Вашаму дзіцяці – флікер. З такімі словамі ў Ляхавічах спынялі вадзіцеляў супрацоўнікі АДАІ

З такімі словамі ў мінулую пятніцу ў райцэнтры спынялі вадзіцеляў супрацоўнікі АДАІ. Карысныя падарункі былі прымеркаваны да акцыі «Увага – дзеці!», якая праходзіла напярэдадні летніх канікулаў з 25 мая па 5 чэрвеня.


– Лічу сябе законапаслухмяным вадзіцелем, для якога правілы дарожнага руху – аснова асноў. Не стамляюся паўтараць дачцэ пра паводзіны на дарозе. Увагу акцэнтую на бяспечных месцах гульні ў мяч, там, дзе можна катацца на веласіпедзе. Вельмі прыемна атрымаць ад міліцыянераў флікер. Абавязкова перадам яго дачцэ, –
падзяліўся вадзіцель, якога спынілі супрацоўнікі АДАІ з падарункавай місіяй.
Галоўная мэта акцыі – пазбегнуць траўматызму дзяцей на дарогах. За перыяд дзеяння комплексу спецыяльных мерапрыемстваў «Увага – дзеці!» да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 48 вадзіцеляў, з якіх 16 рухаліся днём без уключанага блізкага святла фар. Два  аўтааматары не прапусцілі пешаходаў на «зебры». А тры вадзіцелі знаходзіліся за рулём транспартных сродкаў без права на кіраванне. Прычым два з іх спынены паўторна на працягу года. За данае парушэнне ПДР іх чакае штраф ад 20 да 50 БВ ці адміністрацыйны арышт, расказаў «ЛВ» начальнік АДАІ Андрэй Гаўрыльчык.
Андрэй Мікалаевіч нагадвае вадзіцелям пра максімальную ўважлівасць на дарозе, асабліва пры праездзе пешаходных пераходаў, у дварах і на вясковых шляхах – дзеці летам большую частку часу праводзяць на вуліцы.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.