З жыцця цеплалюбівых, або Кукурузная геаметрыя. У СВК «Ляхавіцкі» ідзе сяўба сельгаскультур з атрада найбольш цеплалюбівых
Доўгачаканыя дажджы нарэшце здарыліся. На фоне сухіх першых двух месяцаў вясны, яны сталі ці не гаючым бальзамам. Для сельскагаспадарчых раслін і сэрцаў людзей, якія акружаюць іх клопатам: сеюць, кормяць, даглядаюць. Першая палова мая ў гэтым сэнсе асабліва паказальная. Яравыя пасеяны і паспелі ўжо зазелянець, а месцамі і заўважна «выцягнуцца». Ірванулі ў рост азімыя зерневыя, жоўтым морам расквеціліся рапсавыя палеткі. Догляд за раслінамі – адзін з вытворчых падрадаў аграрыяў на гэтым адрэзку часу.
Ідзе і сяўба сельгаскультур з атрада найбольш цеплалюбівых. У бягучым сезоне аграрыі раёна вызначылі сотню гектараў палявой плошчы пад проса. Зварыць прасяную «кашу» збіраюцца ДП «Нача» і ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс». У роўнай прапорцыі – па 50 гектараў кожная. Грэчкі сёлета будзе 150 гектараў. Гэта крупяная культура атрымае прытулак на землях ужо раней узгаданай «Начы», а таксама КСУП «Ліпнянка» і СВК «Ляхавіцкі», які яшчэ на мінулым тыдні пачаў і, вельмі верагодна, скончыў сяўбу сваіх паўсотні грэцкіх гектараў.
Але галоўным пасяўным клопатам для аграрыяў яшчэ зусім нядаўна была кукуруза. Да гэтага часу асноўны вал работ на пасяўным кукурузным палетку завершаны. Да фінішнай стужкі быў няпросты шлях «даўжынёй» у сем з паловай тысяч гектараў. Іменна такую плантацыю зойме ў гэтым годзе ў нашым раёне кукуруза. Самы шырокі пад яе клін адвялі аграрыі ААТ «Шлях новы» – 2,2 тысячы адзінак плошчы, у «Жарабковічах» – на 300 гектараў менш. Яшчэ адным нашым «тысячнікам» з’яўляецца КСУП «Ліпнянка». У астатніх менш. Напрыклад, «Ляхавіцкі», дзе мы на мінулым тыдні пабывалі, пад кукурузу адвёў паўтысячы гектараў.
Трапілі, што называецца, на дасеўкі. Камбінаваныя пасяўныя агрэгаты (іх у полі працавала два) «зараджаны» на адначасовае выкананне адразу дзвюх вытворча-тэхналагічных аперацый: высяванне кукурузных зярнят «запаралелена» з унясеннем мінеральнага ўдабрэння. У даным выпадку – фосфарнай групы. Як растлумачыў кіраўнік брыгады «Рачканы» Генадзій Козел, гэта як адзін з падкормачных штрыхоў. У дадатак да спектра папярэдніх аперацый па ўдабрэнні-ўгнаенні глебы.
– Добрага ўраджаю кукурузы можна дасягнуць толькі добрымі да яе адносінамі. На ўсіх этапах вытворчасці, – запэўнівае спецыяліст.
Пятая частка кукурузных пасеваў СВК «Ляхавіцкі» «закладзена» з прыцэлам уборкі на зерне. У сяўбы на зялёную масу свая геаметрыя, на зерне – свая. Так, у апошнім выпадку мае месца больш разрозненая раскладка насенных зярнят.
І яшчэ раз пра кукурузу на зерне: кожны трэці з сямі з паловай тысяч гектараў культуры ўвогуле закладваецца ў якасці зерневага.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.