Натхнёная беларускім класікам. Ляхавічане адзначыліся прызавымі месцамі ў рэспубліканскім інтэрнэт-конкурсе
Ляхавічане адзначыліся прызавымі месцамі ў рэспубліканскім інтэрнэт-конкурсе літаратурных работ «Зямля пад белымі крыламі», прысвечаным 90-годдзю Уладзіміра Караткевіча і Году малой радзімы.
Удзельнікамі конкурсу сталі навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, у тым ліку – з Ляхавіцкага раёна.
На абласным этапе былі прадстаўлены работы навучэнцаў сярэдняй школы № 1, гімназіі, ВПК «Конькаўскі дзіцячы сад – сярэдняя школа», Крывошынскай сярэдняй школы імя Г. С. Здановіча, ВПК «Падлескі дзіцячы сад – базавая школа», выхаванцаў цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
Творчасць нашых рабят не пакінула раўнадушнымі членаў журы.
У намінацыі «проза» (ва ўзроставай катэгорыі 11-13 гадоў) дыпломам III ступені ўзнагароджана навучэнка СШ № 1 Паліна Курловіч.
У намінацыі «паэзія» (ва ўзроставай катэгорыі 14-18 гадоў) дыплом II ступені ў Ангеліны Саўчык – выхаванкі аб’яднання па інтарэсах «Зацейнік» ЦДАДіМ. Таксама дзяўчына ўзяла дыплом III ступені ў фінале па выніках інтэрнэт-галасавання. У падарунак яна атрымала сертыфікат на публікацыю ў газеце «Пераходны ўзрост».
Дарэчы, на конкурс дзяўчына адправіла верш «Уладзіміру Караткевічу прысвячаецца…».
– Ён пра тое, што ў кожнага ёсць родны куток, які яму вельмі дарагі і пра які хочацца расказаць усім. Верш я сачыняла спецыяльна для конкурсу разам са сваім педагогам Ганнай Іванаўнай Буйко. Хачу падзякаваць усім, хто мяне падтрымліваў і за мяне галасаваў: бацькам, педагогам, сябрам і аднакласнікам, – гаворыць Ангеліна.
Па словах дзяўчыны, пісаць вершы яна пачала яшчэ ў чацвёртым класе. А яшчэ Ангеліна спрабуе сябе ў якасці вядучай.
Спадзяёмся, творчага запалу і энергіі юным талентам хопіць, каб яшчэ шмат разоў дасягнуць творчых алімпаў.
Ірына КУЗЬМІЧ.