На каву і за эмоцыямі. Прэзентацыя прадэманстравала высокі патэнцыял гастранамічнага турызму Ляхавіччыны

– Даверце сваю раніцу, свой настрой нам. І мы вас не расчаруем, – гарантуе начальнік арганізацыі грамадскага харчавання і гандлю райпо Павел Макаўка (на здымку).

Адкажыце сабе на пытанне: вы заказваеце кубачак духмянай кавы толькі дзеля таго, каб атрымаць асалоду ад смаку? Магчыма, і не задумваецеся, але з кавай вы набываеце і свой настрой. Таму напітак павінен быць зараджаны толькі самымі пазітыўнымі эмоцыямі. З гэтым прынцыпам і працуюць работнікі грамадскага харчавання Ляхавіцкага райпо. Дарэчы, зарад са знакам плюс – абавязковы складнік іх любых страў.
І ў гэтым упэўніліся не толькі ляхавічане, якія палюбілі ўжо кафэ «Еда & Кофе» і рэстаран «Ластаўка», але і ўдзельнікі прэзентацыі, якая прадэманстравала высокі патэнцыял гастранамічнага турызму Ляхавіччыны: прадстаўнікі Брэсцкага аблспажыўсаюза, кіраўнікі і работнікі спажыўкааперацыі вобласці.
У мінулы чацвер яны «тэсціравалі» райпоўскія смачныя навінкі, пераймалі вопыт розных кулінарных нюансаў.

Ствараем ваш настрой

Рэстаран «Ластаўка» стаў стартавай кропкай прэзентацыйнай сустрэчы. Тут, на тэрасе з прыгожым відам на горад, удзельнікі дэгуставалі самыя розныя саладосці. У якасці аб’ектаў дэгустацыі –
сырнікі, блінчыкі з начынкамі, эклеры, пірожныя, пышныя дэсерты і шмат іншага. І ўсё гэта з мясцовай прапіскай вытворчасці. Многае, напрыклад, вырабляе Ляхавіцкі каапрам. Важны момант, які дадасць толькі прыемныя эмоцыі ад наведвання кафэ, – прыгажосць у падачы страў.
Дарэчы, падача страў была арганізавана па шведскай сістэме. Зацікавілі ўдзельнікаў сустрэчы марміты – станцыі для падтрымання тэмпературы гатовых страў. Свая кухня – на кухні. Там таксама дэманстраваліся навінкі ў захаванні, вакууміраванні прадуктаў. Апошняя тэхналогія пашырае кулінарныя магчымасці рэстарана. Удзельнікі прэзентацыі фатаграфавалі, удакладнялі, занатоўвалі – адным словам, майстар-клас ад ляхавіцкага райпо ў фотаздымках, відэазапісах раз’ехаўся па Брэстчыне.
Амаль год кафэ «Еда & Кофе» радуе ляхавічан шырокім асартыментам, утульнай душэўнай атмасферай. Кулінарныя навінкі перыядычна абнаўляюць меню кафэ, а ў дызайне – шмат цікавых рашэнняў.
За апошні месяц кафэ значна прыбавіла ў кулінарнай прапанове.
Сярод навінак – вафлі па-бельгійску. Выглядаюць не проста апетытна, а з прыстаўкай экстра. Таксама і на смак – пальчыкі абліжаш. Гэта з разраду дэсертаў.
Альтэрнатыва рэстараннаму абеду – паніні з тунцом, чыабата з курыцай-грыль, тарцілья, якія тут гатуюць хутка і вельмі смачна. Дабаўляе эстэтыкі і фірменная ўпакоўка, якая нагадае, нават дома (калі заказалі штосьці навынас), дзе вы набылі такую смакату. Значна пашырыўся і асартымент напіткаў.
Многія напіткі выглядаюць настолькі прыгожа, што гэтым настроем хочацца падзяліцца ў сваёй стужцы Instagram. Напрыклад, Crazy sheyk – гэта творчы падыход у падачы напітку; гэта настрой, які хочацца расцягнуць надаўжэй, падзяліцца з сябрам і пакаштаваць яшчэ. Не пакіне абыякавым і працэс прыгатавання многіх варыянтаў кавы – выглядае таксама эфектна.
А цяпер уявіце, які можа быць працяг дня, калі ён пачынаецца на свежым паветры, на прасторнай тэрасе ў цэнтры горада – вам падаюць снеданнне. Усё па класіцы: каша з рознымі дабаўкамі (манга, арэхі, разынкі), падсмажаныя сасіскі, тосты і ў завяршэнне – кава. Мара, якая рэальна з кафэ «Еда & Кофе».
Прычым кошт прыемна здзівіць – такая добрая раніца абыдзецца ўсяго ў 6 рублёў.
Удзельнікі прэзентацыі, безумоўна, былі ў смачнай эйфарыі. Але заўважылі адну вельмі важную рэч: калі ўсё ад душы, тады нават самы звычайны чай становіцца намнога смачнейшым.
– Чалавек ідзе да нас не проста за кавай, ён прыходзіць з пэўнымі думкамі, настроем, і наша мэта – зрабіць яго дзень лепшым. А гэта магчыма толькі тады, калі бармэн, шэф-повар літаральна жывуць сваёй справай, калі заўважаюць кожную дэталь. А менавіта нюансы – прыгожая ўпакоўка, візітоўка, смачная падзяка ад шэф-повара – могуць перамяніць настрой чалавека, прымусіць думаць пазітыўна, – расказвае начальнік арганізацыі грамадскага харчавання і гандлю райпо Павел Макаўка.
Надзвычай творчы, крэатыўны і вельмі таленавіты. Гэта пра яго. Дарэчы, у свае 30 гадоў ён з’яўляецца старшынёй Беларускай федэрацыі шэф-повараў і кандытараў, ганаровым членам Федэрацыі шэф-повараў і кулінараў Украіны, Чарназёмскай асацыяцыі шэф-повараў і рэстарацыі, узнагароджаны ганаровым ордэнам Македонскай асацыяцыі шэф-повараў, ордэнам Швейцарскай акадэміі кулінарыі і гасціннасці.
А ў дадатак яшчэ і правільная рэлакс-музыка, «смачны» сюжэт на экране – і сюды хочацца вяртацца зноў і зноў. Такі просты рэцэпт ад нашых райпоўскіх кулінарных майстроў.

Пазбавіцца ад стэрэатыпаў

Удзельнікі прэзентацыі наведалі і іншыя гандлёвыя аб’екты, кропкі грамадскага харчавання – вучыліся-вучылі, дзяліліся меркаваннямі, задавалі пытанні.
Пагадзіцеся, ранейшы стэрэатып, што райпоўскія кафэ і іншыя аб’екты часам не адпавядаюць сучаснасці, выглядаюць кансерватыўна, даўно застаўся ў мінулым. І, шчыра кажучы, канкурыраваць прыватнікам з такой прапановай, безумоўна, цяжкавата. Ляхавіцкае райпо годна прэзентуе сябе. І варта адзначыць, прэзентуе раён у кантэксце гастранамічнага турызму.
– Сёння мы арыентуемся на сучасныя падыходы ў грамадскім харчаванні, у многім вучымся ў нашых еўрапейскіх калег падчас выязных семінараў.
І, як бачым, у нас атрымліваецца яшчэ лепш: талент і крэатыў работнікаў райпо высокі, і яны могуць іх рэалізаваць. Што і дэманструе Ляхавіцкі раён, які ўвогуле ў многім з’яўляецца прыкладам для калег у плане сучаснага падыходу ў абслугоўванні насельніцтва, асабліва ў грамадскім харчаванні. На Брэстчыне аб’екты такога фармату ўжо не рэдкасць, штогод адкрываюцца і задавальняюць кліентаў, – адзначае намеснік старшыні праўлення Брэсцкага аблспажыўсаюза Ларыса Казлова.

Апетытна выглядаюць стравы райпоўскай кухні, бо ў працэсе гатоўкі мясцовыя кулінары ўкладваюць не толькі свае талент, здольнасці, але і душу, дэманструючы любоў да справы.
Заходзьце на наш відэаканал і пераканайцеся самі, што і за працэсам гатоўкі можна назіраць бясконца. Гэта выглядае апетытна, як, дарэчы, і на смак.

Маргарыта КУХТА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА
і Маргарыты КУХТА.