Тысячы літраў экстры. Высокай якасцю малака, як у ЗАТ «Белпрампрыбор», можа пахваліцца не кожнае сельгаспрадпрыемства Ляхавіцкага раёна
Высокай якасцю малака, як у ЗАТ «Белпрампрыбор», можа пахваліцца не кожнае сельгаспрадпрыемства раёна: амаль 100 працэнтаў сырадою адпраўляецца на малочны завод гатункам экстра. І таварнасць малака адна з лепшых – 91 працэнт.
– Збалансаваная высокаспажыўная і якасная кармавая база, строга па раскладзе – двойчы на дзень – дойка, належны догляд, пераход на беспрывязнае ўтрыманне жывёлы – вось і ўвесь сакрэт поспеху.
І, канешне, добрасумленная праца кожнага на сваім участку, – зазначае заатэхнік «Белпрампрыбора» Уладзімір Мароз.
Сапраўды, стараюцца-шчыруюць тутэйшыя жывёлаводы: забяспеч-
ваюць паўнацэннае кармленне статка, клапоцяцца-песцяць рагуль. Такое стаўленне да абавязкаў у работнікаў абедзвюх МТФ: «Бенькаўцы» (загадчык Надзея Патапчык) і «Галаўнінцы» (загадчык Галіна Дубовік). Толькі падзяку за добрасумленную працу чуюць у
свой адрас браты Адуевы. Яны не горш за жанчын спраўляюцца з прафесіяй аператара машыннага даення: Фёдар працуе на МТФ «Галаўнінцы», дзе, дарэчы, даглядчыкам – яго жонка Ала, Ідрыс – на ферме «Бенькаўцы». Ігар і Аляксей Адуевы таксама жывёлаводы ў гэтым сельгаспрадпрыемстве.
Хапае спраў і ў слесараў, якія сочаць за чысцінёй і спраўнасцю малакаправода, адказваюць за захаванне належнага санітарнага стану ў памяшканнях.
Пра тое, што пераважная большасць жывёл (а дойны статак сельгаспрадпрыемства налічвае 775 кароў) у «Белпрампрыборы» – высокапрадукцыйная, сведчаць наступныя факты: у гаспадарцы пастаянна расце валавы надой, надой на адну карову, продаж малака.
МТФ «Бенькаўцы», дзе дояць 21,6 кілаграма малака ў дзень ад кожнай каровы, па інфармацыі райсельгасхарчу, займае другі радок у раённай малочнай зводцы. 26 тутэйшых рагуль даюць у дзень па 40 літраў малака, 64 – па 30 літраў, 90 – па 20 літраў.
– Працуем па звычайным раскладзе. Ранішняя дойка пачынаецца ў шэсць гадзін, вячэрняя ў 18 гадзін. Кармы ў нас шматкампанентныя, рыхтуем сумесь з сенажу, сіласу, канцэнтратаў. Кожны з работнікаў заняты сваёй справай. У нас тры аператары машыннага даення. Марыя Адуева і Дар’я Вітко на гэтай ферме працуюць па тры гады. Кожная – адказная, дысцыплінаваная, руплівая. Стараецца і падменная Ала Саган, – расказвае загадчык МТФ «Бенькаўцы» Надзея Патапчык. Сама Надзея Пятроўна за якую справу ні возьмецца, усё ў яе атрымаецца, бо робіць з любоўю. А яшчэ з павагай ставіцца да тых, хто працуе побач.
На МТФ «Галаўнінцы» сярод аператараў машыннага даення роўных няма Марыне Чарэднік і Валянціне Дыдышка. Вернасці прафесіі можна павучыцца ў загадчыцы «Галаўнінцаў» Галіны Дубовік. Гэта з яе ўдзелам адбываліся істотныя пераўтварэнні на ферме: заменены вокны, пачалі працаваць радзільнае аддзяленне, асобныя апартаменты і ў сухастойных кароў. Зроблена нямала і для зручнасці работнікаў: уладкаваны душавая, бытоўка, гардэробны пакой.
«Белпрампрыбор» прадаўжае працаваць у звычайным рытме, малочная галіна – не выключэнне.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.