Гэты дзень – назаўсёды

Парад у Дзень Перамогі – гэта не дэманстрацыя сілы, а даніна памяці нашай гераічнай гісторыі. Аб гэтым Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заявіў 9 мая на ваенным парадзе ў гонар 75-й гадавіны Перамогі савецкага народа  ў Вялікай Айчыннай вайне.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што беларускія ваеннаслужачыя – нашчадкі пераможцаў. На парадзе яны пройдуць у адным страі як прадаўжальнікі слаўных традыцый савецкіх воінаў, пакажуць новыя ўзоры ўзбраенняў і ваеннай тэхнікі, створаныя ўжо на айчынных прадпрыемствах абароннага сектара. «Зробіце гэта ў гонар дзядоў і прадзедаў, якія завяшчалі нам мірную краіну. Наш святы абавязак – захаваць яе для будучых пакаленняў, зберагчы праверанае ў суровых баях адзінства народаў», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
«У гэтым ашалелым, страціўшым арыенціры свеце знойдуцца людзі, якія асуджаюць нас за месца і час правядзення гэтага свяшчэннага дзейства. Хачу ім сказаць па-чалавечы: не спяшайцеся рабіць вывады, а тым больш асуджаць нас, нашчадкаў Перамогі, беларусаў. Мы проста не маглі інакш, у нас не было іншага выбару. А калі і быў бы – мы зрабілі б гэтак жа!» – заявіў Аляксандр Лукашэнка.
«Гэта свята для нас свяшчэннае. Трагедыя беларускага народа, які вынес на плячах тытанічны груз страт і разбурэнняў самай жорсткай вайны ХХ стагоддзя, несувымерная ні з якімі цяжкасцямі сённяшняга дня. Нават думка здрадзіць традыцыям, якія вось ужо 75 гадоў праслаўляюць гісторыю вялікага подзвігу пераможцаў, для нас недапушчальная», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт заўважыў, што ў гэтым годзе ваенны парад у Мінску стаў адзіным на постсавецкай прасторы, але ён прайшоў у гонар усіх савецкіх воінаў, якія вызвалілі свет ад нацызму.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь, як і раней, будзе верная памяці Вялікай Перамогі – Перамогі, якая з’яўляецца агульным здабыткам рэспублік былога Савецкага Саюза.

8 мая Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі закладкі капсул з зямлёй, сабранай у месцах воінскай славы і гібелі мірнага насельніцтва, якая праходзіла ў Мінску ў храме-помніку ў гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, якія выратаванню Айчыны нашай паслужылі.
Святкаванні з нагоды Дня Перамогі прайшлі 9 мая па ўсёй краіне.
У мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць» сабраліся кіраўніцтва вобласці і горада, дэпутаты, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, ваеннаслужачыя, дыпламаты. Яны ўсклалі кветкі да Вечнага агню і пліт некропаля, ушанавалі памяць загінулых герояў мінутай маўчання.
Завяршылася мерапрыемства ўрачыстым маршам па плошчы Цырыманіялаў.

Па матэрыялах БЕЛТА.

9 мая заўсёды сонечны, мірны, чаканы дзень у белай квецені чароўных яблынь і вішань, гэты дзень для кожнага пераможны. Стваральныя і шчаслівыя сем з паловай дзесяцігоддзяў – гэта бясцэнны падарунак, што атрымалі нашчадкі воінаў-пераможцаў. Памяць, удзячнасць за магчымасць жыць у квітнеючай незалежнай краіне – наш заўсёдны абавязак.

Чарговае медальнае папаўненне ў ветэрана Вялікай Айчыннай вайны ляхавічаніна Паўла Паўлавіча Здановіча. На здымку з жонкай Клаўдзіяй Сяргееўнай.

…Усё менш у жыццёвым страі сведкаў той вайны, тых, хто на перадавой мужна абараняў Радзіму, але іх подзвіг увекавечаны ў памяці нашчадкаў. Напярэдадні свята Вялікай Перамогі самыя шчырыя віншаванні самым галоўным людзям – ветэранам. Па многіх адрасах, дзе сёння жывуць удзельнікі вайны, з найлепшымі пажаданнямі з нагоды Дня Перамогі завіталі старшыня раённага Савета дэпутатаў Леанід Калбаса, ваенкам Аляксей Сідаровіч, старшыня раённай арганізацыі Беларускага фонду міру Ларыса Юшкевіч, першы сакратар райкама БРСМ Марыя Лутавінава, загадчыца аддзялення ТЦСАН Наталля Ісаханава, старшыня райсавета ветэранаў Мікалай Юрлевіч. Чарговы медаль на пінжаку пераможцаў – удзячнасць за мірнае шчасце.
9 мая. З раніцы газеты, тэле- і радыёканалы, каналы ў Telegram, стужкі сацсетак перапаўняліся ад колькасці памятных фотаздымкаў дзядоў і прадзедаў, песень ваенных гадоў, сюжэтаў вядомых кінафільмаў, шчымлівых слоў. Урачыстая атмасфера панавала і на Ляхавіччыне. Традыцыйнае месца, дзе землякі штогод аддаюць даніну памяці, – Курган Славы, – і сёлета абавязковая кропка на памятна-віншавальным маршруце.


… Няхай і не так масава, але не менш святочна, урачыста прайшоў мітынг на плошчы Перамогі ў райцэнтры. Многія землякі далучыліся да мітынгу анлайн: віншавалі, віталіся, каментавалі, перадавалі прывітанні. Больш за 250 падпісчыкаў глядзелі прамы эфір у інстаграм-акаўнце «Ляхавіцкага весніка».
Віншаваў з 75-й гадавінай Перамогі старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі.
– У нас адно на ўсіх гераічнае мінулае, якое, безумоўна, патрабуе стойкасці і кансалідацыі грамадства ў пераадольванні новых выклікаў сучаснага свету, – адзначыў кіраўнік раёна.
Раздзяліла гэтыя шчымліва-ўрачыстыя эмоцыі з ляхавічанамі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Людміла Жалнерчык.
Увечары на плошчы Леніна сімвалічна гучала такая вядомая любімая песня «Дзень Перамогі» – жадаючыя далучыліся да акцыі, праспявалі яе разам. А пад словы гэтага неверагоднага твора так дарэчна гарэлі свечкі, састаўленыя ў знамянальную лічбу 75.
Маргарыта КУХТА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.