Навука быць кіраўніком. Старшыня СВК «Ляхавіцкі» Іван Вітко ўдастоены звання «Лепшы кіраўнік»

У топе падзей – навіна з Брэста: абласны аграпрамысловы саюз падвёў вынікі штогадовага конкурсу на званне «Лепшы кіраўнік» за дасягненне высокіх паказчыкаў эфектыўнасці работы прадпрыемстваў у галіне сельскай гаспадаркі, перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі, абслугоўвання сельскай гаспадаркі па выніках 2019 года. Сярод тых, хто ўдастоены ганаровага звання, – старшыня СВК «Ляхавіцкі» Іван Вітко (на здымку). Адным з лепшых ён прызнаны ў групе кіраўнікоў гаспадарак, якія маюць стаж работы на пасадзе да пяці гадоў.

На словы віншавання ад «ЛВ» Іван Аляксандравіч адразу адказвае, што заслуга ў атрыманні звання цалкам належыць калектыву:

– Перакананы, што ў аснове кожнай перамогі і дасягнення – кадры. Агульны вынік залежыць ад намаганняў і магчымасцяў кожнага працаўніка. Немалое значэнне мае і захопленасць справай. Усё гэта звёны вытворчых паказчыкаў. За адданасць, добрасумленнасць шчыра ўдзячны калектыву, які можна ахарактарызаваць так – каманда, што працуе ў адной звязцы і ведае цану працы.

«Ляхавіцкі» ў прэзентацыі патрэбы не мае. Сельгаспрадпрыемства трывала займае перадавыя пазіцыі не толькі сярод раённых калег. Іван Аляксандравіч прыняў эстафету старшынства ў лютым 2017 года. Спадчына дасталася дастойная: ранейшы кіраўнік Аляксандр Іванавіч –Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі. Любіць зямлю і плённа шчыраваць навучыў і сына Івана, для якога гаспадарка стала не толькі першым і адзіным месцам працы, але і ўвасабленнем шматлікіх ідэй у практыку. Іх ён шчодра назапасіў ад бацькі і за час вучобы на агранома ў Беларускай сельгасакадэміі. За 24 гады стажу вельмі добра адчуў увесь смак сельскай працы: калі выхадныя і святочныя дні пазначаны толькі ў календары, а мары толькі пра спрыяльнае для сельгаскультур надвор’е і шчодры ўраджай. І заўсёдная адказнасць за людзей, землякоў, сярод якіх вырас. Вітко не падвёў, пра што сведчаць эканамічныя выкладкі і «бронза» абласнога конкурсу.

Сёння СВК «Ляхавіцкі» – гэта больш за 4000 гектараў зямлі і 240 працаўнікоў, з якіх многія становяцца героямі публікацый раёнкі. Летась сельгаспрадпрыемства заняло першае месца ў раённым спаборніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці алейнага насення рапсу, прызнана лепшым і на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур, стала трэцім на нарыхтоўцы травяністых кармоў. Рапсу тут кланяюцца і на яго разлічваюць. У мінулым годзе яго ўраджайнасць склала 36,7 цэнтнера з гектара. Для павышэння якасці зерня набылі элеватарную сушылку «Грынвей», якая ў гадзіну перапрацоўвае 25 тон. Збожжавыя летась далі больш за 45 цэнтнераў на круг. За 12 месяцаў 2019 года валавы надой малака перавысіў 8500 тон, прадалі на перапрацоўку без малога 8000 тон. Валавыя прывагі буйной рагатай жывёлы перавысілі 700 тон.

Мадэрнізацыя – працэс тут пастаянны. Так, са «свежага» – цялятнік на 240 галоў у Мыслабажы. Сёлета рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя на ўзвядзенне ў Русінавічах комплексу на 720 «насельнікаў». У дапамогу працаўнікам сучасная тэхніка. Сярод апошніх абновак у машынна-трактарным парку – раскідвальнік мінеральных удабрэнняў, здрабняльнік саломы, кормараздатчык і г. д. Агрэгатышто трэба і шчыруюць на іх сапраўдныя прафесіяналы.
Калі камусьці падасца, што ўсё СВК дастаецца лёгка, то гэта зусім не так: працуюць тут, што называецца, 24 гадзіны ў суткі 7 дзён на тыдзень – нястомна, старанна і выверана.

Старшыня раённага аграпрамысловага саюза Мікалай Тарлюк адзначае, што такія конкурсы – добры стымул да далейшага самаўдасканалення. А гэта і прэстыж прафесіі, і ўкараненне перадавых прыёмаў і метадаў працы.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.