У маі 2020-га. У ААТ «Шлях новы» працягваецца касавіца
Апошні месяц вясны цяплом так і не парадаваў. А паміж ходам спраў у сельскай гаспадарцы і ўмовамі надвор’я існуе цесная сувязь.
Ад агульнага
Найважнейшы на даным адрэзку часу клопат аграрыяў увабраў у сябе мільён адценняў зялёнага. Сказанае зусім не азначае, што па-за перыметрам корманарыхтовак спраў у працаўнікоў палёў няма.
Перш чым «далучыцца» да работы корманарыхтоўшчыкаў ААТ «Шлях новы», давялося стаць сведкам работы паляводаў не «зялёнай» спецыялізацыі. Спачатку быў заўважаны трактар з акучнікам у якасці рабочага органа. Далей – больш: праз паўтысячы метраў ад апошняга – новы палетак і іншы сельскагаспадарчы падрад. Выконваючы абавязкі галоўнага агранома ААТ «Шлях новы» Іван Захар’ян патлумачыў: у першым выпадку праводзілася так званае сляпое акучванне бульбяных пасадак.
– Гэта соткі людзей, нашых работнікаў. У цэлым, прыватных бульбяных плошчаў у гаспадарцы каля чатырох дзясяткаў гектараў, размешчаных у чатырох месцах. Тое, што бачылі, – адно з такіх, – адзначыў Іван Валер’евіч.
Наступная на шляху на касавічны палетак «Шляху новага» карцінка з натуры – вядзенне работ па хімічнай праполцы яравых зерневых. І, несумненна і аб’ектыўна, парай пералічаных падрадаў палявыя клопаты гаспадаркі і АПК у цэлым зараз далёка не абмяжоўваюцца.
Але галоўная і, бадай, самая высокая стаўка цяперашняга часу – на зялёнае. На той момант касьбу траў з мэтай яе наступнай закладкі ў якасці сенажу «Шлях новы» не ажыццяўляў. Часовым арыенцірам для пачатку такога віду работ можа служыць адзін з дзён наступнага тыдня. Усё, што косіцца зараз, адразу ж і выкарыстоўваецца: у адным выпадку ідзе на корм, у іншым – на падкормку буйной рагатай жывёле. У чым адметнасці такога ўдакладнення, падобнай дыферэнцыяцыі? Начную падкормку атрымліваюць гурты, якія прыходзяць з пашы. У «Шляху новым», аднак, не ўсе яны такія. Частка рагуль утрымліваецца ў стойле на пастаяннай аснове, а зялёная маса служыць ім у якасці аднаго і, магчыма, галоўнага інгрэдыента рацыёну.
Касьба канюшыны
Выглядала культура няблага – густым зялёным дываном. Падалося, што на асобных лакацыях у вышыню яна падымалася ці не на паўаршына. Машыніст кормаўборачнага камбайна Віктар Жмурко (на здымку) у сваіх ацэнках больш сціплы.
– Бачылі і лепшае. Напрыклад, летась у гэты час расліна ўжо ва ўсю сваю прыгажосць «выкінула» кветкі. Знайдзіце зараз хоць адну, – азадачвае пытаннем Віктар Фёдаравіч.
Зрэшты ўраджай зялёнай масы благім не здаецца. Аўтамабілі-адвозчыкі, а ў якасці такіх служаць тры аб’ёмныя МАЗы, напаўняюцца дастаткова хутка, «чаўночаць» шпарка і ў шляху затрым-ліваюцца нядоўга.
Растлумачыў механізатар і наступны – пасляўборачны – расклад. Убіраць травой-атавай гэты ўчастак канюшыннага поля гаспадарка не збіраецца. Наступны раз камбайн-уборшчык наведаецца на гэты прастор позняй восенню і ўжо за насеннем.
Работу тэхнікі вельмі шчыльна суправаджалі буслы. На не слабы гул матораў птушкі быццам бы і не рэагавалі, паводзілі
сябе паважна, у пошуках спажывы рухаючыся па пятах камбайна.
– Яны мясцовыя, не баяцца, – пажартаваў з той нагоды Віктар Жмурко.
Зямля, яна для ўсіх карміцелька, падумалася відавочнае.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.