Здаровая дынаміка. Ляхавіччына – раён спартыўны

Ляхавіччына – раён спартыўны. Што ні пакаленне землякоў, то абавязкова ўспыхвае зорачка, якая славіць сваю малую радзіму.

З якім азартам год назад выбірала ў інтэрнэт-магазіне палкі для скандынаўскай хадзьбы. Вырашыла разам з сяброўкай заняцца, як тады здавалася, самым прымальным для сябе спосабам умацаваць здароўе, набрацца сіл і энергіі, паклапаціцца пра імунітэт. Кожны вечар прыблізна пасля дзевяці гадзін па «скандынаўскай» методыцы «маршыравалі» па распрацаваным маршруце: Савецкая – Юбілейная і далей на стадыён «Колас», дзе рабілі 4-5 кругоў, потым вярталіся па вуліцы Леніна дамоў. Адразу скажу: сапраўды захоплівае, атрымліваеш своеасаблівую асалоду. Так, першыя некалькі дзён балелі мышцы рук і ног, затое сон стаў глыбокі, бадзёрасць узмацнілася, ды і кілаграмы павольна знікалі. На жаль, хапіла нас не надоўга: то адна прычына перашкаджала хадзьбе на свежым паветры, то другая. Так што скандынаўскія палкі пакуль адпачываюць, чакаюць свайго чарговага выхаду ў свет. Але і сёння жадаючых заняцца «скандынаўкай», нягледзячы на каранавірус, менш не становіцца.

– Скандынаўскай хадзьбой займаюся некалькі гадоў. Такую методыку параіла сяброўка, якая ў Расіі наведвае адпаведны клуб. Спачатку хадзіла адна, потым падключылася суседка. Раней падчас заняткаў больш размаўлялі, цяпер падпарадкоўваемся агульным правілам – вытрымліваем сацыяльную дыстанцыю, – расказвае 63-гадовая ляхавічанка Валянціна Сяргееўна.
Можна сустрэць на стадыёне і тых, хто бегае круг за кругам, прыязджаюць і аматары пакатацца на веласіпедзе – хапае дзяцей, падлеткаў і дарослых.
– Веласіпед – самы лепшы трэнажор для здароўя. За апошнія некалькі гадоў, як пастаянна езджу на двухколым, ні разу ніякай прастуды не падхапіў. Дома ў Ляхавічах у мяне ўласны веласіпед, у Мінску, дзе працую, – бяру напракат. Раю веласіпед усім сваім сябрам і знаёмым, – упэўнена сцвярджае 26-гадовы Максім.
Яшчэ адно папулярнае ў прыхільнікаў спорту і здаровага ладу жыцця месца – варкаўт-пляцоўка. Варкаўт-гісторыя ў Ляхавіцкім раёне пачалася ў 2017 годзе. Тады сярод колішніх чатырох пераможцаў конкурсу мясцовых ініцыятыў, які праводзіцца ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», апынулася і сацыяльна-спартыўная ідэя. Дакладней – уладкаванне на тэрыторыі гарадскога стадыёна «Колас» варкаўт-пляцоўкі. Аўтар ініцыятывы «Даступны спорт для кожнага» – міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Экапраект». А рэалізоўвалася яна пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза па Праграме развіцця ААН.
Ляхавіцкі раён невыпадкова выбраны месцам рэалізацыі гэтай ідэі. Як падкрэслівалі ініцыятары праекта, у нас ёсць уся неабходная інфраструктура для стварэння такога  спартыўнага міні-гарадка: побач СДЮШАР з выдатнай базай. Плюс зацікаўленасць улады ў тым, каб дзеці і дарослыя займаліся фізкультурай.
«Экапраект» на працягу года рэалізоўваў ініцыятыву сумесна з аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама (тады так называўся аддзел па адукацыі). Кошт міні-гарадка – 22348 еўра, з якіх 19663 еўра – інвестыцыі Еўрасаюза, астатняе выдаткавана аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Паўдзельнічалі і іншыя арганізацыі раёна, так, ДРБУ-200 зрабіла дарожку да пляцоўкі.
Турнікі, брусы, шведская сценка, кольцы, рукаход і іншыя спартыўныя прылады, раздзеленыя на некалькі трэнажорных комплексаў рознага памеру, усталяваны на гумавым пакрыцці (агульная плошча – 120 квадратных метраў) – адразу заваявалі папулярнасць у ляхавічан. Канцэпцыя даступнасці спорту для кожнага падтрымліваецца і тым, што побач размясціўся спецыяльны корпус для заняткаў фізкультурай людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Няма такога дня, каб варкаўт-пляцоўка пуставала: прыходзяць сюды сем’ямі.
– Старэйшы дзевяцігадовы сын просіць пры-водзіць яго на пляцоўку штодня. За ім падцягнулася і дачка, ёй праўда ўсяго чатыры гады, але любіць і на кольцах павісець, і па сценцы палазіць. Для мужа таксама занятак знаходзіцца. Я пакуль у якасці кантралёра і назіральніка. Хаця некаторыя маладыя мамы разам з дзецьмі займаюцца, – гаворыць ляхавічанка Анастасія.
Летась чарговы прыемны сюрпрыз падрыхтавалі для тых, хто жадае быць здаровым, дужым, энергічным. У райцэнтры ўстаноўлена веладарожка, працягласць якой складае 2,5 кіламетра па вуліцах Леніна – Дзесюкевіча.
– Імкнёмся разнастаіць вольны час землякоў. Ствараем належныя ўмовы для дарослых ляхавічан, якія прапагандуюць здаровы лад жыцця. У нас не першы год паспяхова працуе мужчынская трэнажорная зала. Запатрабаваны асабліва ў прадстаўнікоў моцнага полу настольны тэніс, більярд. Нямала аматараў сауны і лазні. Акрамя таго, на базе школы працуюць два індывідуальныя прадпрымальнікі, якія праводзяць заняткі на платнай аснове па фітнесе і пілатасе, – адзначае дырэктар СДЮШАР Валянціна Русакевіч.
Плюс да ўсяго зімой тут можна ўзяць напракат лыжы, канькі, а ў цёплую пару года – веласіпеды.
І, калі ўсё вышэй-пералічанае адносіцца да аматарскага спорту і папулярызацыі здаровага ладу жыцця, то побач – кузня спартыўных кадраў. У спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву (такі статус спартыўная школа, адкрытая ў 1984 годзе, атрымала ў 2017 годзе за плённую і выніковую работу аддзялення дзюдо) па чатырох відах спорту (дзюдо, футбол, гандбол, лёгкая атлетыка) займаюцца
448 хлопчыкаў і дзяўчынак. За апошнія пяць гадоў СДЮШАР (у яе таксама ўваходзяць Ляхавіцкі раённы фізкультурна-спартыўны клуб, Русінавіцкі і Свяціцкі ФАК) падрыхтавала 10 кандыдатаў у майстры спорту,  20 першаразраднікаў. У нацыянальную і зборную каманды Беларусі ўвайшлі 42 прадстаўнікі Ляхавіччыны. На разнастайных абласных спартыўных спаборніцтвах заваявана 273 медалі, на рэспубліканскіх – 60.
За перамогамі, медалямі, паспяховымі выступленнямі юных ляхавіцкіх спартсменаў – важкая дзяржаўная падтрымка і клопат пра падрастаючае пакаленне. За пяцігодку зроблена нямала.
З ліпеня 2017-га па жнівень 2018 года праводзіўся капітальны рамонт СДЮШАР. Што атрымалася? Рабят і выкладчыкаў сустрэлі адрамантаваная зала для гульні ў гандбол, новая падлога, вокны, раздзявалкі, санітарныя пакоі. Усё разам – выдатныя ўмовы для падрыхтоўкі будучых чэмпіёнаў. На гэтыя мэты пайшло амаль 500 тысяч рублёў, з якіх каля 400 тысяч рублёў выдаткаваў абласны бюджэт, астатняе – раённы бюджэт і спонсары.
Дарэчы, чарговае пацвярджэнне, што Ляхавіцкая СДЮШАР на правільным шляху, атрымана ў 2018 годзе. Па выніках работы наша спартыўная кузня заняла ганаровае другое месца ў абласным аглядзе-конкурсе па спорце высокіх дасягненняў і падрыхтоўцы спартыўнага рэзерву.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

За апошнія гады ў галіне спорту і турызму ўведзены наступныя аб’екты: спартыўны комплекс са спартыўнай і трэнажорнай заламі на базе КУП ДРАЦ «Світанак» у Пінскім раёне, футбольны манеж у г. Брэсце, інтэрнат на 200 месцаў ва УА «Брэсцкае дзяржаўнае абласное вучылішча алімпійскага рэзерву» ў г. Брэсце, рэканструявана лыжаролерная траса ў аг. Мір Баранавіцкага раёна. Сёлета на тэрыторыі Брэсцкай вобласці рэалізуецца будаўніцтва двух інвестыцыйных праектаў: турыстычнага комплексу «ЭкаБел «Колбавічы» ў раёне в. Колбавічы Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці СТАА «ЭкаБел «Колбавічы» (тэрмін рэалізацыі – 2020 год), аздараўленча-турыстычнага комплексу ў раёне в. Вялікія Косічы ТАА «Про Ві» (тэрмін рэалізацыі – 2020 год).

На афіцыйных міжнародных спаборніцтвах спартсменамі Брэстчыны заваявана 70 медалёў (21 залаты, 24 сярэбраныя і 25 бронзавых). Па алімпійскіх відах спорту – 60 медалёў. Найбольшая колькасць медалёў і заліковых ачкоў заваявана па лёгкай і цяжкай атлетыцы, веславанні  на байдарках і каноэ.
Спартсменамі вобласці заваявана 11 ліцэнзій на права ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях 2020 года.
На другіх Еўрапейскіх гульнях 23 спартсмены вобласці прынеслі ў скарбонку 15 медалёў, у тым ліку 3 залатыя.
На чэмпіянатах Рэспублікі Беларусь заваявана 327 медалёў, з іх  127 залатых, 104 сярэбраныя, 96 бронзавых.
Футбольны клуб «Дынама-Брэст» у 2020 годзе ўпершыню стаў чэмпіёнам Рэспублікі Беларусь па футболе ў вышэйшай лізе.
Брэсцкі гандбольны клуб імя А. П. Мяшкова стаў чэмпіёнам Рэспублікі Беларусь і заваяваў Кубак Рэспублікі Беларусь па гандболе сярод мужчынскіх каманд.