У адпаведнасці з Выбарчым кодэксам і каляндарным планам

На мінулым тыдні прыступілі да работы тэрытарыяльныя камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Як паведамлялася, раённая камісія ўтворана ў складзе 13 чалавек.

Зразумела, што перад такой важнай палітычнай падзеяй, як выбары Кіраўніка дзяржавы, праводзіцца вялікая арганізацыйная работа. Частка яе ўскладаецца менавіта на тэрытарыяльныя камісіі.
Сярод шматлікіх задач, што стаяць перад раённай камісіяй, напрыклад, узгадненне ўтварэння ўчасткаў для галасавання, а таксама праектаў рашэнняў аб вызначэнні месцаў для правядзення агітацыйных мерапрыемстваў і размяшчэння агітацыйных матэрыялаў, кантроль за выкананнем участковымі камісіямі заканадаўства аб выбарах і аказанне гэтым камісіям практычнай дапамогі, праверка сапраўднасці подпісаў выбаршчыкаў у падпісных лістах і ўстанаўленне вынікаў галасавання. Належыць зрабіць вельмі многае. Усё – у строгай адпаведнасці з Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь і каляндарным планам Цэнтрвыбаркама. Так, утварэнне ўчасткаў для галасавання – справа ўжо бліжэйшых дзён.
З 22 мая арганізавана штодзённае (акрамя нядзелі) дзяжурства членаў раённай камісіі для прыёму грамадзян па пытаннях, што датычаць выбараў. У будныя дні можна звярнуцца ў камісію з 10 да 19 гадзін (перапынак з 14 да 15 гадзін), у суботу з 10 да 14 гадзін. Нагадаю, што раённая камісія па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь размясцілася ў Доме Саветаў (г. Ляхавічы, плошча Леніна,3) у кабінеце № 423. Нумар тэлефона – 6-06-38.
Ужо больш за тыдзень – з 21 мая – у краіне праходзіць кампанія па зборы подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты. Пакінуць свой аўтограф у падпісным лісце – гэта адна з магчымасцяў прыняць непасрэдны ўдзел у кіраванні дзяржавай.
Каб вылучыцца кандыдатам у Прэзідэнты, прэтэндэнты павінны заручыцца падтрымкай не менш як 100 тысяч паўналетніх грамадзян Беларусі, якія валодаюць выбарчым правам. Збіраць подпісы выбаршчыкаў могуць толькі члены ініцыятыўнай групы. У кожнага з іх ёсць дакументы з фотаздымкам, што пацвярджаюць асобу, і пасведчанне, выдадзенае Цэнтрвыбаркамам.
Хацелася б нагадаць землякам: выбаршчык мае права паставіць подпіс у падтрымку некалькіх кандыдатур, што прапануюцца для вылучэння кандыдатамі ў Прэзідэнты, але ў падтрымку адной і той жа кандыдатуры – толькі адзін раз.
Члены ініцыятыўных груп пры зборы подпісаў могуць прадастаўляць грамадзянам для азнаямлення інфармацыйныя матэрыялы з біяграфічнымі данымі асоб, у падтрымку якіх збіраюцца подпісы. Але ніякія друкаваныя матэрыялы выбаршчыкам не раздаюцца, і агітацыя не праводзіцца. Ніхто не мае права пры зборы подпісаў аказваць ціск на выбаршчыкаў, абяцаць узнагароджанне.
Даволі папулярная форма збору подпісаў – пікетаванне. Дарэчы, атрыманне дазволу на яго правядзенне не патрабуецца, калі яно праходзіць у месцах, не забароненых мясцовай уладай. Рашэнне Ляхавіцкага райвыканкама ад 14 мая 2020 года № 472 «Аб вызначэнні месцаў, забароненых для правядзення пікетавання з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь» размешчана на інтэрнэт-старонцы райвыканкама і было надрукавана ў раённай газеце за 16 мая.
Варта ведаць, што звесткі пра выбаршчыка ўносяцца ў падпісны ліст толькі рукапісным спосабам. Гэта можа зрабіць сам выбаршчык ці нехта па яго просьбе, у тым ліку член ініцыятыўнай групы. А вось подпіс і дату яго ўнясення ў падпісны ліст выбаршчык ставіць уласнаручна.
І яшчэ адна важная акалічнасць. Ва ўмовах сённяшняй эпідэміялагічнай сітуацыі члены ініцыятыўных груп павінны прытрымлівацца рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя: прымяняць маскі, апрацоўваць рукі і прадметы, што выкарыстоўваюцца, антысептыкам і г. д.
Перыяд вылучэння кандыдатаў працягнецца па 19 чэрвеня ўключна. Не пазней гэтай даты каардынатары ініцыятыўных груп па раёнах павінны перадаць падпісныя лісты ў адпаведныя раённыя камісіі. У камісіі будзе дзесяць дзён, каб праверыць сапраўднасць подпісаў выбаршчыкаў і забяспечыць дакладнасць даных пра колькасць такіх подпісаў.
Наталля КУЛАК, старшыня Ляхавіцкай раённай камісіі
па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.