На трэнерскім мосціку – профі. Трэцяя субота мая – святочны дзень для тых, хто па родзе дзейнасці звязаны з фізічнай культурай і спортам

Трэцяя субота мая – святочны дзень для тых, хто па родзе дзейнасці звязаны з фізічнай культурай і спортам, у тым ліку і для калектыву спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву.
У СДЮШАР умеюць прыручыць мяч, валодаюць прыёмамі адзінаборстваў, ведаюць, як падпарадкаваць бегавую дарожку… Летась падапечныя СДЮШАР у медальны камплект установы прыбавілі не адзін дзясятак узнагарод. Пачатак 2020-га таксама выдаўся на пад’ёме. Усё гэта – вынік напружанай працы і настойлівых трэніровак.


Трэнеры-выкладчыкі – прафесіяналы сваёй справы. Дзякуючы іх шчырай зацікаўленасці, рабяты са спортам не сябруюць – жывуць ім. Сёлетняе другое агульнакаманднае месца на алімпійскіх днях моладзі Брэстчыны – заслуга трэнераў-выкладчыкаў аддзялення дзюдо Віктара Богуша і Рашыда Байрашэўскага. Прафесійны стаж Андрэя Іванюценкі і Алены Ульянавай перайшоў за два дзесяцігоддзі, на працягу якіх яны дапамагаюць сваім падапечным дасягаць сур’ёзных вынікаў. Аляксей Буйкевіч родам з ДЮСШ і ўжо каторы год трэніруе юных землякоў. Мяч бездакорна слухаецца Аксану Лойка, і яна перадае захапленне гандболам сваім выхаванцам. Дасягненні футбалістаў трэнера-выкладчыка Васілія Бут-Гусаіма гучаць далёка за межамі раёна.
Сёння СДЮШАР працягвае працоўны рэжым па звычайным графіку. Размінка, трэніроўка і зноў трэніроўка – формула спартыўных вынікаў выхаванцаў школы, якіх тут больш за чатыры сотні. Для іх стадыён, спартзалы, футбольнае поле і г. д.
– У СДЮШАР створаны спрыяльныя ўмовы для заняткаў фізкультурай і спортам, папулярызацыі здаровага ладу жыцця. Шчыра запрашаем да нас за здароўем гасцей і землякоў, – адзначае дырэктар установы Валянціна Русакевіч.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.