Пра слова і справу

На гэтым тыдні ў Віцебску чарговы раз сабраліся самыя яркія прадстаўнікі эстрады. Прывітанне, «Славянскі базар!».
Віншаванні з лёгкай ноткай зайздрасці – стобальнікам ЦТ. Па беларускай мове на вышэйшую адзнаку здалі цэнтралізаванае тэсціраванне 78 абітурыентаў. Брава рабятам і педагогам!
Новы высокатэхналагічны апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх пройдзе выпрабаванні на базе РНПЦ дзіцячай хірургіі. Для чаго патрэбны ШВЛ, пасля нядаўняга каранавіруснага націску ведаюць, мусіць, усе. Дзякуй, медыкі, і не хварэйце, землякі!
А якія навіны чытаеце вы?
Зрэшты, не гэта самае галоўнае. Яны могуць быць прыемныя ці трывожныя, з нотай крытыкі, навуковыя і гламурныя, глабальныя і мясцовыя… Важна іншае: каб яны былі праўдзівыя, вывераныя і сумленныя. Пра такое патрабаванне да СМІ часта нагадвае Кіраўнік дзяржавы.
І, канешне, менавіта гэтага чакаюць ад нас чытачы: пастаяннай увагі да іх поспехаў, праблем, інтарэсаў, аб’ектыўнага аналізу і перспектыўных анонсаў.
Прафесійны вопыт дазваляе сцвярджаць, што ў абсалютнай большасці землякоў свядомыя і ўстойлівыя жыццёвыя прыярытэты. І на рознага роду прапановы і заклікі яны глядзяць з пазіцый мудрай гаспадарлівасці: ці дапаможа гэта жыць лепш мне і маім дзецям.
Гэтым часам нашы льнозавадчане з абгрунтаванай надзеяй на шчодрыя і якасныя сыравінныя запасы ад відна да відна шчыруюць на льняных палетках. Таму што гэта – гарантыя поўнай загрузкі прадпрыемства да наступнага лета, а значыць – і добрых зарплат тутэйшых працаўнікоў. А яшчэ рэальная перспектыва, што ляхавіцкае льновалакно знойдзе свайго спажыўца і за мяжой, напрыклад, у Кітаі, дзе яго ўжо ацанілі.
Кожная тона назапашаных гэтым часам зялёных кармоў –першакрыніца малочных і, адпаведна, грашовых рэк для тых, хто зай-маецца вытворчасцю малака. Жывёлаводы СВК «Ляхавіцкі», ЗАТ «Белпрампрыбор» і   ААТ «Жарабковічы» сваім прыкладам даказваюць гэта штогод і штодзень.
У СВК «Шлях новы» радуюцца ўраджаю масланасення рапсу: 30 цэнтнераў з гектара – вельмі дастойны паказчык. Для не самага багатага сельгасвытворцы і яго механізатараў– яшчэ адзін шанц зарабіць. У гаспадарцы гэта разумеюць і стараюцца выкарыстаць любую спрыяльную хвіліну.
Дзень-два, і аграрыі Ляхавіччыны масава выйдуць на хлебную ніву. Да самай напружанай сельгаскампаніі – гатоўнасць №1. А,напрыклад, у ДП «Нача» ўжо далі старт збожжаўборцы. Абавязкова пішам! Размова не толькі пра галоўны прадукт на кожным стале, а, у першую чаргу, пра харчовую бяспеку краіны і яе незалежнасць ад спекулятыўных настрояў і спроб.
Усё згаданае і многае іншае – і ёсць патрыятызм, клопат пра ўпэўненае заўтра і самы канкрэтны ўклад у тое, каб краіна квітнела, каб беларусы станавіліся больш заможнымі.
Магчыма, камусьці такі дзелавы і канструк-тыўны электаральны настрой падаецца недэмакратычным і непрагрэсіўным. Ну што зробіш: ёсць такія «таварышы», якім чужы спакой не дае спакою. Адсюль фэйкі, правакацыі, падбухторванні да супрацьзаконных учынкаў… Гэтую б энергію ды ў карыснае рэчышча! Колькі яшчэ куткоў па ўсёй краіне патрабуюць добраўпарадкавання. Глядзіш, уласнымі рукамі прыбраўшы смецце вакол сябе, многія стануць лепш бачыць прыгожае, заўважаць станоўчае і тое, што сапраўды патрабуе выпраўлення.
А там і на газетныя старонкі трапіць недалёка. Акрамя крымінальных зводак, у нас нямала цікавых і папулярных рубрык для тых , хто жыве па сумленні. Напішам з натхненнем.

Святлана СТЫКУЦЬ.