Да мікрафона запрашаюцца…«Адкрыты мікрафон» даў старт сезонным вечарам у Ляхавічах

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Што моладзь чакае ад лета? Безумоўна, эмоцый, тых цёплых момантаў, якія пасля будуць яшчэ доўга саграваць незабыўнымі ўспамінамі і станавіцца прадметам размовы ў суправаджэнні слоў «А памятаеце, як мы разам…». Такімі сюжэтамі расквечваецца наша жыццё. Хочацца спадзявацца, што і гэта музыкальная традыцыя, што прапісалася каля кінатэатра «Кастрычнік», апынецца ў разрадзе самых яркіх летніх успамінаў. Наш «Адкрыты мікрафон» даў старт сезону музычных вечароў у райцэнтры.

Першая вакальная сустрэча ў гэтым годзе прайшла не зусім традыцыйна. Арганізатары «Адкрытага мікрафона» – райкам БРСМ і Маладзёжны парламент пры Ляхавіцкім раённым Савеце дэпутатаў – запрасілі на музыкальны батл. У левым баку – смелыя «90-я», у правым – дзёрзкая сучасная творчасць.
Такі варыянт вячэрняга адпачынку ляхавіцкай моладзі даспадобы. Гэта пацвярджалі і адсутнасць свабодных месцаў, вялікая колькасць жадаючых паказаць свой талент іншым, і актыўнасць землякоў.
Тое, наколькі добра ведаюць ляхавічане сваю малую радзіму, пратэсціравала віктарына. Што змянілася за апошні час, што адкрылася, што пераўтварылася, дзе разгарнуўся музей пад адкрытым небам, на якой вуліцы размясціўся будынак у вышыванцы, дзе б’ецца жалезнае сэрца горада. За правільныя адказы – білет на сеанс у абноўлены «Кастрычнік».
У адзін голас ляхавічане назвалі самы класны горад для жыцця. І разам з земляком Юрыем Грынём праспявалі такую знаёмую і любімую песню «Мой горад Ляхавічы».
А пасля каманды сышліся ў музыкальным батле. На хіты 90-х моладзь адказвала сваімі сучаснымі трэкамі. Публіка не заставалася ў баку і падтрымлівала ўсіх выканаўцаў.
Сапраўдны майстар-клас паказала «Каманда маладосці нашай» – свае хіты выканалі ўдзельніцы народнага клуба ветэранаў «Сівізна». Яны прымусілі публіку не толькі падтрымаць іх апладысментамі, але гучна заспяваць і пусціцца ў скокі.
Здаецца, «Адкрыты мікрафон» даўно сцёр узроставыя межы, ды і да статуса прыбавілася. Цяпер на караоке-сустрэчу прыходзяць сем’ямі – і гэта не можа не радаваць. Больш таго, пашыраецца і геаграфія ўдзельнікаў: сталічныя госці ў захапленні ад мерапрыемства.
Прымалі віншаванні з галоўнай падзеяй лета выпускнікі-2020.
Самыя актыўныя і творчыя атрымалі падарункі ад райкама БРСМ.
Душэўна, цёпла, шчыра – гэта пра мінулую суботу, якая, хочацца верыць, толькі натхніць на новыя сустрэчы, караоке-батлы, вечарынкі… Галоўнае – жаданне, а далей усё зробіць энергія маладых і таленавітых.

У ТЭМУ

«Адкрыты мікрафон», які прайшоў у мінулую суботу, сабраў мноства таленавітых землякоў, у асноўным – моладзь. Гледзячы на тое, як яны з задавальненнем адказвалі на пытанні пра свой любімы горад, пра яго змяненні і пераўтварэнні, думалася: вось масавае мерапрыемства, моладзь шуміць, весяліцца, сем’і з малымі прыйшлі падтрымаць спевакоў, ды і прадстаўнікі шаноўнага ўзросту ўбаку не засталіся, і гэта ўсё так прыгожа і гарманічна, асабліва ў кантэксце апошніх падзей. Моладзі трэба праводзіць час так, каб усвядоміць, што мірна і бяспечна можна выйсці на вуліцы роднага горада, нікому не перашкаджаць, а, наадварот, зарадзіць сваёй здаровай энергіяй. Сапраўды, свае меркаванні, думкі, пачуцці можна выражаць вось так – творча і крэатыўна. Гэта было,
у нейкім плане, прамым доказам рэалізацыі сваіх канстытуцыйных правоў.
І гэта не масоўка – а самая сапраўдная масавасць.
І паверце, ніякіх людзей у форме, забароны збірацца разам ці гучна падтрымліваць выканаўцаў, не было. Тут працуе адзін алгарытм: не парушай правапарадак і правы іншых грамадзян. І – калі ласка.
Ці ж не пра гэта мараць у здаровым грамадстве? Моладзь павінна самым актыўным чынам прымаць удзел ва ўсіх грамадска-палітычных падзеях краіны. І калі гэты ўдзел добраахвотны, усвядомлены, выхаваны – такі, як паказалі нашы маладыя ляхавічане, – тады і іншыя непрыемнасці, што вельмі любяць правакаваць і падаваць у выгадным для іх плане фэйкі ці так званыя «неканструкцыйныя» сродкі масавай інфармацыі, узнікаць не будуць. Выбар кожнага, што глядзець, чытаць, слухаць, за кім пайсці, як правесці вольны час. Прыкладаў шмат.
Прыадкрыю тайну: мала юнакам і дзяўчатам такой пляцоўкі, жадаюць пашырацца. Лепш свае энергію і запал выкарыстаць у патрэбнай справе, накіраваць у тое рэчышча, каб і іншым было класна, і сама моладзь адчувала задавальненне ад зробленага. Магчыма, плануемы маштабны  фестываль open-air  у жніўні з ляхавіцкай прапіскай чарговы раз збярэ маладых землякоў на масавае мерапрыемства –творчае, класнае, бяспечнае.