Святло як знак бяспекі. З 25 мая па 5 чэрвеня праводзіцца комплекс спецыяльных мерапрыемстваў «Увага – дзеці!»
За чатыры месяцы бягучага года на Брэстчыне зафіксавана 192 парушэнні правілаў дарожнага руху непаўналетнімі. У 111 выпадках падлеткі і маладыя людзі кіравалі транспартнымі сродкамі, зразумела, без вадзіцельскага пасведчання. Два такія факты выяўлены ў Ляхавіцкім раёне.
У вобласці непаўналетнія вадзіцелі ўчынілі два ДТЗ, у якіх чатыры чалавекі атрымалі траўмы. Летась такіх здарэнняў было чатыры, у іх пацярпелі пяць чалавек.
З надыходам цёплых дзён усё больш школьнікаў бавіць час на вуліцы. З мэтай папярэджання дарожна-транспартнага траўматызму з 25 мая па 5 чэрвеня праводзіцца комплекс спецыяльных мерапрыемстваў «Увага – дзеці!». У гэты перыяд, каб прыцягнуць увагу дзяцей і ўсіх удзельнікаў дарожнага руху, транспартныя сродкі павінны рухацца па дарозе ў светлы час сутак з уключаным блізкім святлом фар.
Задача бацькоў – ведаць месцазнаходжанне сыноў і дочак, штодзённа нагадваць ім пра дарожную бяспеку. І ні ў якім разе не дапускаць выпадкаў, калі непаўналетні садзіцца за руль.
Андрэй ГАЎРЫЛЬЧЫК, начальнік АДАІ.