Незапланаваная «сустрэча». Карэспандэнт «ЛВ» пераканаўся, што ніхто не застрахаваны ад магчымасці падхапіць каранавірусную інфекцыю

Даводзілася неаднойчы пісаць пра небяспечны COVID-19, браць інтэрв’ю ў медыкаў, расказваць пра прафілактыку і самаізаляцыю, асцярожнасць, сацыяльнае дыстанцыраванне. Было разуменне, адчуванне, што захварэць можна ў любы момант, як і надзея, што хвароба абыдзе бокам. На жаль, асабістай «сустрэчы» з каранавірусам не ўдалося пазбегнуць і «веснікаўцам», як і сотням землякоў.

Пра першыя сімптомы небяспечнага віруса пішуць і гавораць паўсюдна. Як і пра тое, што арганізм кожнага чалавека пасля заражэння COVID-19 паводзіць сябе па-рознаму. Хтосьці пераходзіць хваробу лёгка, максімум часова страціць магчымасць адчуваць пахі ці крыху павысіцца тэмпература, з’явіцца боль у горле ці кашаль. У некаторых «скача» ціск, у іншых галаўны боль, праблемы са страўнікава-кішачным трактам і іншае. А ёсць і тыя, у каго развіваецца запаленне лёгкіх з іншымі ўскладненнямі. У зоне рызыкі людзі з хранічнымі захворваннямі, пажылыя.
Але ад віруса не застрахаваны ніхто. Калі пачала падымацца тэмпература, чамусьці адразу зразумела – COVID. Каб не рызыкаваць і сваім здароўем, і здароўем сям’і і калег, адправілася да ўрача. Далей усё па адпрацаваным алгарытме: на прыём праз так званую брудную зону, агляд урача, прызначанае лячэнне, бальнічны ліст, аналізы. І калі першы раз здымак лёгкіх паталогій не выявіў, было спадзяванне, што ўсё абыдзецца звычайнай прастудай ці проста сезоннай ВРВІ. У маім выпадку хвароба выбрала іншы сцэнарый. На чарговым здымку – двухбаковая пнеўманія. А разам з дыягназам накіраванне на шпіталізацыю ў стацыянар Ляхавіцкай ЦРБ. Аказалася адным з 24 пацыентаў інфекцыйнага аддзялення.
– Не хвалюйцеся, будзем лячыцца. Усё павінна быць добра, – пасля такіх слоў загадчыка інфекцыйнага аддзялення Арцёма Кабушкі і сапраўды стала спакойней.
І потым кожны дзень усведамлялася, што сапраўды хваробу можна перамагчы разам – пацыенту і медыкам. Кожную раніцу ўрачэбны абход, вымярэнне ціску і ўзроўню кіслароду ў крыві, апытанне пра самаадчуванне. Абавязкова вечарам забягае дзяжурны ўрач, зноў жа цікавіцца самаадчуваннем, адказвае на пытанні. Усё ветліва, уважліва – лечаць прафесіяналы. Хаця па ўзросце ўсім ім яшчэ і
30 гадоў няма.
Яшчэ адна важная акалічнасць: на любым этапе – ці то на прыёме ў паліклініцы, ці падчас лячэння ў стацыянары – ніякай панікі з боку медперсаналу. І такая атмасфера толькі на карысць паспяховага лячэння і настрою пацыентаў. На практыцы пацвярджаецца сказанае галоўным урачом ЦРБ Георгіем Хлябовічам:
«Мы дасканала адпрацавалі алгарытм дзеянняў на кожным адрэзку барацьбы з каранавірусам. Кожны адказвае за свой участак. А задача адміністрацыі – забяспечыць усім неабходным: лякарствамі, кропкамі падачы кіслароду, антысептыкамі, сродкамі індыві-дуальнай абароны і г. д.».
Асаблівая размова пра работу медсястрычак.
Верх майстэрства ў поўным супрацьвірусным абмундзіраванні ставіць кропельніцу. Паспець некалькі разоў забегчы ў кожную палату, пацікавіцца станам здароўя, пераканацца, што ўсё ў парадку, а яшчэ і падбадзёрыць – і так на працягу сутак дзяжурства. Старшая медсястра інфекцыйнага аддзялення Алена Бяліцкая не толькі пацікавіцца здароўем, але і пакажа, як правільна ляжаць на жываце, што добра для лёгкіх.
Дарэчы, добрую падтрымку аказваюць цяпер у стацыянарах і тыя медработнікі, якія звычайна працуюць у фізіятэрапеўтычным аддзяленні. Яны цяпер выконваюць ролю суправаджаючых на здымкі лёгкіх, працэдурных медсясцёр – работы хапае ўсім. Клапоцяцца, стараюцца, каб было стэрыльна, чыста, бяспечна прадстаўнікі малодшага медыцынскага персаналу. Дзякуй і раздатчыцам, сёстрам-гаспадыням – яны ў адказе за камфорт пацыентаў.
У чаканні чаргі за кантрольным фотаздымкам лёгкіх давялося пачуць нямала расказаў пацыентаў: як яны захварэлі, як іх лячылі і, канешне, уражанні ад работы ўрачоў і медсясцёр.
– Што за доктар Алег Сяргеевіч Арлоўскі, такі ўважлівы. Шчасце, што трапіў да яго. Лічы, вярнуў мне жыццё, – заўважае пажылы мужчына.
– Нас з мужам лячыў Андрэй Андрэевіч Пуцілаў. Кантраляваў, каб выконвалі ўсе рэкамендацыі. Па некалькі разоў усё растлумачваў пра хваробу, – далучаецца да размовы ляхавічанка.
Супрацоўнікі рэнтгеналагічнага аддзялення – яшчэ адны героі ў барацьбе з каранавірусам. Кожны дзень на здымак лёгкіх трапляюць па некалькі дзясяткаў хворых. Кожны здымак трэба расшыфраваць і адсачыць дынаміку, як праходзіць лячэнне. Тут майстар-клас у надзвычайных умовах паказвае каманда прафесіяналаў на чале з загадчыкам аддзялення Сяргеем Памазанскім. Увогуле, яго тактоўнасць, уменне падабраць словы для кожнага хворага – прыклад урачэбнай этыкі.
Пасля выпіскі са стацыянара пацыент з дыягназам COVID-19 звычайна адпраўляецца на амбулаторнае далечванне і самаізаляцыю.
На другі дзень пасля выпіскі дамоў прыехала брыгада ў складзе ўрача і медсястры ў поўнай амуніцыі. Выслухалі скаргі, удакладнілі далейшы распарадак і пажадалі выздараўлення – амбулаторнае лячэнне прадаўжаецца.
Па словах медыкаў, узровень каранавіруса пакрысе змяншаецца, адпаведна скарачаецца колькасць ложка-месцаў для хворых на гэту інфекцыю, установы аховы здароўя паступова пераходзяць на звычайны рэжым работы. Але заспакойвацца яшчэ рана, правілы перасцярогі ніхто не адмяняе. Не забывайце пра элементарную бяспеку – беражыце сябе і сваіх блізкіх. Лепш паспрабаваць супрацьстаяць каранавірусу: лішні раз надзець маску, апрацаваць рукі, не забываць пра сацыяльнае дыстанцыраванне. Дакладна вядома: ёсць прыёмы і супраць «кароны».

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.