Поезд з маладзёжным натхненнем. Навучэнец ЛДАКа стаў удзельнікам рэспубліканскага маладзёжнага праекта «#Беларусь. Моладзь. Натхненне» 

У топе самых яркіх навін – рэспубліканскі маладзёжны праект «#Беларусь. Моладзь. Натхненне», які стартаваў на Славянскім базары ў Віцебску. Поезд з энергічнымі, таленавітымі, паспяховымі навучэнцамі, валанцёрамі, спартсменамі, блогерамі – юнакамі і дзяўчатамі рознага узросту, прафесій з усіх рэгіёнаў краіны – пераадолеў ужо не адну сотню кіламетраў. Сярод вялікай каманды пасажыраў і навучэнец Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа Сяргей Улас. Сяргей дзеліцца з «ЛВ» сваімі ўражаннямі:

– Гэта грандыёзна і вельмі маштабна. Лічу, мне выпаў шчаслівы білет прыняць удзел у падарожжы такога ўзроўню. У кожным горадзе нас сустракаюць як самых дарагіх гасцей.
З Віцебска адправіліся ў Шклоў, пасля ў Магілёў, натхніліся Гомелем, прыбылі ў Пінск, прадоўжылі маршрут у Брэсце. За сем дзён пабываем у дзевяці гарадах. Кожны населены пункт прыгожы і цікавы па-свойму, мае сваю адметнасць. А людзі якія – шчырыя, светлыя і таленавітыя. Кожны прыпынак – цікавыя і хвалюючыя сустрэчы, абмен думкамі і меркаваннямі. Падчас адкрытага дыялога выказваецца шмат пажаданняў і парад. Запомніліся словы, што мы, моладзь, – будучыня краіны, і ад нас залежыць, якім будзе заўтрашні дзень. Каб дасягнуць вяршынь, трэба многа працаваць. Лёгка нічога не даецца.
Нашу паездку суправаджаюць экскурсіі, наведваем знакавыя аб’ек-ты, дарагія для кожнага беларуса месцы. Брэсцкая крэпасць, Буйніцкае поле – у мемарыяльных комплексах разумееш, што давялося пераадолець савецкаму народу ў гады Вялікай
Айчыннай вайны на шляху да Перамогі. Сучасная моладзь памятае пра подзвіг герояў.
Знаёмімся і з грамадска значнымі ініцыятывамі. Да іншых імянных лавак у гарадскім садзе ў Брэсце дабавілася і лаўка БРСМ з надпісам «Мы зрабілі гэта разам!». Праект наглядна ўсім прадэманстраваў, што толькі разам магчыма дасягнуць многага.
Наогул, шмат падзей з падарожжа застанецца прыгожымі ўспамінамі, многае з пачутага для мяне, ды і, упэўнены, для іншых, стане жыццёвым арыенцірам і дэвізам.
Праект «#Беларусь. Моладзь. Натх-ненне», ініцыяваны Міністэрствам адукацыі, БРСМ і Беларускай чыгункай.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота з архіва Сяргея УЛАСА.