Зялёная нядзеля для аграрыяў з ДП «Нача»

Адно з галоўных і самае «зялёнае» з праваслаўных святаў прыйшлося сёлета на 7 чэрвеня. Ды і сам гэты дзень – Святой Троіцы – мы ведаем як Зялёную нядзелю. Такой яна і была для працаўнікоў сельскай гаспадаркі.
У тым ліку, аграрыяў з ДП «Нача» – галоўнага агранома прадпрыемства Леаніда Ксёнжыка і механізатара Віктара Кунцэвіча (на здымку справа налева)

Не святочнай, канешне, а глыбока касавічнай, як папярэдняя субота і наступны, як мінімум, панядзелак, аказалася мінулая нядзеля. Каляндар і надвор’е нарэшце паміж сабой дамовіліся, і аграрыі атрымалі магчымасць працаваць па нарыхтоўцы кармоў без аглядкі на, меўшыя месца раней, кліматычныя выключэнні.
Як даводзіць аператыўная статыстыка райсельгасхарчу, цягам аднаго толькі гэтага дня кармавыя закладкі ў раёне павялічыліся некалькі больш як на дзве тысячы тон і, па стане на раніцу панядзелка, у валавым значэнні перавысілі 16 тысяч тон сенажу. Думаецца, хваліцца прыведзенай лічбай ніякі не сэнс, паколькі год назад сукупныя сянажныя нарыхтоўкі раённых аграрыяў даволі істотна перавышалі тое, што маем сёлета. Але і змаўчаць пра аб’ектывізм сітуацыі – халодную вясну, якая зусім не спрыяла «выганцы» шматгадовых траў, нярэдкія дажджы ў якасці стрымліваючага фактару – шчырасці нашым сённяшнім разважанням не дабавіла б.
Пад першаўкосныя плошчы-2020 у раёне адведзена 11 тысяч шматгадовых зялёных гектараў. З іх больш за 4,5 тысячы скошаны і, прыкладна, тры чвэрці ад скошанага ўбрана – упарадкавана ў сянажныя траншэі або закансервавана метадам рулонна-плёначнай упакоўкі. На цяперашнім этапе названую, ці не самую перадавую, як яе характарызуюць, тэхналогію адаптавалі пад сябе чатыры нашыя сельгаспрадпрыемствы: СВК «Ляхавіцкі»,
ААТ «Шлях новы» і «Ляхавіцкі райаграсэрвіс», а таксама ЗАТ «Белпрампрыбор». У цэлым на квартэт названых падобным чынам падрыхтавана ўжо больш за 1,3 тысячы тон кармавой прадукцыі.
У кожнага з сельгаспрадпрыемстваў свая касавічная дыстанцыя, свае ж тэмпы яе праходжання, выніковасць. Адзінкавыя з іх знаходзяцца пакуль толькі на стартавым адрэзку, чвэрць запланаванага касавічнага шляху прайшлі іншыя, а асобныя з ліку рупліўцаў-актывістаў «размянялі» ўжо свой касавічны экватар.
Так, «Ляхавіцкі», «Белпрампрыбор», «Нача» на прыкладна 60-80 працэнтах сваіх плошчаў адкасіліся. Пераважная частка скошаных траў вылежалася, убрана сянажнай масай і належным чынам упарадкавана: пад плёнку, як адзначалася вышэй, ці старым добрым траншэйным, што абсалютна пераважна, спосабам.
У мінулы панядзелак зялёнае жніво ў ДП «Нача» прадаўжалася не ў рэжыме канвеера. Такое фінішнае тэхналагічнае звяно, як закладка сыравіннай масы ў траншэю, адсутнічала. За дзень да таго была завершана закладка чарговай сянажнай траншэі, якіх ужо некалькі – на тэрыторыі МТФ «Цэнтр» і фермы «Пашкоўцы». А, умоўнай мовай кажучы, скошанае сёння – сянажнай масай стане заўтра. Будзе ўбрана і папоўніць кармавы запас статкаў МТФ «Зубелевічы».
Тут і зараз у якасці касца Віктар Кунцэвіч. Даведаўшыся пра мэту нашага прыезду жартуе:
– Як адчуваў, што будзеце, – учора пастрыгся.
Магутны «Беларус» у пары з шыроказахватнай касілкай рухаюцца даволі шпарка, пакідаючы за сабой ледзь ці не дзесяць метраў скошанай паласы. Навясны агрэгат, што, дарэчы сказаць, некалі быў сабраны на вытворчых пляцоўках нашага ж райаграсэрвісу, мае сваю спецыфіку. Акрамя ўласна скошвання, валодае функцыямі плюшчэння травы і так званага ўспушвання пракосаў. Бонусы з’яўляюцца самымі што ні на ёсць утылітарна-практычнымі. Працэс паспявання зялёнай масы ў масу сянажную дастаткова паскараецца. У выпадку найбольш спрыяльных умоў праз 4-5 гадзін пасля касілкі на зялёны палетак можна выводзіць камбайн-корманарыхтоўшчык. Пра ўсё гэта і іншае, датычна зялёнага жніва, даведваемся ў размове з механізатарам Кунцэвічам.
Канчатковую яркасць фарбаў касавічная карціна набывае ў размове-дапаўненні з галоўным аграномам гаспадаркі Леанідам Ксёнжыкам:
– Умовы вясны, канешне, не маглі не пакінуць адбітак на ўраджайнасці шматгадовых. Апошні прыкладна тыдзень выдаўся са знакам плюс. На фоне вільгаці і цяпла травы падраслі. Сёння ўраджайнасць «паказвае» на 160-170 цэнтнераў зялёнай масы з гектара. А вось, калі пачыналі, на першым этапе касьбы лічбы былі адчувальна меншымі. За нас, лічу, выступіў і факт своечасовай падкормкі трава-лугавых угоддзяў. У свой час у кожны шматгадовы гектар унеслі па 2,2 цэнтнера ў фізічнай вазе карбаміду-аміячных тукаў.
Для аграрыяў кампанія ўборкі шматгадовых траў – свайго роду момант ісціны, ці не поўная канцэнтрацыя сіл і сродкаў. Паспець і не спазніцца з’яўляецца толькі адной з вяршынь росту. Яшчэ і ці не на першае месца выходзіць паказчык якасці кармавых нарыхтовак. Зрэшты, абодва гэтыя бакі кормаўборачнага медаля не ўяўляюцца паасобку: тэмпы касавіцы ёсць яе якасць
і наадварот. На тым і стаяць начаўскія аграрыі.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.