З папраўкай на эпідсітуацыю. Ёсць пытанне ад «ЛВ»
І зноў пра актуальнае – тое, што гэтым часам у цэнтры ўвагі ўсіх і кожнага. Пра нябачныя без мікраскопа часцінкі, якія перавярнулі свет, не абышлі бокам ні адну краіну, паўплывалі на ўсё: зносіны, эканоміку, палітыку, сацыяльную сферу. Прайшоў ужо не адзін месяц, як Сусветная арганізацыя аховы здароўя аб’явіла пандэмію COVID-19. За гэты час змянілася многае ў падыходах і метадах лячэння, правілах самаізаляцыі і г. д., кожная краіна выбрала свой алгарытм дзеянняў. Змяніліся і адносіны людзей да гэтай праблемы сусветнага маштабу.
Якая ў Ляхавіцкім раёне сітуацыя са сродкамі абароны ад каранавіруса, як выконваюцца элементарныя санітарна-гігіенічныя правілы, чым неабыякавыя землякі не стамляюцца актыўна дапамагаць медыкам – тэма чарговага апытання «ЛВ».
Тамара ПРАКАП’ЮК, старшыня раённай арганізацыі прафсаюзаў:
– Канешне ж, прафсаюзы не маглі застацца ў баку ад сітуацыі, актыўна ўключыліся ў дабрачынны марафон. У раённым аб’яднанні створаны штаб па рэагаванні на бягучую сітуацыю па каранавірусе, адкрыты рахунак, куды грошы пералічваюць прафсаюзныя пярвічкі прад-прыемстваў і арганізацый рознай формы ўласнасці. Паступіла ўжо каля 500 рублёў. У хуткім часе плануем пералічыць усе сабраныя сродкі на рахунак Ляхавіцкай ЦРБ. У райбальніцу адправіла сродкі – 600 рублёў – раённая арганізацыя прафсаюза работнікаў АПК. Дарэчы, гэтая галіновая прафсаюзная арганізацыя на чале са старшынёй Ірынай Чура праводзіць маштабную работу ў дабрачынным накірунку. Аказана дапамога некаторым пярвічкам у набыцці сродкаў дэзынфекцыі для работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый. Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі перадала гуманітарную дапамогу – спецыяльныя камбінезоны для медыкаў – і ў Ляхавіцкую райбальніцу. Спонсарскую дапамогу ЦРБ у выглядзе сродкаў індывідуальнай абароны для медыкаў і дэзынфіцыруючых сродкаў аказаў і абкам прафсаюза работнікаў аховы здароўя.
Віталій ЦІХАНАЎ, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Ляхавіцкага раёна:
– Прадаўжаем, у тым ліку разам і з супрацоўнікамі РАУС, праверку выканання правілаў самаізаляцыі тымі, хто ёй падлягае. Па стане на 21 мая, у раёне на самаізаляцыі знаходзяцца 102 чалавекі. У дачыненні да аднаго, які на момант праверкі не знаходзіўся па месцы жыхарства, праводзіцца разбіральніцтва.
Хачу звярнуць увагу на той факт, што каранавірусная інфекцыя ў некаторых праходзіць бессімптомна: людзі могуць не адчуваць ніякіх пагаршэнняў здароўя, але для тых, хто побач, яны ўяўляюць небяспеку і могуць іх заразіць. Вось чаму важна захоўваць меры перасцярогі: карыстацца антысептыкамі, калі немагчыма памыць рукі з мылам, захоўваць масачны рэжым. Увогуле, маска дысцыплінуе, чалавек менш дакранаецца да твару, а таксама трымае адлегласць ад таго, хто маску носіць.
Прадаўжаем і пастаянны кантроль за захаваннем супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў ва ўстановах аховы здароўя, адукацыі, культуры, на аб’ектах гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання, аддзяленнях паштовай сувязі, банкаў і г. д.
Лідзія КАЛАСОЎСКАЯ, загадчыца цэнтральнай раённай аптэкі № 56:
–Ажыятаж на лекавыя прэ-параты, маскі, пальчаткі, анты-септыкі, які быў на пачатку эпідэміі, канешне ж, зменшыўся. Цяпер людзі не скупляюць усё. Што тычыцца асартыменту, ва ўсіх аптэках Белфармацыі на тэрыторыі нашага раёна ў неабходнай колькасці ёсць і надзвычай запатрабаваны цяпер парацэтамол, маскі аднаразовыя і шматразовыя, антысептыкі ў рознай фасоўцы.
Аптэкі працуюць у штатным рэжыме, толькі змяніўся графік работы нашай кропкі ў паліклініцы, цяпер яна працуе з 9 да 17 гадзін штодзённа акрамя суботы і нядзелі. Захоўваюцца ўсе неабходныя меры перасцярогі: сацыяльнае дыстанцыраванне, супрацоўнікі носяць медыцынскія маскі, пальчаткі.
Вольга БУРАК, дырэктар Жарабковіцкай СШ, старшыня раённай
арганізацыі Беларускага саюза жанчын:
– Шчыра ўдзячна ўсім зямлячкам, якія адгукнуліся на заклік БСЖ падтрымаць медыкаў, дапамагчы ім. Сумеснымі намаганнямі работнікаў Жарабковіцкай, Крывошынскай, Тальмінавіцкай школ, СШ № 1 мы пашылі 400 медыцынскіх масак і перадалі іх у Ляхавіцкую райбальніцу.
Таксама супрацоўнікі ўстаноў адукацыі, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, кансервавага завода сабралі тысячу рублёў, за гэтыя грошы набыты сродкі індывідуальнай абароны для медыкаў ў барацьбе з каранавірусам.
Што тычыцца выканання санітарна-супрацьэпідэмічных мер непасрэдна ў Жарабковіцкай СШ, то ў нас усё па правілах. Адзначу, што 90 працэнтаў нашых вучняў наведваюць заняткі.
Запісала Галіна КАНЬКО.