Вопытны варыянт. На Ляхавіччыне працуюць студэнцкія атрады
Студэнцкі атрад імя Арлоўскага за час працы ў ДП «Нача» адзначыўся сур’ёзнымі справамі. З 20 па 31 ліпеня
26 юнакоў і дзяўчат – большасць з іх навучэнцы ЛДАКа – фарбавалі агароджу, займаліся добраўпарадкаваннем тэрыторыі, збіралі салому, праполвалі градкі і г. д. Працоўны маршрут праходзіў праз фермы, зерняток, мясцовую гістарычную славутасць – палацава-паркавы ансамбль Чарноцкіх – і іншыя аб’екты. Намеснік дырэктара ДП Галіна Рамейка студатрадаўскіх байцоў характарызуе як добрасумленных і адказных. Адзначае, што многія з іх папрасіліся ў сельгаспрадпрыемства на практыку. За добрую работу кіраўніцтва гаспадаркі падрыхтавала сваім студатрадаўцам салодкі стол.
Камандзір атрада Кацярына Кавальская дзеліцца, што
12 дзён прабеглі незаўважна, і настрой у іх баявы. У гаспадарцы адносіліся да іх, як да калег. Каця вучыцца на ветэрынара, а тут давялося пазнаёміцца з агранамічнымі ўменнямі: праводзілі відавую апрацоўку на насенных участках збожжавых. Трэцякурсніца Анастасія Лобава дапаўняе сяброўку: працаваць было цікава, штодзень – новы від дзейнасці. Адным словам, засвойвалі працоўныя навыкі дарослага жыцця.
У адзін з дзён першы сакратар райкама ГА БРСМ Яўгеній Сініла арганізаваў для начаўскага студатрада экскурсію ў Грушаўку.
– Атрад зводны, і некаторыя рабяты не мясцовыя. Таму, думаю, ім было цікава даведацца пра гісторыю мясцін, дзе зараз вядуцца маштабныя аднаўленчыя работы. Па водгуках, усім спадабалася. Вядома, што працуецца лепш, калі настрой пазітыўны, – расказаў «ЛВ» Яўгеній Сініла.
Маладзёжны дэсант шчыруе і ў ААТ «Жарабковічы». Тут былі сфарміраваны тры атрады з навучэнцаў ЛДАКа. Рабяты, якія задзейнічаны на КЗС і мелі пасведчанне на ваджэнне аўтамабіля, праявілі сябе і за рулём.
З 27 ліпеня на базе ДРБУ-200 стартаваў працоўны семестр студатрада імя Маргунова. У яго складзе таксама каляджане. Заняты яны навядзеннем парадку на аўтобусных прыпынках па ўсім раёне. У ААТ «Шлях новы» да 4 жніўня школьнікі з Навасёлкаўскай і Дараўскай школ добраўпарадкуюць тэрыторыю гаспадаркі.
Заробленая зарплата, запіс у працоўнай кніжцы, карысныя парады працаўнікоў-прафесіяналаў і ўклад у развіццё гаспадаркі, прадпрыемства, малой радзімы – гэта студэнцкі атрад. А яшчэ новыя сябры, новыя эмоцыі і каштоўны вопыт.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота з архіва Ляхавіцкага райкама БРСМ