Зялёнае з адценнем аранжавага. У Ляхавіцкім раёне ўзнагародзілі найбольш паспяховых корманарыхтоўшчыкаў

Аграрны год дзеліцца, у першую чаргу, на сезонны і знакавыя сельскагаспадарчыя кампаніі. Тыя, што вызначаюцца масавасцю, патрабуюць максімальнай канцэнтрацыі сіл і сродкаў, маюць часавыя рамкі. І ў вельмі значнай ступені фарміруюць эканоміку гаспадарак.

Першыя вынікі першай касавіцы

Фінішны акорд першай уборкі траў у гаспадарках раёна прагучаў ужо і, здаецца, на даволі мажорнай ноце. Вытворчыя здабыткі касавіцы гэтага года можна параўнаць з аналагічнымі леташнімі. Хоць і не без дапушчэнняў у лічбах і з папраўкай на шэраг «аранжавых», па класіфікацыі сіноптыкаў, з-за моцных дажджоў дзён сёлетняга чэрвеня.

На фініш першакасавічнай кампаніі аграрыі Ляхавіччыны выйшлі з запасам свежага сенажу ў масе прыкладна роўнай 50-ці тысячам тон.

Акрамя старой добрай класікі жанру –траншэйнага метаду закладкі, класікай для раённых аграрыяў становіцца і рулонна-плёначны спосаб нарыхтоўкі сенажу. На адпаведную таму тэхналагічную аснастку «збіліся» амаль усе сельгаспрадпрыемствы раёна. ЗАТ «Белпрампрыбор» дык і ўвогуле на даным этапе нічога іншага не прызнае: увесь запас травяністых нарыхтовак прадпрыемства знаходзіцца пад ці ў плёначнай абгортцы. Значную долю сваіх сянажных нарыхтовак «схаваў» у поліэтылен СВК «Ляхавіцкі», істотна менш – ААТ «Шлях новы», яшчэ менш – ДП «Нача», райаграсэрвіс, «Жарабковічы». Калі сабраць з усіх гаспадарак, атрымаецца, што, па стане на пазаўчарашні дзень, падплёначныя сянажныя корманарыхтоўкі раёна складуць ледзь ці не чатыры тысячы тон прадукту. Асабліва якаснага, як вельмі часта гучыць у адрас сянажных рулонаў з вуснаў знаўцаў тэмы.

Спецыяліст Валерый Ракашэвіч з «Ляхавіцкага».

Палявы прафсаюзны прыём

Галіновы прафсаюз заўсёды побач з тымі, хто ў рамонтным цэху гаспадаркі, на машынным двары, жывёлагадоўчай ферме, у полі – калі не ў рэальнасці, то ў «віртуальнасці».

Дырэктар ДП «Нача» Мікалай Тарлюк, Ірына Чура і механізатар Сяргей Васюкевіч.

На даным адрэзку часу і ў самым прамым сэнсе на полі зялёным, да лепшых працаўнікоў якога старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Ірына Чура прыехала з віншаваннямі, пажаданнямі ўсяго найлепшага, словамі падзякі і падзячнымі пісьмамі.
На этапе свайго завяршэння першая касавіца выявіла, у тым ліку, і найбольш паспяховых нашых корманарыхтоўшчыкаў. З улікам меркавання ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, прафсаюзнымі прызёрамі першага зялёнага жніва-2020 былі прызнаны працаўнікі СВК «Ляхавіцкі», ААТ «Жарабковічы» і ДП «Нача».

Машыніст корма-ўборачнага камбайна з «Ляхавіцкага» Валерый Ракашэвіч на сваім «КЛААСе» паказаў сапраўдны клас. Работа з ранку да вечара, сотні тон «пераваленай» сянажнай масы – вельмі кароткі штрых да характарыстыкі Валерыя Уладзіміравіча. Ад камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама і абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК стараннаму прафесіяналу сваёй справы было ўручана Падзячнае пісьмо. Узнагарод такой жа вартасці ўдастоіліся корманарыхтоўшчыкі Сяргей Грачыха з «Жарабковіч» і Сяргей Васюкевіч з «Начы». Вытворчыя поспехі яшчэ аднаго працаўніка жарабковіцкай зялёнай нівы Аляксея Зянько адзначаны Падзячным пісьмом Ляхавіцкага райсельгасхарчу і раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК.

Вытрымка з тэксту пісьмаў, якая можа служыць прафесійнай характарыстыкай нашых сённяшніх лаўрэатаў: «Дзякуючы вашай працы, асвойваюцца новыя сістэмы вытворчасці высакаякасных кармоў, выкарыстанне якіх адлюстроўваецца на павышэнні прадукцыйнасці жывёлы і канкурэнтаздольнасці прадукцыі жывёлагадоўлі. Ваш прафесіяналізм заслугоўвае высокай ацэнкі, служыць прыкладам». А корманарыхтоўка ў раёне працягваецца. Ужо другім укосам.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота з архіва раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК.