Скасіць «Старынкі» да апошняй травінкі. Касавічная кампанія ў Ляхавіцкім раёне працягваецца

Такую добрую назву носіць адно з ліпскіх урочышчаў. Дакладней,«ліпнянскіх», якое размешчана на тэрыторыі аднайменнага сельскагаспадарчага прадпрыемства. З правага боку палявой дарогі ў такт ветру хвалюецца азімае жыта – моцнае і дастаткова высокае. Непадалёку лён – таксама густы, роўны, высокі і чысты. Пры гэтым кветку пакуль не выкінуў і патэнцыяльна здольны яшчэ прыбавіць.

Вадзіцель КСУП «Ліпнянка» Анатолій Лапіч і начальнік участка
Яўгеній Праневіч, які на час касавіцы «перакваліфікаваўся» ў
машыніста кормаўборачнага камбайна.

Тым часам корманарыхтоўка ў«Старынках» працягвалася ва ўсёй сваёй тэхналагічнай паўнаце. Раней скошаны, ужо нарматыўна падвялены і сабраны ў прызмы валкоў участак зялёнага палетка знаходзіўся пад уборкай. Камбайнавы комплекс спыняўся ўсяго на некалькі імгненняў з мэтай дазволіць падстроіцца пад сябе чарговаму транспарту – адвозчыку сянажнай масы. І зноў у баразну – у наступ на валок.

Яўгеній Праневіч – стары знаёмы. Сустракацца з ім даводзілася неаднойчы: на ворыве, падчас пасяўной, у ходзе ўборкі зерневых і на іншых відах сельскагаспадарчых клопатаў. Раней Яўгеній Алегавіч працаваў аграномам, сваю цяперашнюю штатную пасаду начальніка вытворчага ўчастка «Ліпск» сумясціў з работай радавога корманарыхтоўшчыка. За ходам касавічнай кампаніі Яўгеній, у тым ліку і ў асноўным, назірае з вышыні кабіны кормаўборачнага комплексу.

Спраўляецца выдатна – такую ацэнку рабоце падначаленага даў дырэктар КСУП «Ліпнянка» Міхаіл Пятроўскі. Тым больш, што за штурвалам камбайна ўжо далёка не дэбютант: мінулай восенню прадукцыйна папрацаваў на ўборцы кукурузы на сілас.

– Масавыя сельскагаспадарчыя кампаніі патрабуюць канцэнтрацыі сіл і намаганняў. У цане кожныя працоўныя рукі. Асабліва – механізатарскія. Тым больш надвор’е падкідвае «сюрпрызы»: моцны лівень, які пару дзён назад здарыўся ў Востраве, ці не ў адзін момант многія ўчасткі травяных угоддзяў зрабіў недаступнымі для тэхнікі.

Пастаноўку і схему работ давялося карэкціраваць, – дзеліцца думкамі дырэктар гаспадаркі. У той дзень «Ліпнянка» працягвала закладваць сваю трэцюю сянажную траншэю. Спачатку быў Востраў і пара запоўненых ці не тысячай тон кармавой прадукцыі ёмістасцяў. Зараз Ліпск і шчыраванні над фарміраваннем травянога кармавога запасу для статка мясцовай малочнатаварнай фермы.Касавічны «аркестр» КСУП «Ліпнянка» зусім не камерны. Толькі ў межах урочышча «Старынкі» налічылі пару кормаўборачных комплексаў, два МАЗы і столькі ж абсталяваных спецыяльнымі прычэпамі трактароў- перавозчыкаў. Працавалі граблі-валкавальнік, у аддаленасці – касілка.

Што ў «ліпскіх» планах? Першым укосам гаспадарка абавязалася ўбраць паўтары тысячы гектараў зялёных «шматгадовікаў», якія да гэтага часу больш як на дзве трэція часткі ўжо скошаны і на столькі ж убраны.

З самага ранку частка ўборачнага каравана гаспадаркі «запрагаецца»ў работы па нарыхтоўцы травяной масы ў якасці зялёнай падкормкі. Гэта ў тым ліку і для дойных статкаў, якія ў «ліпнянскім» варыянце на пашу не выганяюцца. Пасля атрад корманарыхтоўшчыкаў пераключаецца на перспектыўную закладку кармоў.

– Іх колькі ні нарыхтуй – многа не будзе, – ставіць кропку ў размове дырэктар Пятроўскі.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.