На адной мове з прыродай. Карэспандэнт «ЛВ» напярэдадні Дня аховы навакольнага асяроддзя адправіўся разам са спецыялістамі райінспекцыі ў рэйд

Існуе меркаванне, што інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя сочыць толькі за тым, каб выконваліся правілы палявання і рыбалкі, за чысцінёй абочын, пляжаў і зон адпачынку, лясоў, лічыць колькасць чырванакніжных жывёл і раслін. Аднак, зона адказнасці гэтай службы нашмат шырэй.

Карэспандэнт «ЛВ» напярэдадні Дня аховы навакольнага асяроддзя адправіўся разам са спецыялістамі райінспекцыі ў рэйд, каб паглядзець, як выконваюцца розныя прыродаахоўныя правілы, і наколькі берагуць прыроду нашы землякі.

Каб купальны сезон не абярнуўся бядой 

Перш за ўсё, правяраем вадаёмы, на якіх могуць быць месцы несанкцыянаванага купання. Наступіла лета, і з прыходам гарачага надвор’я гэтае пытанне будзе актуальным.

Вадасховішча Мінічы знаходзіцца ў арэндзе. Сюды людзі прыязджаюць лавіць рыбу і адпачываць. А вось купанне тут забаронена, пра што нагадвае яркая шыльда на беразе. За гэта прадугледжаны штраф ад адной да трох базавых велічынь. Тэрыторыя ў парадку: на беразе расстаўлены кантэйнеры для смецця, у тым ліку для паасобнага збору.

Такая ж гісторыя і з наліўной сажалкай Востраў. З 2017 года яе ўзялі ў арэнду, купацца тут таксама забаронена. Усе правілы гаспадарамі выкананы: ёсць шлагбаўмы, вісіць папераджальная шыльда. Пытанняў у інспекцыі няма.

Каля Нетчынскага вадасховішча звяртаем увагу на прыпаркаваны аўтамабіль. Спецыялістаў цікавіць, на якой адлегласці ён знаходзіцца ад вады. Па правілах транспартны сродак павінен размяшчацца не бліжэй чым за 30 метраў ад акваторыі. З гэтым усё ў парадку. А вось смецце, раскіданае на беразе, – непарадак. Рэкамендацыі па навядзенні чысціні спецыялісты накіруюць у КСУП «Ліпнянка».

З месца – у кар’ер

Адзін з напрамкаў у рабоце райінспекцыі – маніторынг стану ўнутрыгаспадарчых кар’ераў. У Ляхавіцкім раёне іх 15, яны размешчаны на плошчы 12,8 гектара. За час рэйду мы наведалі два аб’екты, але што тычыцца парадку, то сітуацыя ў іх зусім розная.

Адзін з такіх кар’ераў знаходзіцца недалёка ад вёскі Шчэрбава. Тут для сваіх патрэб пясчана-гравійную сумесь здабывае Ляхавіцкі лясгас. Кар’ер абсталяваны па ўсіх правілах: зняты ўрадлівы пласт (каб, калі здабыча сумесі скончыцца, маглі аднавіць расліннасць на месцы кар’ера), стаіць шыльда, на якой размешчаны інфармацыя пра землекарыстальніка, рашэнне райвыканкама і г. д. Здабываюць пясок і гравій на глыбіні не больш за пяць метраў, кар’ер абгароджаны. Адзін нюанс – з-за дажджу трохі размыла шлагбаўм, аднак гэта можна выправіць за лічаныя хвіліны.

Зусім іншая сітуацыя каля вёскі Траццякоўцы. Тут размешчаны кар’ер КСУП «Ліпнянка». Шыльды няма, і невядомыя пачалі ў яго звазіць будаўнічае і бытавое смецце. Паціху месца пачынае запаўняцца бітымі цаглінамі, бутэлькамі і бляшанкамі з-пад фарбы…

– Каб месца не ператварылася ў стыхійную звалку, меры трэба прымаць неадкладна. Сігнал будзе ў бліжэйшы час адпраўлены ў арганізацыю, – гаворыць начальнік райінспекцыі Іна Траяноўская.

Як расказала начальнік райінспекцыі Іна Траяноўская, за пяць месяцаў 2020 года інспекцыя ўжо правяла 60 маніторынгаў па раёне. За гэты час было выдадзена 120 пунктаў рэкамендацый, састаўлена 24 пратаколы, а сума выплачаных штрафаў склала амаль сем тысяч рублёў.

Каб сметнікі не раслі як грыбы 

– Калі параўноўваць сітуацыю 10-15 гадоў таму, то цяпер наш раён стаў прыкметна чысцейшым, а людзі – больш свядомымі. Добра арганізаваны вываз смецця, ёсць кантэйнеры для паасобнага збору адходаў. Галоўнае – не ленавацца данесці сваё смецце ў спецыяльна адведзенае для гэтага месца, – разважае галоўны спецыяліст Аляксандр Курловіч, пакуль мы едзем па маршруце рэйду.

У Галаўнінцах, на першы погляд, пануюць спакой і парадак. Але ад супрацоўнікаў райінспекцыі не схаваецца ні адзін нюанс.

На мясцовых могілках усё прыбрана: трава акуратна падкошана, ёсць спецыяльнае месца для смецця, тэрыторыя абгароджана. А вось за агароджай адкрываецца від, які псуе ўсю карціну: спілавалі дрэва,
а галіны звалілі ў кучу. Рэкамендацыі ад прыродаахоўнай службы ў бліжэйшы час будуць накіраваны ў арганізацыю, якая абслугоўвае гэтую тэрыторыю.

У вёсцы на вуліцах таксама чыста: каля кожнага дома смецце пакінута арганізавана ў пакетах, каб яго вывезлі. Але зноў натыкаемся на безадказнае стаўленне да парадку: нейкі нядбайны гаспадар выкапаў яму недалёка ад прыватных дамоў і скінуў туды старыя пакрышкі ад веласіпеда, і бытавое смецце.

Міні-звалка гэта справа рук аднаго чалавека ці «калектыўная» работа – будуць разбірацца ў сельвыканкаме, куды прыродаахоўная служба накіравала рэкамендацыі. Дарэчы, праблема менш чым за суткі была аператыўна ліквідавана. Смецце вывезлі, а яму закапалі.

Знішчыць корань праблемы 

Далей адпраўляемся ў аграгарадок Тальмінавічы. Тут, недалёка ад населенага пункта, на ўскрайку лесу знішчаюць апошні ўчастак, дзе расце баршчэўнік Сасноўскага. Калі ў мінулым годзе на тэрыторыі раёна гэта небяспечная расліна сустракалася на плошчы гектара, то сёлета яна засталася расці толькі тут. У планах райінспекцыі – знішчыць гэтую расліну цалкам.

Чаму да баршчэўніку лепш не падыходзіць, ведаюць, напэўна, усе. З выгляду бяскрыўдная расліна выдзяляе сок, які, трапляючы на скуру, выклікае цяжкія апёкі. У соку змяшчаецца рэчыва, якое робіць скуру вельмі адчувальнай да ультрафіялету. Небяспечныя ўсе часткі расліны –лісце, сцябло, плод. Нават простага дотыку дастаткова, каб атрутны сок трапіў на скуру, і пад уздзеяннем сонечнага святла ўтварылася запаленне. Прычым, сок можа трапіць на скуру нават праз вопратку. Гояцца такія апёкі вельмі доўга і балюча.

Як расказаў Аляксандр Курловіч, змагаюцца з гэтай раслінай радыкальна: спачатку месца, дзе яна расце, апрацоўваюць гербіцыдамі, потым зямлю перакопваюць плугам, каб разрэзаць карэнішча. Затым гэтае месца яшчэ раз апрацуюць дыскамі, каб не даць ніводнага шанцу шкоднай расліне вырасці зноў. Аднак, маніторынг гэтых месцаў працягнецца.

На гэтым наш рэйд скончыўся. Але толькі для мяне. Калектыў райінспекцыі працягвае сачыць за парадкам у нашым раёне штодзённа.

Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота аўтара.