Дарыце падарункі дзецям. «Беларусбанк» парадаваў юных ляхавічан чарговай забаўляльнай абноўкай

Ці заўважылі, як наш горад за апошнія гады змяніўся і памаладзеў, колькі з’явілася цікавых кропак, якія прыцягваюць ляхавічан і гасцей?! Можна складаць маршрут прагулкі і крочыць з задавальненнем па вуліцах, спыняцца за чарговай порцыяй уражанняў.

Асобным радком сярод прыгажосці і зручнасці, створанай для землякоў, – увага да дзяцей. Для іх у раёне робіцца многае, у тым ліку добраўпарадкуюцца месцы адпачынку, устанаўліваюцца дзіцячыя пляцоўкі. Наяўнасць гульнявой зоны – гэта, у тым ліку, клопат пра здароўе, развіццё хлопчыкаў і дзяўчынак. Летась камунальнікі ў райцэнтры ўстанавілі тры арэлі і горку. Сёлета абсталявалі дзіцячыя пляцоўкі па пяці адрасах раёна.
Сучасны дзіцячы гарадок створаны ў парку адпачынку па вуліцы Дзесюкевіча ў райцэнтры. Змяненні тут адбыліся па ініцыятыве райвыканкама. Перазагрузка пачалася з перадачы парка на баланс камунальнікаў. На капітальныя перамены сродкі выдаткаваны з мясцовага бюджэту.

У Год малой радзімы ў дабрачыннай справе лічаць за гонар
паўдзельнічаць нераўнадушныя жыхары раёна. Важкі фінан-
савы ўдзел, у тым ліку, прыняло ТАА «Санта Рытэйл». Адзін з дзіцячых гульнёвых комплексаў у парку набыты за спонсарскую дапамогу кампаніі.
Напрыканцы вясны камунальнікі, да маючых дзвюх, устанавілі ў парку трэцюю дзіцячую пляцоўку – гэта падарунак гораду ад «Беларусбанка» ў рамках праграмы сацыяльнага развіцця ААТ «ААБ Беларусбанк» . Памер спонсарскай дапамогі склаў 32000 рублёў. Яшчэ адзін бонус ад банкіраў – арэлі для вясковых рабят. Зараз атракцыёны радуюць дзятву ў Тухавічах і Русінавічах, у райцэнтры па вуліцы Будаўнікоў.
Начальнік філіяла № 100 ААТ «ААБ Беларусбанк» – Брэсцкага абласнога ўпраўлення Уладзімір Меша пасля сустрэчы з калектывам цэнтра банкаўскіх паслуг №117 пабываў у мінулы аўторак у парку, каб упэўніцца ў запатрабаванасці дзіцячага аб’екта. Тады і адбылося сімвалічнае адкрыццё дзіцячай пляцоўкі з удзелам кіраўніцтва раёна на чале са старшынёй райвыканкама Аляксандрам Камінскім.


Інвестыцыі ў дзяцей – самы надзейны ўклад. У Год малой радзімы падарунак сімвалічны, з намёкам для моладзі: будуйце сваю будучыню на роднай зямлі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.