Правераныя агнём. На Шчэрбаўскім ПАВП службу нясуць сапраўдныя прафесіяналы

Размешчаны не на цэнтральнай вуліцы ў Шчэрбаве, але добра вядомы мясцоваму насельніцтву – ПАВП № 14. Тут кругласутачна нясуць баявое дзяжурства прафесіяналы-выратавальнікі. Калектыў паста – восем чалавек.

Заступаюць на вахту, калі няма яшчэ васьмі гадзін раніцы. Правяраюць спраўнасць пажарнага абсталявання і
тэхнікі, а пасля распарадак па статуце – на 24 гадзіны. Тэрыторыя ўвагі супрацоўнікаў Шчэрбаўскага ПАВП – вёскі Гута, Крывошын, Падбарочча і іншыя. Выязджаюць пры неабходнасці ў бліжэйшыя населеныя пункты Баранавіцкага раёна. Службу на пасту адначасова нясуць два чалавекі, для якіх паняцці сяброўства, узаемападтрымка і надзейнасць – не пустыя словы.


Калі завітаў «ЛВ», у змене працавалі камандзір аддзялення Аляксандр Кісляк і вадзіцель Дзмітрый Ліхач (на здымку). Абодва ў прафесіі не навічкі – гатовы да любых надзвычайных сітуацый і выехаць на месца здарэння імгненна. За час сумеснай службы навучыліся разумець адзін аднаго нават па позірку і жэстах. Прыгадваюць моманты з пажараў: як выратавалі маці з сынам, як змагаліся сёлета з паламі сухой травы. Расказ становіцца асабліва эмацыянальным, калі ўспамінаюць сітуацыю з раўнадушшам вяскоўцаў: тыя выклікалі пажарных на тушэнне травы на плошчы…
менш метра і назіралі за працэсам. Эмэнэснікам давялося імчаць з аднаго здарэння, падганялі думкі, што можа быць пагроза жылому дому.
…У «гаспадарцы» ПАВП маецца і свая жыўнасць – сабака з «пажарнай» мянушкай Гідрант – вартаўнік дбайны і надзейны. Сярод іншых аб’ектаў – незаменны турнік: фізпадрыхтоўка ў пажарных-выратавальнікаў – галоўны пункт у парадку дня, ёсць нават нарматывы на прафпрыгоднасць.
У эпіцэнтры самых розных сітуацый не раз аказваліся і іншыя супрацоўнікі шчэрбаўскай пажарна-выратавальнай каманды, пры гэтым дэманстравалі высокае майстэрства і вытрымку: Віктар Янушкевіч, Дзмітрый Жук, Аляксандр Заплёцін. Аляксандр да ўсіх прафесійных якасцяў яшчэ і творчымі вызначаецца. Ляхавічанам прыйшліся даспадобы графіці з гаспадарлівымі янотамі. Зараз распісвае на пажарную тэму сцяну будынка паста.
Нядаўна ўліліся ў калектыў Віктар Паляшчук і Данііл Лашук.
Начальнік ПАВП № 14 Вадзім Дыдышка адзначае, што выпадковыя людзі ў выратавальніках не затрымліваюцца. Работа ў МНС па вызначэнні звязана з рызыкай, патрабуе вялікай адказнасці і працы, у тым ліку – над сабой.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.