Развівацца і здзіўляць. Працаўнікі і ветэраны Ляхавіцкага райпо адзначаць прафесійнае свята

Ляхавіцкае райпо і яго навінкі, прапановы, ідэі і іх рэалізацыя часта становяцца нагодай для «веснікаўскіх» публікацый. Умее здзівіць мясцовая спажыўкааперацыя. Сёння, напярэдадні прафесійнага свята, якое кааператары адзначаюць у першую суботу ліпеня, мы прапануем вам некалькі цікавых фактаў з гісторыі і сучаснасці райпо.

Структурнае падраздзяленне – Ляхавіцкі райспажыўсаюз – было створана ў лістападзе 1939 года як частка Баранавіцкага. Ваеннае ліхалецце спыніла дзейнасць структуры, і толькі ў 1944-м райспажыўсаюз вярнуўся да працы.


Цікавы факт: у 1952 годзе два райспажыўсаюзы – Ляхавіцкі і Ганцавіцкі – аб’ядналіся, а цэнтрам сталі Ляхавічы. У структуры былі Падлескае, Ляхавіцкае, Крывошынскае, Круговіцкае, Ганцавіцкае сельпо і Ганцавіцкае гарпо.


Сёння ў райпо ўваходзяць два філіялы – «Кааппрам» і «Кааптранс». Больш за 23 тысячы жыхароў Ляхавіччыны абслугоўвае мясцовая спажыўкааперацыя.
Сваю прадукцыю да спажыўцоў дастаўляе ўласны транспарт. Гэты ўчастак работы – сфера адказнасці дырэктара «Кааптранса» Уладзіміра Равякі, які ўжо дзесяцігоддзе сумленна выконвае свае абавязкі. Варта адзначыць, што аўтапарк штогод абнаўляецца, рамантуецца. Сёння ён налічвае 34 транспартныя адзінкі.
Гандаль прадстаўлены 62 аб’ектамі. Відавочна, што апошнім часам узровень абслугоўвання ў магазінах і гандлёвых кропках значна ўзрос. У мінулым годзе райпо запрасіла на святочнае адкрыццё абноўленага магазіна міні-аптовага фармату «РroЗапас». Мяняюць знешні выгляд і іншыя гандлёвыя аб’екты спажывецкай кааперацыі горада і раёна. Напрыклад, вельмі сучасна выглядае «Мясная лаўка»: багаты асартымент у спалучэнні з прыемнымі цэнамі, інтэр’ер таксама цягне на 10 з 10.
Ляхавіцкае райпо прадстаўлена дзевяццю прадпрыемствамі грамадскага харчавання, працуюць шэсць аўталавак.
Неаспрэчны факт: моладзь проста абажае і давярае свой вечар кафэ «Еда&Кофе». Здаецца, гэта кропка грамадскага харчавання не спыняе развівацца і генерыраваць новыя і экстра-класныя ідэі для сваіх наведвальнікаў. Меню заўсёды напоўнена смачнымі навінкамі, унікальнымі рэцэптурамі, сюды прыязджаюць пагля-дзець-павучыцца калегі з іншых раёнаў, а ляхавічане з радасцю каштуюць і дзеляцца ўражаннямі ў сваіх навінных стужках, падкрэсліваючы, што ў кафэ надзвычай утульна, камфортна. Стыль лофт не пакідае раўнадушным шматлікіх наведвальнікаў «Еда&Кофе». А як класна атрымаць асалоду ад духмянай кавы на тэрасе ў цэнтры прыгожых Ляхавіч!
Рэстаранная кухня «Ластаўкі» таксама штодня задавальняе запыты кліентаў. Кухня самая разнастайная: беларуская, грузінская, італьянская, французская, узбекская… А сучасныя тэхналогіі, пра якія «ЛВ» ужо пісаў, дазваляюць здзіўляць неверагоднасцю смаку. Дарэчы, папулярнасць набірае гастранамічны праект «Гатуем з шэфам і для любімых». Начальнік грамадскага харчавання Павел Макаўка ў душэўнай атмасферы, класнай кампаніі расказвае і паказвае, як можна з лёгкасцю прыгатаваць рэстаранныя стравы на ўласнай кухні.
Кааператыўная прамысловаць аб’ядноўвае цэх па выпуску мясных паўфабрыкатаў, рыбны цэх, бойню і хлебазавод.
Цэх хлебапячэння выпускае каля 70 тон вырабаў у месяц. У гандлёвыя сеткі Ляхавіччыны і Баранавіччыны паступае каля 30 відаў хлебабулачных вырабаў.
Развівацца, удасканальвацца, здзіўляць і радаваць – гэта галоўнае ў нашай рабоце. Мы разумеем, што з кожным паспяховым крокам працуем на гастранамічны турызм раёна, – адзначае старшыня праўлення райпо Васілій Некрашэвіч. – Але немагчыма ўявіць нашы поспехі без таленавітых, адданых справе, сапраўдных профі – маіх калег. Для нас не бывае слова «нельга» ці «немагчыма», мы знойдзем тысячу разоў слова «можна» і парадуем сваіх наведвальнікаў, кліентаў, пакупнікоў. Таму ў прафесійнае свята жадаю ўсім моцнага здароўя, міру і дабрабыту ў сем’ях, і, канешне, далей заставацца моцнай і дружнай камандай.

Маргарыта КУХТА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.