Складнікі настаўніцкага шчасця. Працуе настаўніца фізікі ў Крывошынскай СШ імя Г. С. Здановіча
Строгая, але справядлівая, як мама. Прадмет свой любіць і ведае на выдатна. Умее выдзеліць у тэме галоўнае і зацікавіць вучняў. Сапраўдны народны настаўнік. Гэтыя і іншыя словы ўдзячнасці і прызнання ў адрас настаўніцы фізікі Крывошынскай СШ імя Г. С. Здановіча Веры Шыдлоўскай ад яе сённяшніх і былых вучняў. Для настаўніка – гэта самая каштоўная ацэнка яго працы.
Стаж Веры Мацвееўны перайшоў на пяты дзясятак. І сёння яна чарговаму пакаленню сваіх вучняў дапамагае зразумець прыроду рэчаў, тлумачыць жыццёвыя працэсы, дзеянне законаў фізікі.
Яе педагагічная гісторыя пачалася ў 1964 годзе, калі паступіла ў Гродзенскі педінстытут. Пасля непрацяглага тэрміну настаўніцтва ў Лідскім раёне вярнулася на Ляхавіччыну. Спачатку была Ліпская школа, пасля Пранчакоўская (зручна, што недалёка ад Лотвы, бацькоўскага дома), якую пазней перайменавалі ў Навасёлкаўскую. Тут школьныя дні непрыкметна склаліся ў больш за тры дзесяцігоддзі, з якіх гадоў дзесяць займала пасаду завуча. Любімыя вучні і паважаныя калегі, шматлікія ўрокі і мерапрыемствы, радасць ад таго, што расла паспяховасць рабят і іх прозвішчы гучалі сярод лепшых, – колькі дарагіх і адметных момантаў захавала памяць.
Сваіх выпускнікоў Вера Мацвееўна не забывае, як і яны яе. Многія з іх сталі настаўнікамі і працуюць ва ўстановах адукацыі раёна. Сярод сённяшніх калег з Крывошынскай школы – трое былых вучняў, у тым ліку і дырэктар Ала Гуліцкая.
Адметна, што вышэйшую катэгорыю настаўнік фізікі атрымала, так сказаць, аўтаматам. Разам з калегамі з іншых школ раёна – з Аляксандрай Аўдзей і Аляксандрай Маеўскай – давалі адкрытыя
ўрокі ў межах абласнога семінара. За ўрок і пазакласнае мерапрыемства па тэме «Фізіка ў дзіцячых цацках» атрымала грамату і павышэнне прафесійнай катэгорыі.
Што найбольш важнае ў настаўніцкай працы? Педагог лічыць, што імкненне сама-ўдасканальвацца, не спыняцца ў развіцці.
– Фізіка – прадмет няпросты, патрабуе сістэмы ў вывучэнні. Кожны ўрок стараюся пабудаваць так, каб вучні аналізавалі, шукалі адказы на пытанні, – адзначае Вера Мацвееўна. І падкрэслівае, што без важкага слова настаўніка не абысціся, якія б сучасныя тэхналогіі ні выкарыстоўваліся.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.