Савет для актыўных. Старшыня Савета Рэспублікі сустрэлася з членамі Маладзёжнага савета

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава сустрэлася з членамі Маладзёжнага савета (парламента) пры Нацыянальным сходзе Беларусі.

У Маладзёжны парламент уваходзяць 70 чалавек ва ўзросце ад 18 гадоў да 31 года, якія прадстаўляюць усе вобласці і Мінск. Яны выбралі кіраўніцтва савета, старшынь камісій – па аналогіі з палатамі Нацыянальнага сходу.
У час сустрэчы Наталля Качанава пажадала маладым людзям поспехаў і паабяцала ўсялякую падтрымку з боку парламентарыяў.

У склад савета ўвайшлі людзі, якія, нягледзячы на свой малады ўзрост, паспелі дабіцца значных поспехаў у прафесіі, вучобе. Больш таго, яны хочуць быць карыснымі грамадству, маюць актыўную грамадзянскую пазіцыю, дзякуючы чаму іх заўважылі і выбралі ў Маладзёжны парламент.
Нацыянальны сход мае намер актыўна працаваць з Маладзёжным саветам. Фармат сумеснай работы будзе розны. Так, маладых людзей запросяць на сесію парламента. «Будзем абавязкова прыцягваць нашых калег з Маладзёжнага савета на выязныя пасяджэнні пастаянных камісій у рэгіёнах», – дадала Наталля Качанава.
Яна адзначыла, што ўдзячна маладым людзям за актыўную дыскусію і разнапланавыя пытанні.

Па матэрыялах БЕЛТА.

Фота з архіва «ЛВ»

Меркаванне

70 маладых людзей з усіх абласцей краіны сталі членамі Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь. Першы яго склад пачаў работу з 2 чэрвеня. Брэстчыну прадстаўляе энергічная, ініцыятыўная дзясятка юнакоў і дзяўчат.
Падтрымка маладых у нашай краіне адчувальная. Сёння для тых, хто жадае рэалізаваць свае планы, шмат варыянтаў, шляхоў, магчымасцяў, многа тых, хто заўсёды падтрымлівае, асабліва ў плане прафесійнага росту. Маладзёжны парламент – гэта школа, дзе можна па максімуму рэалізавацца, пляцоўка для меркаванняў і абмеркаванняў, гэта месца, дзе ў поўнай меры можна праявіць сваю зацікаўленую грамадзянскую пазіцыю. Як адзначыла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, вельмі важная сувязная ніць паміж парламентарыямі і моладдзю: чым яна жыве, што яе цікавіць, што хвалюе. Прыемна разумець, што голас моладзі заўсёды ўлічваецца.
Сёння моладзь павінна быць у цэнтры падзей, прымаць удзел ва ўсіх грамадска-палітычных кампаніях краіны. Наперадзе – прэзідэнцкія выбары. І маладыя людзі таксама павінны праявіць сябе. Сёння яны выбіраюць, у якой краіне жыць, дзе атрымліваць адукацыю, працаваць, ствараць сем’і, выхоўваць дзяцей. Адным словам, выбіраюць сваю будучыню. Таму і Маладзёжны парламент, у тым ліку, створаны і пры Ляхавіцкім раённым Савеце дэпутатаў, актыўна падключыцца да выбарчай кампаніі.
Упэўнена, Маладзёжны парламент краіны стане для яго членаў стартавай кропкай у заканатворчай дзейнасці, магчымасцю пераняць вопыт у старэйшых калег, навучыць узнімаць пытанні і вырашаць іх, а таксама стане пляцоўкай, дзе прагучаць смелыя, цікавыя, карысныя і неабходныя дзяржаве ідэі і прапановы.

Маргарыта КУХТА,
член Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь.