Самая сямейная справа. Сем’і ляхавічан прынялі ўдзел у маладзёжным праекце «#раЗАм з бацькамі»

Што трэба, каб дзіцячая пляцоўка змяніла сваю «знешнасць»? Ініцыятыўнасць з актыўнасцю! Гэта ўласным прыкладам даказалі і паказалі сем’і ляхавічан, якія адгукнуліся на прызыў райкама БРСМ і прынялі ўдзел у рэспубліканскім маладзёжным праекце «#раЗАм з бацькамі». Узялі ў рукі фарбы з пэндзлямі і месца адпачынку рабят зайграла па-новаму. Далучайцеся, нераўнадушныя!

Бацькі працуюць разам з дзецьмі – карціна, якая выклікае замілаванне. Менавіта такі сюжэт можна было назіраць на мінулым тыдні на адной з дзіцячых пляцовак па вуліцы Леніна ў райцэнтры.

Ляхавічы далучылісяда рэспубліканскага маладзёжнага праекта «#раЗАм з бацькамi». Пачалі з афарбоўкі лавак, агароджы, турнікоў, арэляў. Прыемна, калі вакол прыгожа і ўтульна. І важна не чакаць, што хтосьці гэта зробіць, а ўзяць ініцыятыву ў свае рукі. Гэта яшчэ і выдатная магчымасць для бацькоў даць дзецям цудоўны працоўны ўрок, – расказаў «ЛВ» першы сакратар райкама БРСМ Яўгеній Сініла. Асноўная ідэя праекта – у Год малой радзімы кожнаму ўнесці свой уклад у справу навядзення парадку на зямлі.

Ляхавіцкі райкам БРСМ удзячны камунальнікам за прадастаўленыя матэрыялы, татам і мамам – за актыўнасць і нераўнадушнасць. Дзякуючы сумеснай працы, дзіцячая пляцоўка зайграла яркімі фарбамі.

БОЛЬШ фота тут

Ляхавічанка Мілана КОКТЫШ (на здымку):

– На дзіцячай пляцоўцы малыя гуляюць з задавальненнем. Падабаецца тут і майму сыночку Даніку. Думаю, ніхто не стане спрачацца, што такое месца павінна быць не толькі прывабным,камфортным, але і бяспечным. На добраўпарадкаванне выйшлі ўсёй сям’ёй: нам з мужам Генадзіем з захапленнем дапамагаў маленькі Данік. Было вельмі прыемна!

Каб стаць удзельнікам праекта «#раЗАм з бацькамi», не абавязкова быць майстрам з супернавыкамі і ўменнямі, дастаткова мець жаданне зрабіць карысную справу.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.