На ўчастках чакаюць кожнага выбаршчыка. Усе 29 участкаў для галасавання ў Ляхавіцкім раёне поўнасцю гатовы для прыёму выбаршчыкаў
Лічаныя дні застаюцца да таго моманту, калі беларусам належыць прыйсці на выбарчыя ўчасткі і зрабіць важны палітычны выбар. 9 жніўня ў краіне пройдуць выбары Прэзідэнта.
За апошнія месяцы праведзена вялікая арганізацыйная работа. Сёння ўсе 29 участкаў для галасавання ў Ляхавіцкім раёне поўнасцю гатовы для прыёму выбаршчыкаў: устаноўлена неабходнае абсталяванне, аформлены куткі выбаршчыкаў, удакладнены спісы выбаршчыкаў, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Пачынаючы з мінулай пятніцы, можна прыйсці на свой выбарчы ўчастак, каб пераканацца, што ваша прозвішча ўнесена ў спісы выбаршчыкаў, і праверыць, ці ўсе вашы даныя ўказаны правільна.
Для прыёму выбаршчыкаў з 24 ліпеня па 3 жніўня ва ўчастковых камісіях арганізавана дзяжурства: у гарадскіх – з панядзелка па пятніцу з 17.00 да 19.00, у суботу з 12.00 да 14.00, нядзеля – выхадны; у размешчаных у сельскай мясцовасці – з панядзелка па пятніцу з 15.00 да 17.00, у суботу з 12.00 да 14.00, нядзеля – выхадны.
Ужо на наступным тыдні пачнецца датэрміновае галасаванне. Яно прадугледжана для зручнасці тых, хто ў асноўны дзень галасавання па нейкай прычыне не зможа прыйсці на ўчастак. З аўторка 4 жніўня і па суботу 8 жніўня ўключна выканаць свой грамадзянскі абавязак можна ў любы час з 10.00 да 14.00, з 16.00 да 19.00. А ў дзень выбараў 9 жніўня прагаласаваць можна з 8.00 па 20.00.
У беларускім выбарчым заканадаўстве для пэўных катэгорый грамадзян прадугледжана галасаванне з выездам па месцы жыхарства. Для тых, хто па стане здароўя ці іншых уважлівых прычынах не можа ў дзень выбараў сам прыйсці ў памяшканне для галасавання, гэта не проста зручнасць, а часцяком адзіная магчымасць рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права выбіраць. Звяртацца з просьбай арганізаваць галасаванне на даму неабходна ў сваю ўчастковую камісію. Прымаюцца і пісьмовыя, і вусныя просьбы, іх можна перадаць у камісію, напрыклад, праз сваякоў, суседзяў, сацыяльных работнікаў. Варта памятаць, што галасаванне па месцы знаходжання выбаршчыка не арганізуецца пры датэрміновым галасаванні – толькі ў дзень выбараў.
Нагадаю яшчэ адну важную акалічнасць. Цэнтральнай камісіяй Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў вызначана, што бюлетэнь для галасавання выдаецца выбаршчыку на падставе спіса грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах, пры прад’яўленні дакумента. Ім можа быць, акрамя пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, ваенны білет (для ваеннаслужачых тэрміновай службы); службовае пасведчанне работніка дзяржаўнага органа (арганізацыі); вадзіцельскае пасведчанне; пенсійнае пасведчанне або пасведчанне інваліда (пры наяўнасці ў ім фотаздымка); даведка органа ўнутраных спраў, што сведчыць асобу грамадзяніна ў выпадку страты пашпарта.
Сёлета галасаванне арганізуецца з улікам эпідэміялагічнай сітуацыі. З мэтай папярэджання распаўсюджання рэспіраторных інфекцый выбаршчыкам рэкамендуецца пры наведванні ўчастка для галасавання карыстацца ахоўнай маскай і пальчаткамі, можна карыстацца сваёй ручкай для запаўнення бюлетэня. На кожным участку забяспечана наяўнасць дэзсродкаў для апрацоўкі рук, паверхняў і памяшканняў для галасавання.
Зараз праходзіць надзвычай адказны этап выбарчай кампаніі – агітацыя. Кандыдаты ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь і іх давераныя асобы сустракаюцца з выбаршчыкамі. А задача апошніх – ацаніць праграмы і прапановы кандыдатаў, іх бачанне развіцця краіны, вызначыцца са сваімі перавагамі і прыярытэтамі, каб абавязкова прыйсці на ўчастак і аддаць свой голас за самага дастойнага. Падкрэслю: на ўчастках для галасавання чакаюць кожнага выбаршчыка.
Падчас падрыхтоўкі да выбараў і іх правядзення ў выбаршчыкаў могуць з’явіцца тыя ці іншыя пытанні, магчыма, узнікнуць і спрэчныя сітуацыі. У такіх выпадках раённая выбарчая камісія заклікае вырашаць усе іх спакойна і канструктыўна.
Наталля МАЦКЕВІЧ, намеснік старшыні Ляхавіцкай раённай
выбарчай камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.