Сакрэты смачнага тамата

Таматы – патрабавальная агароднінная культура, але трымаючыся простых правілаў, вы атрымаеце здаровыя і моцныя расліны, устойлівыя да неспрыяльных фактараў навакольнага асяроддзя і хваробаў, і шчодры ўраджай, які будзе радаваць вас спелымі і сакавітымі пладамі.

Пасынкаванне

Каб атрымаць добры ўраджай таматаў у адкрытым грунце, іх неабходна граматна пасынкаваць, гэта значыць своечасова выдаліць непатрэбныя парасткі. Ёсць некалькі спосабаў фарміравання таматаў. Каб знайсці найбольш падыходзячы, трэба спачатку вызначыць, з якім сортам вы маеце справу: дэтэрмінантныя (абмежаванага росту, ствараюць на галоўным сцябле 1-5 суквеццяў) і індэтэрмінантныя (характарызуюцца бесперапынным ростам, на галоўным сцябле ствараюць 10-12 суквеццяў). Таматы ў адкрытым грунце неабходна фарміраваць у адно сцябло, бо плады на бакавых парастках не паспяваюць выспяваць – расліна расходуе пажыўныя рэчывы на завязванне пладоў, а на саграванне ёй не хапае цяпла. У жніўні неабходна абрэзаць (прышчыпнуць верхавіну), а ў пачатку верасня выдаліць усё лісце. У абароненым грунце таматы можна фарміраваць у 2-3 сцяблы.

Як толькі расліна прыжывецца і пойдзе ў рост, яна пачынае набіраць зялёную масу, у гэты момант трэба пачынаць пасынкаванне.

Правілы пасынкавання:

● раз у тыдзень пасынкуйце, каб канкурэнты не паспявалі забіраць пажыўныя рэчывы, якія ідуць на завязванне пладоў;
● пасынак, які вырас больш за 15 см, – гэта мінус адзін плод, таму пасынкі трэба выдаляць, не дапускаць іх перарастання больш за 5-7 см;
● выдаляць пасынкі трэба з пакі-даннем пянька вышынёй 0,5-1 см,
каб стрымаць з’яўленне новых у гэтым месцы.

Падкормкі

Таматы на працягу свайго жыцця патрабуюць падкормкі і нашай дапамогі. Асабліва не хапае арганічных удабрэнняў, унесеных перад пасадкай. Расліны добра развіваюцца і даюць самы лепшы вынік толькі пры спалучэнні ўнясення мінеральных удабрэнняў з арганічнымі ва ўмераных дозах.

Падкормкі лепш ажыццяўляць растворамі мікраэлементаў.
Першую падкормку праводзяць пасля прыжывальнасці расады праз 10-14 дзён пасля пасадкі. Спачатку ўносяць сумесі мінеральныхудабрэнняў (NPK) у дозе 20-30 г (палова запалкавага пачка) на 10 л вады, а потым дозу паступова павялічваюць да 40-50 г. Для гэтых мэтаў можна выкарыстоўваць «Крысталон» або комплексныя ўдабрэнні. Падкормка – раз у 2-3 тыдні.

Добрыя вынікі дае падкормка растворам каравяка (канцэнтрацыя 1:10) або птушынага памёту (1:15). На вядро раствору карысна дадаць 250-300 г драўнянага попелу. На кожную расліну пры цвіценні даюць літр вады, пасля цвіцення – два літры.

Праз 8-10 дзён пасля высадкі прайсціся па лісці растворам мікраэлементаў, такім як бор і кальцый. Бор неабходны для лепшага цвіцення і завязвання пладоў, а кальцый – галоўны абаронца ад грыбных хваробаў і папярэджвае развіццё гнілі. Для прыгатавання рабочага раствору неабходна ўзяць вядро цёплай вады, 20 г кальцыевай салетры, 10 г мачавіны і 200 г драўнянага попелу.

Каб папярэдзіць асыпанне завязі, адзін грам борнай кіслаты растварыце ў літры гарачай вады, дадайце яго да 10 літраў вады, размяшайце і апырсквайце таматы.

Літр сыроваткі + 10 кропель ёду + шклянка попелу (растворанага ў гарачай вадзе). Усё змяшайце ў 10 літрах вады. Апырсквайце расліны раз у 12-14 дзён. 1-1,5 г борнай кіслаты (растварыце ў гарачай вадзе ў 0,5 літра), марганцоўку (цёмна-ружовы раствор), шклянку малака, 60 кропель ёду (1,6 см³ у шпрыцы) і 20-30 г мачавіны (палова запалкавага пачка) развядзіце ў 10 літрах вады. Апырсквайце расліны раз у 12-14 дзён.

Усе падкормкі лепш праводзіць вечарам.

Прафілактыка ад хваробаў

Таматы трэба апрацоўваць ад фітафтарозу. Як толькі расліны ўкараніліся і пайшлі ў рост, неабходна правесці прафілактычную апрацоўку прэпаратамі сістэмна-кантактнага дзеяння на аснове медзі: «Ксіхом», «Акрабат МЦ», «Рыдаміл Голд», «Брава», «Фітаспарын» (па інструкцыі, указанай на ўпакоўцы).

Паліў

Паліў на таматах павінен быць рэдкім, але шчодрым. Каранёвая сістэма ў тамата вельмі магутная, даўжыня галоўнага кораня дасягае 1,5-2 м. Гэта дазваляе атрымаць сілкаванне з больш глыбокіх слаёў глебы і больш трывала пераносіць недахоп вільгаці. Пры частых палівах расліна пачынае ленавацца і пераходзіць на сілкаванне паверхневых расяных каранёў, у выніку недаатрымлівае сілкавання. Старайцеся паліваць расліну ў каляствольныя траншэі, а не пад корань. Так вы не пашкодзіце верхнія карэньчыкі і будзе лягчэй рыхліць таматы. З наступленнем выспявання пладоў (пачатак жніўня) паліў нізкарослых сартоў робяць ра-дзей і потым спыняюць зусім. Гэта забяспечвае лепшае выспяванне і якасць пладоў.

Таццяна ПРЫХАЧ, садавод.