Пра набалелае з першых вуснаў. На пытанні «ЛВ» адказаў галоўны ўрач Ляхавіцкай райбальніцы
Каранавірус – тэма, якая апошнія месяцы трывала займае першыя старонкі газет і часопісаў, з яе пачынаюцца навіны на тэлеканалах розных краін, яна ўплывае на палітыку і эканоміку, абмяркоўваецца паўсюдна. Раёнка таксама імкнецца забяспечыць чытача неабходнай інфармацыяй. Прычым размяшчаецца яна не толькі ў друкаванай версіі выдання, але і на інтэрнэт-сайце, у сацыяльных сетках, на YouTube і ў Telegram-канале. Сёння на пытанні «ЛВ» зноў адказвае галоўны ўрач Ляхавіцкай ЦРБ Георгій ХЛЯБОВІЧ.
– Георгій Яўгеньевіч, напэўна, многіх жыхароў раёна хвалюе пытанне, ці ў дастатковай колькасці наша райбальніца забяспечана неабходным для лячэння COVID-19: медыцынскім абсталяваннем, лекамі і ложка-месцамі?
– Зрабілі ўсё магчымае, каб стварыць трывалы запас. Хворыя з дыягназам COVID-19 знаходзяцца на лячэнні ў інфекцыйным аддзяленні, якое разлічана на 24 ложка-месцы. Як адзначаў раней, у Ляхавіцкай ЦРБ яно пабудавана па тыпавым праекце, што прадугледжвае некалькі зон і для бяспекі медработнікаў, і для таго, каб хворыя былі ізаляваны адзін ад аднаго – вельмі важная акалічнасць для барацьбы з разнастайнымі інфекцыямі. Тут створаны ўсе санітарныя ўмовы для медперсаналу: да таго, як трапіць да пацыента, медыкі праходзяць санітарна-гігіенічныя працэдуры, пераапранаюцца. Па такім жа шляху вяртаюцца назад.
У райбальніцы ўстаноўлены кіслародны канцэнтратар, ёсць апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх, 23 кропкі падачы кіслароду, набылі кіслародныя балоны. Для лячэння хворых з пнеўманіямі перапрафілявалі адно з аддзяленняў стацыянара райбальніцы. Цяпер задзейнічана прыкладна трэцяя частка ложкаў.
Забяспечанасць усім пералічаным у нас у разы вышэй і перавышае патрэбу. Хапае і лекаў.
Маскі, бахілы, пальчаткі, рэспіратары, антысептыкі таксама ёсць, але яны лішнімі не бываюць. Рады дапамозе і ўдзячны ўсім неабыякавым – прадпрыемствам, грамадскім арганізацыям, прадпрымальнікам, грамадзянам, якія дапамагаюць нам. Адпрацаваны алгарытм дзеянняў кожнага падраздзялення – паліклінікі, хуткай дапамогі, стацыянара. Адзначу зладжанасць дзеянняў медыкаў, санітарнай службы, раённай улады. Кіраўнікі многіх прадпрыемстваў і арганізацый з разуменнем ставяцца да рэкамендацый па прадастаўленні водпускаў работнікам, якія мелі кантакты з патэнцыяльнымі хворымі на каранавірусную інфекцыю. Сапраўды, толькі ва ўзаемадзеянні можна паставіць заслону распаўсюджванню віруса.
– Медыкі зараз знаходзяцца на перадавой барацьбы з каранавірусам. Як у час пандэміі вырашаецца кадравае пытанне? Ці ёсць сярод захварэлых работнікі ўстаноў аховы здароўя Ляхавіччыны?
–Так, сапраўды, у медыкаў нямала шансаў захварэць. Размова ідзе не толькі пра COVID-19. Нездарма амаль сто працэнтаў нашых работнікаў прышчапляюцца штогод супраць грыпу.
Сёння на бальнічным з ВРВІ знаходзяцца некалькі работнікаў райбальніцы, у аднаго з іх пацверджаны каранавірус, які працякае бессімптомна.
Кадрамі – урачамі, сярэднім і малодшым медыцынскім персаналам –
мы ўкамплектаваны поўнасцю. У сувязі з тым, што часова спынена дыспансерызацыя, абмежавана аказанне фізіятэрапеўтычных працэдур, стаматалагічнай дапамогі, некаторыя медработнікі адправіліся ў чарговы водпуск. Ёсць і тыя, хто прайшоў хуткае перапрафіляванне і зараз працуе ў іншых аддзяленнях. Скарыстаюся магчымасцю і падзякую сваім калегам – работнікам устаноў аховы здароўя, якія не паддаліся паніцы, прафесійна і самааддана выконваюць свае абавязкі.
– Вакол тэмы каранавіруса нямала чутак. Даводзілася, напрыклад, чуць, як то адзін, то другі населеныя пункты «доўгія языкі» абвяшчалі эпіцэнтрам COVID-19. А літаральна кожны выпадак рэспіраторнай інфекцыі ці пнеўманіі некаторыя напрамую звязваюць з каранавірусам. Якая сітуацыя склалася ў раёне з захворваннем пнеўманіямі?
– Такія чуткі наносяць толькі шкоду і ні ў якім разе не адлюстроўваюць рэчаіснасць, прыводзяць да панікі. За чатыры месяцы гэтага года рэгіструецца нязначны рост пнеўманій у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. І гэта ніяк не нагода для панікі.
Эпідсітуацыя ў раёне ў цэлым спакойная, пэўны ўсплеск ВРВІ, пнеўманій рэгіструецца ў востраўскай і ліпскай зонах. Але сітуацыя пад кантролем.
Па стане на 6 мая ў Ляхавіцкай райбальніцы на лячэнні знаходзіцца 38 пацыентаў з дыягназам «пнеўманія». У пяці з іх дыягнаставаны COVID-19. Трое выздаравелі.
– Медыцынскія маскі розных мадэляў і з розных матэрыялаў, пальчаткі – цяпер нязменны атрыбут экіпіроўкі людзей, як, дарэчы, і разнастайныя антысептыкі. Георгій Яўгеньевіч, якія меры прафілактыкі супраць каранавіруса выкарыстоўваеце вы самі?
– Што тычыцца масак, карыстацца імі трэба правільна. Цэлы дзень хадзіць у масцы нельга, яе неабходна мяняць праз дзве гадзіны. Пакуль носіце маску, нельга, адсунуўшы яе, курыць, піць, есці, гэта зводзіць усе спробы абараніцца да нуля. Абавязкова насіць маскі тым, хто мае прыкметы рэспіраторных інфекцый.
Не забывайце пра выкананне правілаў асабістай гігіены, размова ідзе пра антысептыкі. Асабіста я карыстаюся маскай, калі іду, напрыклад, у магазін ці іншае месца, дзе шмат народу, захоўваю сацыяльнае дыстанцыраванне, мыю рукі з мылам і карыстаюся антысептыкам. Раю так рабіць і іншым для прадухілення заражэння.
Вядзіце здаровы лад жыцця, умацоў-вайце імунітэт, старайцеся жыць на пазітыве. Будзьце здаровыя!
Гутарыла Галіна КАНЬКО.