Як, калі і колькі? Што неабходна ведаць пра лоўлю ракаў
Але спачатку колькі слоў пра некаторыя вынікі работы па супрацьдзеянні браканьерству падчас нераставага перыяду 2020 года. 18 мая ў Брэсцкай вобласці завяршылася дзеянне агульнай забароны на лоўлю ўсіх відаў рыб. Пачынаючы з 19 мая ў рэгіёне можна рыбачыць з лодкі, з заходам у ваду, выкарыстоўваць адначасова некалькі снасцяў, займацца тролінгам і падводным паляваннем.
За перыяд агульнага нераставага абмежавання лоўлі рыбы ў 2020 годзе работнікі Брэсцкай абласной і міжраённых інспекцый аховы жывёльнага і расліннага свету выявілі 82 факты грубых адміністрацыйных парушэнняў рыбалоўства і восем выпадкаў крымінальна каральных парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства ў сферы рыбалоўства.
На тэлефон даверу Брэсцкай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету часта звяртаюцца рыбаловы-аматары для кансультацыі па правілах лоўлі рака. Адпраўляючыся папаляваць на ракаў, перш за ўсё, неабходна ведаць, што ў Брэсцкай вобласці ў асноўным распаўсюджаны тры віды ракаў – шыракапалы, вузкапалы і паласаты.
З прычыны інвазіўнасці і мала-каштоўнасці апошняга яго здабыча не абмежавана. Шыракапалы рак унесены ў Чырвоную кнігу Беларусі, яго лавіць нельга. Вузкапалага дазволена здабываць па наступных правілах: нельга здабываць яйканосных самак рака вузкапалага;
нельга здабываць рака вузкапалага з 20 сакавіка па 18 мая;
нельга здабываць рака вузкапалага з даўжынёй цела менш за 10,5 сантыметра; дазволена выкарыстоўваць уста-ноўленых параметраў ракалоўкі, але не больш за тры на рыбалова і толькі ў светлы час сутак;дазволена здабываць вузкапалага рака да двух кілаграмаў у суткі на аднаго рыбалова-аматара для асабістых патрэб.
За незаконную здабычу кожнай асобіны рака вузкапалага прадугледжана спагнанне кампенсацыі шкоды ў памеры 1,5 базавай велічыні (40,5 рубля).
Пра факты ўчынення ці падрыхтоўкі да ўчынення парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства можна паведаміць па тэлефоне даверу 8-0162-25-50-00.
Ракалоўка – прылада для здабычы ракаў, уяўляе сабой сеткаваты квадрат альбо круг з дыяганаллю ці дыяметрам не больш за 100 сантыметраў з замацаванай у цэнтры прынадай або ў выглядзе пасткі даўжынёй не больш за 100 сантыметраў з адным ці некалькімі (не больш за пяць) уваходамі.
Брэсцкая абласная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету звяртаецца да жыхароў рэгіёна з просьбай не быць раўнадушнымі да фактаў браканьер-ства і па магчымасці інфармаваць работнікаў дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пра факты ўчынення ці падрыхтоўкі да ўчы-нення парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства па тэлефоне даверу 8-0162-25-50-00. Толькі нецярпімасць грамадства да браканьераў, непазбежнасць пакарання за іх сквапныя адносіны да нашага агульнага прыроднага багацця не дазволяць абяднець прыродзе роднага краю.
Сяргей МЫЧКО, намеснік начальніка Брэсцкай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.