Формула здаровага лета. Так называўся праект лагера з дзённым знаходжаннем «Усмешка»
Агульнавядома: добры летні адпачынак – залог дзіцячага здароўя. Таму сёлета за аснову сваёй дзейнасці педагогі цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі ў лагеры з дзённым знаходжаннем «Усмешка» ўзялі здаровы лад жыцця. Праект назвалі «Формула здаровага лета».
Кожная раніца рабят з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця пачыналася з інфармацыйнай хвілінкі: «У гасцях у Нехварэйкі», «У агародзе і ў садзе вітаміны я знайду» і г. д. Разам з педагогамі хлопчыкі адпраўляліся ў краіну Здароўя, дзе знаёміліся, як правільна харчавацца, для чаго неабходна рабіць зарадку, як не захварэць, іншае.
Кожны дзень у лагеры меў сваю наз-ву і тэму, не быў падобны на іншыя: «Дзень спорту», «Дзень сяброўства» і г. д. Рабяты сталі ўдзельнікамі захапляльных падзей і сустрэч, атрымалі яркія і незабыўныя ўражанні. Віртуальныя падарожжы і экскурсіі, відэакруізы, спартыўна-забаўляльныя мерапрыемствы – адпачынак атрымаўся насычаным і пазітыўным.
Асобная ўвага на летнім маршруце – асновам бяспекі жыццядзейнасці і бездакорнаму выкананню правілаў дарожнага руху і пажарнай бяспекі.
Працавала і творчая майстэрня «Вясёлка планеты дзяцінства», здольнасці развівалі на арт-занятках «Мае ідэі для малой радзімы». Прэзентавалі ўменні на мастацкай алеі «Каляровы бум. Каскад летніх уражанняў», адзначыліся і на выставе малюнкаў «Спорт – здароўе!», танцполе «Домісолька» і г. д.
Дзякуючы поварам з СШ № 1, рабяты не толькі цікава бавілі час, але і смачна падмацоўвалі сілы. Разнастайныя «правільныя» стравы, фрукты, сокі, агародніна – усё для дзіцячага здароўя.
Хлопчыкі выдатна адпачылі і зарадзіліся пазітыўнай энергіяй. Старт вясёлым летнім канікулам быў дадзены цудоўны.
Наталля КУДЗЯЛЕВІЧ,намеснік дырэктара ЦКРНіР.