Тэст на каманду. Гэты тэст паспяхова здаў калектыў клініка-дыягнастычнай лабараторыі Ляхавіцкай ЦРБ

Для невялікага (тры ўрачы, 14 фельчараў-лабарантаў, тры санітаркі) калектыву клініка-дыягнастычнай лабараторыі Ляхавіцкай ЦРБ пандэмія каранавіруса стала своеасаблівай праверкай на прафесіяналізм, уменне працаваць у надзвычайных сітуацыях. І хоць барацьба з COVID-19 прадаўжаецца, сёння ўжо можна гаварыць, што экзамен медыкі гэтага падраздзялення здалі на выдатна.
Хаця, што таксама не сакрэт,  і ў дакаранавірусны перыяд лабараторыя забяспечвала выверанае, дасканалае выкананне агульнаклінічных, гематалагічных, біяхімічных, імуналагічных даследаванняў як для стацыянара, прыёмнага пакоя, так і для паліклінікі, а таксама падчас выязных медаглядаў, напрыклад, ва ўстановах адукацыі. За мінулы год праведзена амаль 800 тысяч даследаванняў, сёлета за 6 месяцаў – 360 тысяч.


– Дзякуй усім без выключэння за адданасць, неабыякавасць, падтрымку, дапамогу, уменне сабрацца ў складанай сітуацыі і працаваць, не шкадуючы сіл і часу. Ніколі і ніхто не паскардзіўся, што яму цяжка, што жадае звольніцца. Ганаруся, што працую ў такім калектыве, – не шкадуе добрых і шчырых слоў пра калег загадчыца лабараторыі Таццяна Свінабурка.
Як і па ўсёй райбальніцы, работа ў клініка-дыягнастычнай лабараторыі падчас каранавірус-най эпідэміі была рэарганізавана. Два фельчары-лабаранты прай-шлі тэрміновае перанавучанне.
Місія браць аналіз на ПЦР (дазваляе вызначыць прысутнасць у арганізме чалавека каранавіруснай інфекцыі) па ўсіх правілах даверана вопытным супрацоўнікам, якія шмат гадоў у медыцынскай прафесіі і паказалі сябе толькі з лепшага боку, – Святлане Ляскала і Алене Бялко.
– Калі колькасць захварэлых значна павялічылася, да забору мазкоў далучыліся і медработнікі з амбулаторый урача агульнай практыкі, – адзначае загадчыца лабараторыі.


Для зручнасці пацыентаў і для захавання санітарных нормаў забор біялагічнага матэрыялу для разнастайных лабараторных даследаванняў быў арганізаваны як у чыстай, так і ў бруднай зонах паліклінікі. Акрамя таго, у лабараторыю для далейшых апрацоўкі і расшыфроўкі паступалі і аналізы, ўзятыя ў аддзяленнях стацыянара, дзе лячыліся ў тым ліку і хворыя з каранавіруснай інфекцыяй. Зразумела, з такім патокам неабходна было спраўляцца хутка.
Асвоілі тут і новую методыку работы з экспрэс-тэстамі на даследаванне крыві на наяўнасць у арганізме чалавека антыцелаў IgG/ IgM да каранавіруса. У асноўным гэтым даследаваннем займалася Таццяна Свінабурка. Урач кожную дозу правярала ашчадна і дакладна, разумела: ад атрыманай інфармацыі залежыць і пастаноўка дыягназу – ці хварэе чалавек на COVID-19, ці змагаецца яго імунітэт з інфекцыяй і наколькі далёка зайшоў працэс, што важна, у тым ліку і для тэрміну, на які выдаецца часовы лісток непрацаздольнасці. Тэсціраванне крыві на наяўнасць антыцелаў вялося амаль кругласутачна. Акрамя Таццяны Іванаўны, методыку работы з тэстамі асвоілі фельчары-лабаранты Людміла Свістун, Алеся Занько, Вікторыя Захарыч, Галіна Булдыга. Яны паспявалі не толькі апрацоўваць біяматэрыял, каб як мага хутчэй урачы атрымалі вынікі даследавання,але і адпраўлялі справаздачы на Брэст.


– У пік захворвання на каранавірусную інфекцыю ў суткі апрацоўвалі да 80 тэстаў. Для параўнання, цяпер – 10-15. Зразумела,
якая высокая нагрузка была на кожнага работніка. Тым больш ніхто не адмяняў і іншыя лабараторныя даследаванні, важныя ў тым ліку і для лячэння «кавідных» пацыентаў – біяхімічны і гемата-лагічны аналізы крыві, якія дазваляюць урачам сачыць за дынамікай развіцця хваробы ў пацыентаў, выяўляць ускладненні, пры пагаршэнні стану – прызначаць больш інтэнсіўнае лячэнне.
Удзячна маім калегам-урачам Галіне Сушко і Людміле Старавойтавай, якія выкладаліся па поўнай. А старшы фельчар-лабарант Ала Мацкевіч увогуле так змагла наладзіць работу сярэдняга медыцынскага персаналу, што ніколі не ўзнікала праблем ні з арганізацыяй дзяжурства, ні з заменамі, – гаворыць загадчыца лабараторыі.
На пытанне, ці было страшна за ўласнае здароўе, здароўе сваіх падначаленых, Таццяна Іванаўна адказвае:
– Спачатку была пэўная нявызначанасць, бо інфекцыя новая, амаль што невядомая. Відавочна было адно – нельга панікаваць. Кіраўніцтва райбальніцы адразу распрацавала алгарытм дзеянняў кожнага падраздзялення. Адчувальным быў і клопат як пра бяспеку пацыентаў, так і медперсаналу – праводзіліся ў экстранным рэжыме супрацьэпідэмічныя меры. З цягам часу значна палепшылася і забяспечанасць сродкамі індывідуальнай абароны для медыкаў – касцюмамі, маскамі, бахіламі, пальчаткамі. Для нашай лабараторыі – гэта асабліва важна.
Галоўны ўрач ЦРБ Георгій Хлябовіч у сваім меркаванні наконт работы клініка-дыягнастычнай лабараторыі адназначны:
– Як дзейнічалі супрацоўнікі клініка-дыягнастычнай лабараторыі – прыклад работы ў экстрэмальных умовах, калі аператыўнасць і канцэнтрацыя – вызначальныя. Усе – ад загадчыцы да санітаркі – разумелі ступень адказнасці, ускладзенай на іх, і прыкладалі ўсе намаганні, каб працаваць аператыўна і выверана, бо ў тым ліку ад гэтага залежаць і эфектыўнасць лячэння, і здароўе, і жыццё пацыента.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.