Ляхавіцкая мелодыя загучала ў Маскве. Вакал нашай зямлячкі Лізы Купрыш пакарае конкурсы і радыёстанцыі
75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне быў прысвечаны адкрыты анлайн-конкурс ваенна- патрыятычнай песні «Спяваю табе, Перамога!», які прайшоў у Брэсце. Адзначыліся ў ім і ляхавічане.
Сярод канкурсантаў – выхаванка ЦДАДіМ Лізавета Купрыш, якая выступіла з песняй «А зоры ціхія ў бярозавым краі» («Дзяўчынкі мілыя…»), прысвечанай усім жанчынам, якія загінулі ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
У аснову яе лягла вядомая аповесць Барыса Васільева «А зоры тут ціхія».
Словы песні напісала расійская паэтэса Ірына Савельева, а музыку – наш зямляк, кампазітар і выканаўца Сяргей Купчынскі.
– Да аўтара слоў натхненне прыйшло пасля прагляду аднайменнага фільма, а ў мяне ў галаве адразу нарадзілася мелодыя. І праз тры дні Ліза пачала рэпеціраваць. Песня складаная: трэба перадаць перажыванні, боль, страх, праз якія людзям давялося прайсці падчас вайны. Але ў Лізы ўсё атрымалася, – гаворыць аўтар музыкі Сяргей Купчынскі.
Дарэчы, гэта не першая іх сумесная праца. Ліза даволі паспяхова выконвае песні Сяргея Георгіевіча. Напрыклад, на яго юбілейным канцэрце дзяўчына ўпершыню выконвала песню «Гусі-лебедзі».
І ў гэты раз чуллівая песня і самабытны голас юнай таленавітай выканаўцы не пакінулі абыякавымі ні аднаго члена журы. У выніку Лізавета стала лаўрэатам першай ступені ў намінацыі «песні пра Вялікую Айчынную вайну».
Пранікнуцца атмасферай песні змаглі жыхары і госці Масквы, дзе падчас парада Перамогі на Чырвонай Плошчы прагучала гэта песня, а таксама «А зоры ціхія…» ў выкананні Лізы былі ў ратацыі абласных радыёстанцый.
Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота з архіва Сяргея КУПЧЫНСКАГА.