Прафсаюзы – сінонім актыўнасці

Прафсаюзы імкнуцца актыўна ўдзельнічаць практычна ва ўсіх значных падзеях і мерапрыемствах, што адбываюцца ў краіне, у тым ліку ў важных палітычных кампаніях. Выбары Кіраўніка Беларусі – не выключэнне. Сваю вывераную пазіцыю на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбудуцца 9 жніўня, мы, прадстаўнікі аднаго з уплывовых грамадскіх рухаў краіны, выказалі аднагалосна на чарговым пленуме Федэрацыі прафсаюзаў краіны з удзелам 400 дэлегатаў.
Прафсаюзы выступаюць за тое, каб Беларусь нарошчвала тэмпы развіцця ва ўсіх галінах і далей развівалася ў эканамічнай, сацыяльнай сферах. Сёння пра здабыткі і дасягненні ў гэтых накірунках гаворыць рост дабрабыту грамадзян, паспяховае развіццё рэгіёнаў, прычым гэта тычыцца не толькі сталіцы, абласных цэнтраў, але і невялікіх гарадоў, вёсак. Для прафсаюзаў такія акалічнасці асабліва важныя. Абарона інтарэсаў працоўных – так коратка можна акрэсліць тое, чым займаецца наша аб’яднанне. А гэта і абарона правоў, і забеспячэнне сацыяльных гарантый, стварэнне ўмоў для бяспечнай працы і актыўнага адпачынку і яшчэ многае іншае.
Маладым паўсюдна дарога, пажылым – заўжды пашана –
гэта таксама пра Беларусь. Хуткімі тэмпамі развіваюцца прамысловасць і сельская гаспадарка. А колькі зроблена ў адукацыі, культуры, пашырэнні турыстычнага патэнцыялу. Сітуацыя з каранавірусам пацвердзіла: медыцына ў Беларусі на самым высокім узроўні, і гэта ў многім дзякуючы істотнай дзяржаўнай падтрымцы. Пашыраюцца магчымасці і для тых, хто жадае займацца ўласнай справай ці весці асабістую падсобную гаспадарку. З кожным годам расце аўтарытэт нашай дзяржавы на міжнароднай арэне.
І наша Ляхавіччына становіцца ўсё больш добраўпарадкаванай, прыгожай, адметнай, павышаецца якасць жыцця людзей.
Каб так было заўжды, неабходна зрабіць свой выбар на карысць уплывовага, аўтарытэтнага Прэзідэнта. Буду галасаваць за згоду, мір, спакой, дабрабыт і шчаслівае заўтра. Мне як грамадзяніну і як старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў неабыякавая будучыня краіны, а значыць – маёй сям’і, блізкіх, сяброў, землякоў. Адзін раз у пяць гадоў кожны свядомы беларус прыходзіць на выбарчыя ўчасткі для таго, каб прыняць лёсавызначальнае рашэнне. Галасуючы, мы выбіраем не толькі лідара дзяржавы, але і адабраем яго праграму палітычнага, эканамічнага і сацыяльнага развіцця краіны. Што можа быць важней такога гістарычнага выбару?
Тамара ПРАКАП’ЮК,
старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў.