Моцнае звяно «БелДана». У «БелДане» Ляхавіцкага раёна мінулы чацвер выдаўся багатым на падзеі

У ЗТАА  «БелДан» мінулы чацвер выдаўся багатым на падзеі – малады камбайнер Павел Канцэлярчык і вадзіцель Сяргей Выдрыч заслужылі пачэснае званне тысячнікаў. Ва ўрочышчы Маскоўшчына (геалакацыя для мясцовых, для гасцей – поле ля Падлаззя) было шматлюдна: герояў жніва віншавалі ўрачыста і шчыра.

Першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік райсельгасхарчу Анастасія Рабцэвіч разам з сардэчнымі пажаданнямі і шчырай удзячнасцю за плённую працу ўручыла падарункі ад раённай улады. Першы сакратар райкама ГА БРСМ Яўгеній Сініла таксама перадаў калезе па маладзёжным аб’яднанні прыемны сюрпрыз. Упрыгожылі ўрачысты момант самадзейныя артысты з ГДК.
Для Паўла Канцэлярчыка поле – як, напрыклад, для токара, станок. Шчыруе на ім з вясны да восені. Спачатку наразае палявыя кіламетры на палоскі, каб пасля роўныя радкі засеяць насеннем. Фінішам становіцца ўборка ўраджаю. І так з сезона ў сезон. Усіх у Паўла іх восем, два ў «БелДане». Летась на Рэспубліканскім форуме сельскай моладзі камбайнер «БелДана» названы сярод пераможцаў бээрэсэмаўскага праекта «Моладзь – за ўраджай!» у намінацыі «маладзёжны экіпаж, які дасягнуў найбольшага намалоту»  і ўзнагароджаны спецыяльным дыпломам III ступені ЦК БРСМ. 
На ўборачнай Пашаў камбайн «плыве» побач з братавым – Пётр Канцэлярчык у «звычайным» жыцці ўзначальвае ўзорны ансамбль эстраднай песні «Пунсовыя агеньчыкі» Востраўскага СДК, а на час уборкі перасядае на камбайн.
На трактары «МТЗ- 3522» з прычэпам аб’ёмам 18 тон вадзіцель-тысячнік Сяргей Выдрыч за дзень накручвае па хлебным маршруце не менш за дзясятак рэйсаў. Гэта яго першае жніво ў гаспадарцы і адразу, як гаворыцца, у яблычак.
Сярод маладых вадзіцеляў днём пазней тысячнага рубяжа ў раёне дасягнуў і паехаў далей Андрэй Калясінскі. Яго ўборачны вопыт са стажам – шчыраваў раней і на камбайне. Мае кваліфікацыю тэхніка-механіка сельскагаспадарчай вытворчасці і характарызуецца як спецыяліст універсальны.
Свае ўзнагароды яны сустрэлі на ўборцы яравога ячменю. Да гэтага механізатары ўбіралі ўраджай азімай пшаніцы і трыцікале.
Плошча жніўнага кліна ў «БелДане» сёлета складае 2325 гектараў. На сельскагаспадарчы каравай тут шчыруюць і камбайнеры Раман Усцінаў і Раман Бародзіч.
Калі працу перавесці на мову лічбаў, то на раніцу панядзелка яны пастараліся ўбраць 910 гектараў. Валавы збор склаў без малога 2600 тон, пры ўраджайнасці 37,1 цэнтнера з гектара.
Дырэктар вытворчага ўчастка – галоўны аграном Аляксандр Сідарэнка планы на ўраджай мае перспектыўныя – уборка толькі пачалася і , калі ўсё складзецца па прагнозе, паказчык будзе вышэй названага і істотна вышэй мінулагодняга. Сельскагаспадарчыя культуры тут вырошчваюць дзеля вытворчасці камбікорму і сваёй прадукцыі. Галоўны аграном падкрэслівае ўклад механізатараў у справу ўраджайную – працуюць зладжана, падтрымліваюць адзін аднаго, у полі з раніцы да позняга вечара. Каб тэхніка не давала збояў, перад кожным выхадам яе правяраюць, рэгулююць. Справу сваю ў «БелДане» ведаюць і ставяцца да яе з павагай.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.