Дыстанцыя дысцыплінуе. Супрацоўнікі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі ажыццяўляюць жорсткі кантроль за захаваннем супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў

Тое, што каранавірус стаў неад’емнай часткай нашага жыцця, цяжкааспрэчваць. Як і тое, што COVID-19 – небяспечны вірус. Таму па-ранейшаму аснова асноў – сацыяльнае дыстанцыраванне і выкананне санітарна-гігіенічных правілаў. Прычым гэта датычыцца як паводзін кожнага асобнага чалавека, так і работы розных устаноў і арганізацый. У зоне асаблівай увагі – установы аховы здароўя, аптэкі, гандлёвыя кропкі, аб’екты грамадскага харчавання, цырульні, салоны прыгажосці. Супрацоўнікі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі ажыццяўляюць жорсткі кантроль за захаваннем супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў.

– З пачатку мая праверылі амаль сотню аб’ектаў, на 13 з якіх, у асноўным у магазінах і цырульнях рознай формы ўласнасці, выяўлены парушэнні, якія датычацца незахавання мер прафілактыкі. У прыватнасці, адсутнічаюць антысептыкі, не належным чынам выконваецца рэжым дэзынфекцыі, няправільна выкарыстоўваюцца маскі. Як і за любое незахаванне санэпідрэжыму, за гэта прадугледжаны штраф. Калі парушэнні сур’ёзныя ці на адным і тым жа аб’екце выяўляюцца паўторна, то можа прымацца рашэнне аб спыненні дзейнасці аб’екта, – тлумачыць галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Ляхавіцкага раёна Віталій Ціханаў.

Нядаўна давялося пабываць у цырульні «Прэстыж» КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». Усе майстры ў масках і пальчатках, перад тым, як пачаць наводзіць прыгажосць кліенту, абавязкова апрацоўваюць рукі антысептыкам. Дарэчы, наведвальніку таксама настойліва рэкамендуюць адзець маску. Пасля таго, як справа зроблена (стрыжка, прычоска, манікюр, афарбоўка), зноў апрацоўваюць рукі, прапануецца прайсці гэту працэдуру і кліенту – на стале касіра-прыёмшчыка стаіць дазатар з антысептыкам. У асноўным прыём вядзецца па папярэднім запісе.

– Разумеем, што галоўнае – бяспека і нашых работнікаў, і наведвальнікаў. Таму  займаемся дэзынфекцыяй, некалькі разоў на дзень праводзіцца вільготнае прыбіранне. Кожны майстар мяняе маску праз две гадзіны. Прывыклі працаваць у такіх умовах, – адзначае майстар участка бытавога абслугоўвання камунгаса Зінаіда Кумейша.

Па расказах калег і знаёмых, аналагічныя супрацьэпідэмічныя меры выконваюць і майстры ў прыватных салонах прыгажосці.

Што тычыцца кропак гандлю, то, напэўна,у нашым райцэнтры няма ніводнага магазіна, дзе прадаўцы не былі б у поўным абмундзіраванні: маскі, пальчаткі. Магазін «Усходні» сёння адзін з самых запатрабаваных і папулярных не толькі сярод гараджан. Тут і супрацьэпідэмічныя меры на высокім узроўні.

– Прадукты патрэбны людзям заўжды, таму мы працягваем працаваць і падчас пандэміі каранавіруса. Прафілактыка – перш за ўсё. Увесь тавар прадаецца толькі ва ўпакоўцы. Кожныя дзве гадзіны праводзіцца вільготнае прыбіранне, асаблівая ўвага на дэзынфекцыю дзвярных ручак, пакупніцкіх кошыкаў, рабочых месцаў касіраў. У касавай зоне нанесена разметка, якая нагадвае пра сацыяльнае дыстанцыаванне. Пры ўваходзе ў гандлёвую залу –дазатар з антысептыкам, каб пакупнікі маглі апрацаваць рукі. Усе работнікі забяспечаны сродкамі індывідуальнай абароны: маскамі, экранамі, пальчаткамі, – гаворыць загадчыца магазіна Таццяна Андрушкевіч.

Дарэчы, пра раздзяляльныя лініі. Яны ёсць амаль ва ўсіх гандлёвых кропках райцэнтра. Аднак, адна справа намаляваць іх, ведаць пра сацыяльнае дыстанцыраванне. Зусім іншая – прытрымлівацца гэтага правіла. Што робяць, на жаль, не ўсе. А між тым, лепш папярэдзіць і абараніцца, чым потым падхапіць і лячыцца.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.