Падарунак са смачным водарам. З зайздросным пастаянствам на Ляхавіччыне з’яўляюцца абноўкі

З зайздросным пастаянствам на Ляхавіччыне з’яўляюцца абноўкі. Чарговая пачала працаваць напрыканцы ліпеня ў вёсцы Крывошын, дакладней, у абласной псіхіятрычнай бальніцы «Крывошын». Тут пасля капітальнага рамонту з мадэрнізацыяй уведзены ў эксплуатацыю харчаблок, аснашчаны новым абсталяваннем. Гэта падраздзяленне – стратэгічна важнае, бо забяспечвае харчаванне пацыентаў, якія праходзяць тут лячэнне.
А магутнасць гэтай установы аховы здароўя разлічана
на 170 ложка-месцаў.

– Адназначна, гэту падзею чакалі з вялікім нецярпеннем з лістапада мінулага года, калі пачаліся работы.
Дзякуй будаўнікам у асобе Ляхавіцкай ПМК-13, уклаліся ў азначаныя тэрміны і, галоў-нае, якасна выканалі ўсё запланаванае. Цяпер харчаблок не пазнаць. Заменены каналізацыйная і вентыляцыйная сістэмы, электраправодка, устаноўлены грузавы пад’ёмнік з падвала ў памяшканне харчаблока. А якое абсталяванне! Новыя пліты, посуд, халадзільнае абсталяванне і шмат чаго іншага. Капрамонт разам з
набыццём абсталявання абышоўся абласному бюджэту ў 1 мільён 292 тысячы рублёў. Прыемна, што дзяржава не шкадуе сродкаў і клапоціцца пра сферу аховы здароўя, – адзначае галоўны ўрач абласной бальніцы «Крывошын» Вольга Монак.
Пакуль ішоў рамонт, стравы для пацыентаў бальніцы гатавалі работнікі тутэйшага харчаблока ў сталовай завода «Металапластмас». Дарэчы, прадпрыемства прадаставіла бальніцы гэту магчымасць бясплатна.
У мінулую пятніцу адбылося ўрачыстае адкрыццё важнага аб’екта. Акрамя работнікаў бальніцы, у ім узялі ўдзел намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Брэсцкага аблвыканкама Дзмітрый Гарагляд, галоўны пазаштатны псіхіятр вобласці Мікалай Скаскевіч, старшыня Ляхавіцкага райвыканкама Аляксандр Камінскі, старшыня раённага Савета дэпутатаў Леанід Калбаса. Гасцінна-музычную атмасферу ства-ралі работнікі клубных устаноў раёна.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.