Выбіраем дабрыню. Ляхавіцкія актывісты БРСМ прынялі ўдзел у «Тыдні дабрыні»

На гэтым тыдні актыўны працоўны дэсант хлопчыкаў і дзяўчынак з Дараўскай школы – членаў БРСМ – дыслацыраваўся па адным з адрасоў па вуліцы Сонечнай у вёсцы Літва. Дабрачынныя мерапрыемствы «Тыдня дабрыні» – акцыя, у рамках якой рабяты шчыравалі-дапамагалі пенсіянерцы Станіславе Аляксандраўне Пятрушка. Такія марафоны пастаянныя ў штодзённым спісе спраў моладзі гэтага грамадскага аб’яднання. Ад адраса да адраса члены БРСМ дапамагаюць адзінокім пажылым людзям.

Фронт работы – аб’ёмны. Рабяты за пару гадзін талакой нанасілі дроў, калодзежнай вады, навялі чысціню ў двары, зграблі скошаную траву. Работа ў радасць, калі ведаешь, што яна пакіне ў душы іншага чалавека часцінку дабрыні, клопату, павагі, нераўнадушша.
– Выдатна, што нашы актывісты не могуць жыць без справы, не баяцца работы, з запалам бяруцца за любое заданне. Мы падтрымалі акцыю не словам, а ўдзелам. Па-першае, рабяты выпрацоўваюць павагу да працы, па-другое, мы можам гаварыць і пра выхаванне паважлівых адносін да старэйшых людзей, – адзначае першы сакратар райкама БРСМ Марыя Лутавінава.
Пярвічная арганізацыя Дараўскай СШ, якую ўзначальвае Дар’я Бурбіцкая, заўсёды ў цэнтры маладзёжных спраў. Дзяўчына прызнаецца: за пару гадзін работы атрымалі задавальненне, што змаглі штосьці зрабіць для самых мудрых людзей. Для добрага настрою трэба марыць не глабальна, а кропкава: словам, справай, канкрэтным учынкам змяніць свет да лепшага.
Такія марафоны прайшлі па ўсёй краіне ў рамках рэспубліканскага праекта «Мы выбіраем дапамогу пажылым людзям». Больш за 130 валанцёраў руху «Добрае сэрца» аказалі дапамогу тым, хто ў ёй мае патрэбу. Галоўная мэта такой маладзёжнай ініцыятывы –засяродзіць і прыцягнуць увагу хлопчыкаў і дзяўчынак да праблем пажылых людзей.

Маргарыта КУХТА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.