў гармат і не будуць гінуць людзі…
Ва ўзнагародным лісце Вікенція Бурло на прадстаўленне яго да ўрадавай адзнакі – медаля «Партызану Айчыннай вайны» I ступені – занатавана: «Таварыш Бурло В.І. выконваў абавязкі намесніка адказнага рэдактара газеты «Совецкі патрыёт» з верасня 1943 года па дзень вызвалення раёна Чырвонай Арміяй. Да работы адносіўся добрасумленна…».
І пасля Перамогі Ільіч працягваў жыць газетай, праўда, у мірных умовах, працаваў на раённым радыё. Затым педагог па адукацыі ўсё ж такі вярнуўся ў школу – выкладаў нямецкую і рускую мовы. З 1974 года родным адрасам Бурло стаў Баранавіцкі раён – пасёлак Мір. Ён, хто змагаўся за мір, знайшоў яго, у тым ліку, і ў назве месца жыхарства.
…Сёння Вікенцій Ільіч нераўнадушна абмяркоўвае сусветныя і мясцовыя падзеі, цікавіцца навінамі. Яго аптымізм і бадзёрасць зараджаюць на веру ў лепшае. Ён прыклад для шасцярых дзяцей, пецярых унукаў і чацвярых праўнукаў.
Кажуць, што вочы выдаюць узрост. У адносінах Вікенція Бурло гэта не працуе – яны, калі ён успамінае свае ваенна-газетныя вёрсты, прамянеюць маладосцю і становяцца хлапчукова-гарэзлівымі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.