Калі адпачынак «цягне» на пратакол. Карэспандэнт «ЛВ» адправіўся ў рэйд

Рэкі і вадаёмы – выратаванне ў летнюю спёку. Даўно даказана, што водныя працэдуры карысныя для арганізма: яны ўмацоўваюць сардэчна-сасудзістую і нервовую сістэмы, паляпшаюць абмен рэчываў, служаць эфектыўным сродкам загартоўвання.

У Ляхавіцкім раёне створаны ўмовы, каб адпачынак каля вады быў камфортным і бяспечным. На гарадскім пляжы чысціня і парадак, выратавальнікі на сваім пасту ўважліва сочаць за сітуацыяй вакол, ёсць дзіцячыя пляцоўкі, грыбкі, лавачкі. Пляж у Дараве таксама карыстаецца папулярнасцю ў жыхароў і гасцей горада.

Акрамя згаданых, сярод афіцыйных зон адпачынку – пляж на Шчары ў лагеры «Чайка». За бяспеку іншых месцаў, што землякі выбіраюць для купання, ніхто не адказвае. Тым не менш, знаходзяцца тыя, для каго гэта не перашкода. Карэспандэнт «ЛВ» разам з супрацоўнікамі міліцыі і Асвода адправіўся ў рэйд па несанкцыянаваных месцах купання.

– Самае складанае ў працы выратавальніка – дастукацца да некаторых адпачываючых, – разважае старшыня раённага савета Асвода Віктар Прыхач пакуль едзем да першага месца праверкі. – Складана размаўляць з п’янымі людзьмі, якім мора па калена, і якіх цягне на прыгоды.

Сажалку каля аграгарадка Конькі мясцовыя аблюбавалі для рыбнай лоўлі. Тое, што купацца забаронена, папярэджвае шыльда на шлагбаўме. Але не ўсе выконваюць правілы. Застаём такую карціну: рыбак, відаць, размораны ліпеньскім сонцам, заходзіць у ваду. Не паспявае адплыць ад берага, як яго клічуць назад.

Мужчына пачынае апраўдвацца, маўляў, папераджальную шыльду не бачыў, а хацеў толькі ногі намачыць у вадзе. Але супрацоўнікам міліцыі слухаць такія гісторыі не ў навіну. Любы такі заплыў можа скончыцца трагедыяй. Таму гора-плыўцу выпісваецца штраф.

Скачок у невядомасць

Яшчэ адно любімае месца нелегальнага купання – мост за вёскай Федзюкі, з якога аматары экстрыму скачуць у ваду. І праўда, пад’язджаючы да месца, бачым на мосце хлопца, які ўжо пералез праз поручні.

Разам з ім адпачываюць яшчэ тры дзяўчынкі: дзве ўжо ў вадзе. Па словах падлеткаў, ім па 15 гадоў, прыехалі сюды з Баранавічаў на цягніку. Шыльду пра тое, што тут купацца забаронена, не заўважылі.

– Адкуль вы ведаеце, што там, у вадзе пад мостам, куды вы скачаце? Можа хто-небудзь скінуў туды камень або пліту? Можа змялела рака?А яшчэ можна зачапіцца за расліннасць, хто вам тады дапаможа? – пытае ў моладзі Віктар Прыхач.

– А мы плаваем добра, калі што – я дзяўчынкам дапамагу, – адказвае хлопец.

– Дапамагчы таму, хто тоне, не так проста, як здаецца. Выратавальнікі праходзяць спецыяльную падрыхтоўку. Да таго ж трэба валодаць добрымі фізічнымі данымі. Калі чалавек пачынае тануць, ён пачынае панікаваць, яго паводзіны могуць быць неабдуманымі, – адказвае Віктар Прыхач.

Невядома, што больш паўздзейнічала на кампанію – прамова Віктара Фёдаравіча ці вынесенае папярэджанне і прафілактычная гутарка, аднак рабяты хутка пакідаюць месца свайго адпачынку.

Месца пад мостам 

У густой траве ў рост чалавека не адразу заўважаеш дарожку, раз’езджаную аўтамабілямі і веласіпедамі. Пляцоўку пад чыгуначным мостам каля вёскі Зарэчча многія адпачываючыя выбіраюць месцам для пікніка. Пра гэта кажуць вогнішчы, бутэлькі і абгорткі ад ежы, раскіданыя па беразе.

А яшчэ хтосьці «клапатліва» разбіў шыльду, што купацца і лавіць рыбу тут забаронена.

Пад мостам заўзята плёскаюцца два хлопцы. Наша «дэлегацыя» застае іх знянацку, яны хутка выскокваюць на бераг. Тлумачаць, што не купаліся, а ныралі пад камяні за ракамі. У доказ дэманструюць абрэзаную пластыкавую бутэльку з вадой, у якой сядзіць маленькі рачок.

Гэта не апраўданне, адзначае ўчастковы інспектар міліцыі Іван Карповіч. Хлопцы атрымліваюць папярэджанне.

Вывезці ў чыстую ваду

Наступны пункт рэйду – месца на рацэ Ведзьма паміж Каранеўшчынай і Краглямі. Яно больш нагадвае невялікі зарослы канал з абрывістымі берагамі. Аднак і тут знаходзім кампанію адпачываючых: дзве сям’і з маленькімі дзецьмі і сабакамі.

Спачатку яны на нас не звяртаюць ніякай увагі і нічога супрацьпраўнага ў сваіх дзеяннях не бачаць. Але калі супрацоўнікі міліцыі паказваюць на шыльду, якая забараняе купанне, прыкметна ажыўляюцца і хутка пачынаюць збіраць рэчы.

Маладыя людзі апраўдваюцца: прыехалі ў госці, бачылі, як тут купаюцца мясцовыя, таму і вырашылі, што забароны няма.

– Вы ж бачыце, які круты бераг. У выпадку чаго вы не зможаце хутка падскочыць да дзіцяці і аказаць дапамогу. Калі вельмі хочаце купацца, адпраўляйцеся на пляж у горад ці Дарава – там усе ўмовы для камфортнага адпачынку, – гаворыць Віктар Прыхач.

Кампанія абяцае больш не купацца ў неналежных месцах.

Праца на прафілактыку

Па дарозе вырашаем заехаць на Ляхавіцкую сажалку. Тут таксама нельга купацца, яна прыстасавана для лоўлі рыбы. На сажалцы ціха, вартаўнік кажа, што ў будні тут нікога няма, рыбачаць, у асноўным, па выхадных.

Па дарозе назад сустракаем двух хлопцаўна веласіпедах, якія ехалі ў бок вадаёма. Убачыўшы міліцэйскую машыну, яны рэзка паварочваюць назад. Віктар Прыхач і Іван Карповіч вырашаюць правесці з імі прафілактычную гутарку.

– Нават калі зараз не збіраліся лезці ў ваду, можа ў памяці нешта застанецца і надалей будуць задумвацца, калі палезуць купацца, – гаворыць Віктар Прыхач.

Падчас усяго рэйду імкнулася знайсці адказ на пытанне: навошта шукаць прыгоды, рызыкаваць жыццём і здароўем, хавацца ў густой траве, азірацца па баках, купаючыся ў забароненых месцах, калі можна пайсці на гарадскі абсталяваны пляж і са спакойнай душой атрымліваць асалоду ад камфортнага адпачынку. Любоў да экстрыму можа стаць фатальнай.

Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота аўтара.