Для супергерояў у белых халатах. Валанцёры Ляхавіцкага клуба ЮНЕСКА «Заранка» далучыліся да акцыі «Дзякуй медыкам!»

Рабяты ўласнымі рукамі зрабілі 23 паштоўкі ў выглядзе медыцынскіх халатаў.

Ідэю прадумвалі доўга, каб выраб па-сапраўднаму спадабаўся і «зарадзіў» станоўчымі эмоцыямі, гаворыць куратар клуба ЮНЕСКА «Заранка» Наталля Маслоўская.

– Вельмі хацелася падтрымаць усіх медыкаў, якія зараз працуюць на перадавой. Галоўная ідэя паштовак у тым, што цяперашнія супергероі носяць белыя халаты. Хочацца яшчэ раз  сказаць дзякуй тым, хто самааддана працуе і дапамагае пацыентам выздараўліваць, – гаворыць старшыня клуба Максім Кудзялевіч.

Да акцыі далучаюцца людзі з усёй краіны: гавораць дзякуй медыкам у вершах і  песнях, праводзяць флэшмобы.

Паштоўкі рабяты перадалі ў Ляхавіцкую ЦРБ.

Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота аўтара.